Філіял расейскай фірмы «Август-Бел» пры падтрымцы дзяржаўнага кіраўніцтва зьбіраецца будаваць у Пухавіцкім раёне заводу па вытворчасьці ядахімікатаў. Жыхары пасёлкаў Дружны, Сьвіслач, Рудзенск, Дукора працягваюць казаць рашучае «не».

3 красавіка. г.п Дружны

Каля ўнівэрсаму «Цэнтральны» на дошцы аб’яваў — зьвесткі аб часе правядзеньня інфармацыйнай сустрэчы мясцовага насельніцтва зь чыноўнікамі ўсіх зацікаўленых у будаўніцтве заводу міністэрстваў.

Як паведаміла мне мясцовая жыхарка Настаcься Рысявец, аб’явы зьявіліся дзесьці пасьля 12 гадзін. Да гэтага ж час правядзеньня вагаўся ад 16.00 да 17.00, а то і адкладваўся да наступнага дня (зьвесткі распаўсюджваліся прынцыпова ў вуснай форме).

Ад цэнтральнага парку да актавай залі ЦЭЦ-5 (афіцыйнае месца сустрэчы) — больш за тры кілямэтры. Пешшу ісьці туды ніхто не плянаваў. Па словах Алены Буткоўскай, удзельніцы ініцыятыўнай групы пратэстоўцаў, кіраўніцтва ЦЭЦ разам зь мясцовымі ўладамі абяцалі падвоз... Але ў 15.00 невялічкая група жанчын эмацыйна распавядала, што па селектары ЦЭЦ-5 перадалі пра адмену аўтобусаў. Людзі пачалі лавіць таксі...

Мяне падвёз мясцовы жыхар. Па дарозе дзяліўся думкамі наконт матэрыялу ў «Белорусской ниве» ад 25.03.2008, сумна ўздыхаў, паказваючы на аўтобус з трыма пасажырамі ў салёне (маўляў, вось вам і дырэктыва № 3, вось вам і эканомія)...

У фае актавай залі бясплатна раздаваліся мясцовыя «Пухавіцкія навіны», справа рухалася да 16.00.

У раёне 16.00 у актавую залю ўварвалася жанчына і папрасіла ўсіх прысутных журналістаў зафіксаваць непарадкі, што робяцца на ўваходзе. Міліцыянты ніяк не хацелі пускаць людзей на інфармацыйнае паседжаньне. Заежджанае «няма месцаў» і бессэнсоўнае мармытаньне на запыт «Чаму пра гэта не думалі раней?» не дзівілі (тут хоць кроў не пускалі).

Але народ абарону прарваў: хай сабе і прыйдзецца ўсю сустрэчу стаяць, хай сабе і крычаць у сьпіну: «Больш Вы ў нас не працуеце»...

Дэлегацыя ад міністэрстваў, службаў, ведамстваў была шматлікая. Пералічваць усіх прадстаўнікоў не рызыкнуў нават першы намесьнік старшыні аблвыканкаму.

Прагучала папярэджаньне не ператвараць працоўную нараду ў «якісьці мітынг» — і пачалося...

Дэмагогія

Моманты замбіраваньня былі надта адчувальнымі, асабліва, калі паўторна праслухоўваеш дыктафонныя запісы.

«ДАВАЙЦЕ, успрымаць тое, што Вам КАЖУЦЬ».

«Пагадзіцеся, пагадзіцеся, дзяржаўныя органы робяць усё магчымае, каб мы жылі нармальна».

Дый і многія ўступкі ўспрымаліся як чыстай вады абяцанкі. Напрыклад, наконт лякальнага маніторынгу грамадзкай думкі адносна пабудовы хімзавода —было прапанавана праводзіць яго не кожны месяц, а штотыднёва. Смешна.

Казусы

Калі сярод запрошаных экспэртаў прагучала прозьвішча Мясьніковіча, заля ажывілася і пачала апладзіраваць. А то. Міхаіл Мясьніковіч, старшыня Прэзыдыюму Акадэміі навук неаднаразова рабіў заключэньні наконт немэтазгоднасьці будаўніцтва завода. Але, калі Мясніковічу далі слова, то высьветлілася, што гэта не зусім ён, а сп.Лесьніковіч, хоць і таксама з Акадэміі Навук. Той не разгубіўся, і, разумеючы, якой будзе рэакцыя аўдыторыі, усё ж сказаў нешта кшталту, тры разы не згаджаліся, а на чацьверты...

Анэкдоты

Прэзыдыюму, мабыць, не вельма падабаліся рашучыя настроі аўдыторыі. Пачалі шукаць вінаватых. Знайшлі. То ж Зянон. Пазняк.

Тады таксама Саюз развальвалі, на плошчы стаялі, «Развалу!», а пасля Зянон выйшаў — і прапаў СССР...

Гэта павінна быць сьмешна.

Высвятленьне рэальных праблемаў

Як стала зразумела з выступу дзяржаўнага экалягічнага экспэрта Андрэева А. А, завод на аснове кампанэнтаў небеларускай вытворчасьці будзе вырабляць шэсьць відаў прэпаратаў. Сп.Андрэеў расказваў пра тое, што звыклыя ўгнаеньні на нашых зямельных участках маюць трэцюю клясу небясьпекі, пра тое, што вызначыць клясу небясьпекі адкідаў ад вытворчасьці прэпаратаў можна будзе толькі тады, калі гэтыя адкіды будуць атрыманыя, пра тое, што спальваньне адкідаў — не зусім правільна казаць. Больш навукова — тэрмічная апрацоўка А ўсё, што будзе заставацца пасьля тэрмічнае апрацоўкі гэтых палімэраў, будзе пакавацца і адвозіцца... на Гомельшчыну.

Людзі абураліся, што на 25 тысяч чалавек адна Сьвіслацкая бальніца, а яшчэ хімзавод хочуць ставіць.

Дарэчы, яго будаўніцтва ўжо пачалося, хаця да гэтай пары нямы акту землеадводу.

Валянціна Качан, галаўны санітарны ўрач краіны, адзначыла высокі інтэлект мясцовых жыхароў. Часам здавалася, што Канстытуцыю РБ і Канвэнцыю ААН яны ведаюць ледзь не на памяць. Калі старэнькая бабулька кажа прэзыдыюму, што бабуля яна для сваіх унукаў, а для астатніх яна Лідзія Паўлаўна, гэта сьведчыць пра многае. Прынамсі, людзям хочацца, каб паважалі іх грамадзянскую пазыцыю і перасталі лічыць быдлам. Патрабаваньне мясцовага рэфэрэндуму, якое прагучала на сходзе — гэта сур’ёзна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?