Малавядомая хвароба меліяідоз можа забіраць дзясяткі тысяч жыццяў па ўсім свеце штогод, гаворыцца ў даследаванні навукоўцаў з Оксфардскага універсітэта і універсітэта Вашынгтона.

Даклад навукоўцаў быў апублікаваны ў панядзелак у часопісе Nature Microbiology.

Паводле ацэнкі навукоўцаў, у 2015 годзе на меліяідоз захварэлі 165 тысяч жыхароў планеты, 89 тысяч з іх памерлі.

Хвароба гэтак жа смяротная, як адзёр, ад якой у год памірае 95 тысяч чалавек. Для параўнання — ад ліхаманкі Дэнге ў год памірае каля 12,5 тысяч чалавек.

Хвароба, таксама вядомая як хвароба Уітмара, выклікае цяжкі сэпсіс, які суправаджаецца запаленнем розных органаў.

Раней лічылася, што хвароба распаўсюджаная толькі ў Паўднёва-Усходняй Азіі і на поўначы Аўстраліі. Аднак новыя дадзеныя паказваюць, што хвароба сустракаецца ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы, Афрыцы і на Блізкім Усходзе.

На думку экспертаў, 45 краін, для якіх гэтая хвароба тыповая, заніжаюць колькасць выпадкаў захворванняў. Яшчэ ў 32 краінах, якія ніколі не паведамлялі пра выпадкі захворванняў, таксама рэгулярна адбываюцца яе ўспышкі.

Хваробу выклікае бактэрыя burkholderia pseudomallei, якая прысутнічае ў глебе, а ў арганізм чалавека можа патрапіць праз невялікія парэзы або пры дыханні. Часта ахвярамі хваробы становяцца работнікі сельскай гаспадаркі.

Дыягнаставаць захворванне досыць складана, бо яно падобнае на некаторыя іншыя бактэрыяльныя інфекцыі. Аднак у адрозненне ад іншых хвароб меліяідоз паддаецца лячэнню толькі абмежаваным наборам антыбіётыкаў. Узровень смяротнасці ад хваробы складае каля 70%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0