Telegraf

Telegraf

Жыхары нямецкага Кёльна як мінімум двойчы за мінулую нядзелю нападалі на мігрантаў з Азіі. Пацярпелі тры чалавекі, дваіх на кароткі час нават шпіталізавалі. Паводле інфармацыі мясцовай газеты Express, «паляванне на людзей» арганізавалі мясцовыя нефармалы, якія сабраліся з дапамогай сацыяльных сетак.

Тым часам паліцыя абвясціла, што колькасць пацярпелых жанчын у навагоднюю ноч у Кёльне вырасла да 516. 40% злачынстваў звязаныя з сэксуальнымі дамаганнямі.

Ужо арыштавана 30 чалавек, 18 з якіх мелі статус кандыдатаў на атрыманне прытулку, што яшчэ больш негатыўна адбілася на стаўленні гараджан да мігрантаў. Масла ў агонь падліваюць і ўсё новыя звесткі пра сэксуальныя напады. Яны адбыліся ў Лейпцыгу, Гамбургу, Штутгарце, Франкфурце-на-Майне, Білефельдзе.

Віцэ-канцлер Германіі Зігмар Габрыэль заявіў, што ўрад краіны збіраецца абмежаваць права мігрантаў выбіраць месца жыхарства.

«Я думаю, мы мусім увесці абмежаванні ў праве на выбар месца жыхарства для мігрантаў. У адваротным выпадку ўсе гэтыя людзі, у тым ліку і тыя, хто атрымаў статус бежанца, накіруюцца ў вялікія гарады. Гэта прывядзе да далейшых цяжкасцяў, і мы атрымаем сапраўдныя праблемы гета», — выказаў занепакоенасць палітык.

Яшчэ раней канцлер ФРГ Ангела Меркель прапанавала аблегчыць працэдуру дэпартацыі мігрантаў, якія здзейснілі злачынства.

«Калі здзяйсняюцца злачынствы і людзі ставяць сябе па-за законам, гэта павінна прыводзіць да наступстваў», — заявіла Меркель журналістам пасля сустрэчы з кіраўніцтвам сваёй партыі.

Як мяркуецца, гэтыя меры мусяць спыніць хвалю гвалту з боку мігрантаў. Што стала прычынай нападаў выхадцаў з Бліжняга Усходу на жанчын, следства высвятляе дагэтуль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?