5 студзеня жыхар Вілейкі Генадзь Якавіцкі судом Мінскай вобласці быў прысуджаны да смяротнага пакарання — мужчына прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сужыцелькі. Гэтая справа асаблівая не толькі тым, што суд выбраў найвышэйшую меру пакарання. У 1989 годзе Якавіцкі ўжо быў прысуджаны да смяротнага пакарання, але тады Вярхоўны суд замяніў расстрэл на 15 гадоў пазбаўлення волі.

Былая жонка абвінавачанага Наталля Буланава распавяла Naviny.by, за што менавіта быў асуджаны Генадзь, як ён паводзіў сябе ў судзе, калі абвясцілі смяротны прысуд, і чаму яна збіраецца зноў выйсці за яго замуж.

Генадзь Якавіцкі нарадзіўся ў 1967 годзе ў Грузіі. Там служыў яго бацька, ваенны лётчык-выпрабавальнік. Маці працавала медсястрой. Потым сям'я пераехала ў Беларусь, на радзіму бацькі.

Першы раз Генадзь быў асуджаны ў 17 гадоў — разам з прыяцелем забраў бутэльку віна ў падвыпілага мінака. Міліцыя знайшла зламыснікаў вельмі хутка. Якавіцкі тады быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі.

З Наталляй ён сустрэўся праз год пасля вызвалення. Ёй было ўсяго 16, яму — 21.

«Генка — чалавек складаны, але цікавы, — кажа яго былая жонка. — Я зацяжарыла, мы распісаліся. Дачцэ было ўсяго два месяцы, калі яго прысудзілі да пакарання смерцю».

Гэта было ў 1989 годзе. Генадзь працаваў электрыкам у вілейскім Доме культуры. «Быў канфлікт. Генка ўдарыў калегу, Славіка, а сябар яго, які важыў кілаграм 120, упаў зверху, задавіў проста. Вось такое забойства», — успамінае Наталля.

Праз некалькі дзён пасля гэтага Генадзь аказаўся датычным да яшчэ аднаго страшнага злачынства. У Мінску была згвалтаваная і жорстка забітая дзяўчына. Яе цела знайшлі ў лесе.

«Генка мой сядзеў на балконе, граў на гітары. Кампанія гуляла, выпівала… Ён чуў, вядома, што ў кватэры адбываецца, але не ўлазіў. Потым разам з усімі паехаў у лес, таксама кідаў галінкі, калі цела хавалі. Ён не забіваў, але быў саўдзельнікам, — распавядае былая жонка Якавіцкага. — Яго хутка ўзялі, літаральна праз некалькі дзён ужо па радыё перадалі. У судзе ён геройстваваў. Усё браў на сябе. Вось яму і далі смяротнае пакаранне».

У Вярхоўным судзе прысуд перагледзелі, расстрэл замянілі на 15 гадоў пазбаўлення волі. У тыя часы гэта быў максімальны тэрмін зняволення. Цяпер у Беларусі за забойства пры абцяжваючых абставінах прадугледжанае пакаранне да 25 гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне.

У 1990 годзе Наталля і Генадзь развяліся: «Разумееце, мне было ўсяго 17 гадоў, а ў яго тэрмін — 15 гадоў. Трэба было ладзіць сваё жыццё».

Нягледзячы на развод, Наталля разам з дачкой рэгулярна прыязджала ў калонію да Якавіцкага, адпраўляла яму перадачы. Адносіны паміж былымі мужам і жонкай заставаліся сяброўскімі. Яны нават сыходзіліся на некаторы час пасля таго, як Генадзь выйшаў на волю. Менавіта Наталля пазнаёміла яго з будучай грамадзянскай жонкай, ад якой у яго нарадзіўся сын.

Па іроніі лёсу былая жонка жыве на першым паверсе, забіты Якавіцкім Славік жыў на трэцім паверсе, а другая жонка Генадзя — на пятым. Усе — у адным пад'ездзе.

Апошнія два гады Генадзь Якавіцкі сустракаўся з жыхаркай Вілейкі Таццянай.

«Ён прыводзіў яе да мяне знаёміцца, — успамінае Наталля Буланава. — Маладая жанчына, прывабная, але яна моцна выпівала. У той дзень наогул ледзь трымалася на нагах. Генка чалавек строгі, сюсюкацца не будзе. А яна грубіяніць яму, магла на людзях абразіць. Я яшчэ пыталася, чаму ён гэта трывае. А ён адказваў, што Таня моцна змяніла яго. Думаю, ён яе ўсё ж такі кахаў».

Нягледзячы на гэта, канфлікты паміж Таццянай і Генадзем здараліся даволі часта. Алкаголь толькі падаграваў сваркі. Два разы жанчына ляжала ў шпіталі ад пабояў, аднак пісаць заяву на каханага адмаўлялася.

«Ён, вядома, мог даць так, што затрашчыць у галаве, — успамінае былая жонка. — Але я ж таксама не промах, магла і адказаць… Што тычыцца спіртнога, то раней ён не быў алкаголікам. Мог выпіць у кампаніі, ён гасцінны чалавек. Але зона яго моцна зламала. На працу, як вызваліўся, уладкавацца не мог. Апошнім часам быў будаўніком у Брэсце, але там яму практычна не плацілі. Па кватэры была запазычанасць і за ваду, і за святло, і за газ. Таму ён жыў у свайго прыяцеля, у якога дзень пачынаецца і заканчваецца з бутэлькай. Вось і Генка прыахвоціўся да гарэлкі».

Забойства Таццяны, якой на той момант было 35 гадоў, адбылося 29 ліпеня 2015 года ў доме таго самага прыяцеля. Кампанія падабралася з шасці чалавек. Пілі два дні. Перыядычна выходзілі з хаты, каб дакупіць спіртное. Вярталіся, выпівалі, засыпалі і зноў па крузе. Сведкамі па справе былі ўдзельнікі застолля.

«Яны нават на суд прыйшлі падпітыя, — успамінае Наталля. — Паказанні некалькі разоў змянялі. Толкам нічога патлумачыць не маглі. «Не памятаю», «не ведаю» — вось такія адказы былі. І паняты такі ж. Другі паняты ў суд так і не з'явіўся, служыць у войску. Генкавы сябручкі казалі, што быў канфлікт на глебе рэўнасці. Заявілі, што калі яны сыходзілі, пара спала. Міліцыю выклікаў Генадзь, дарэчы. Атрымліваецца, сам на сябе».

Сам абвінавачваны, па словах былой жонкі, не памятае выразна, што адбылося ў той дзень.

«Ён мне даслаў ліст, дзе напісаў: «Прызнаць віну ў мяне былі прычыны». Якія прычыны, я не ведаю. На судзе ён зноў нібы геройстваваў. Сказаў, што многае са слоў сведак — хлусня. А потым заявіў, маўляў, калі вы вырашылі, што я вінаваты, то я гэта прызнаю».

У Таццяны засталося двое дзяцей ад першага шлюбу. Старэйшаму сыну каля 18 гадоў, малодшаму — каля 13. Апякунка прасіла вынесці пажыццёвае зняволенне Якавіцкаму, каб ён пералічваў грошы на рахунак пацярпелых.

Адвакат прасіў апраўдаць падабароннага, паколькі ў матэрыялах справы няма непасрэдных доказаў віны Генадзя Якавіцкага.

«Экспэртыза паказала, што на целе забітай было больш за 46 удараў кулаком. Але сведкі ў адзін голас кажуць, што яны чулі 10-15 удараў. Праблема ў тым, што яны там два дні пілі-гулі, ніхто толкам не памятае, хто ўваходзіў у хату, хто выходзіў, — распавядае Буланава. — Адзін з самых дзіўных фактаў, на які не звярнула ўвагу следства — зялёны швэдар у крыві Таццяны, які вісеў на плоце. Ні на адным пасяджэнні суда не было адказу, чый гэты швэдар, адкуль ён там узяўся і чаму ён там вісеў. І яшчэ адзін важны момант, пра які я казала следчаму. Таня сустракалася не толькі з Генам. Ён нават біўся за яе з адным чалавекам. Гэта быў не адзінкавы, а працяглы канфлікт, менавіта на глебе рэўнасці. Чаму гэтага чалавека не дапыталі, незразумела».

Смяротны прысуд Генадзь Якавіцкі ўспрыняў спакойна, кажуць яго родныя.

«Ён і тады, і цяпер геройстваваў на судзе, — адзначае яго былая жонка. — Вось так звязаўся ў 17 гадоў не зразумей з кім — і ўсё жыццё пад адхон. Не быў ён ніякім крымінальным аўтарытэтам. Гэта яго такім зрабілі. Па Вілейцы хадзіла пагалоска, маўляў, Якавіцкі — важны чалавек, з ім трэба лічыцца. Але сам ён нічога для гэтага статусу не рабіў. Ён нядрэнны чалавек, хоць і вельмі складаны».

У бліжэйшы час дачка Генадзя сустрэнецца з ім у следчым ізалятары. Якавіцкі ўжо дастаўлены ў мінскае СІЗА №1, дзе сядзяць усе прысуджаныя да смяротнага пакарання.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе. Наталля Буланава лічыць, што яе былы муж павінен быць прысуджаны да пажыццёвага зняволення. І ці то жартам, ці то сур'ёзна кажа, што можа зноў з ім распісацца — статус сваяка дае права на сустрэчу.

«Справа Якавіцкага вельмі складаная нават для катэгорыі «смяротных», — кажа каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда. — Яно паказвае цэлы шэраг праблем у грамадстве. Перш за ўсё, хатняга гвалту. Мне незразумела, чаму праваахоўныя органы нічога не зрабілі, калі Таццяна была ў бальніцы пасля збіцця, чаму ўжо тады Генадзь не быў прыцягнуты да адказнасці. Акрамя таго, ёсць праблема з п'янствам. У Беларусі большасць забойстваў здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап'янення. Але дзяржава недастаткова працуе на прафілактыку ў гэтым кірунку».

Таксама, адзначыў Андрэй Палуда, справа Якавіцкага паказвае, што наяўнасць смяротнага пакарання ў крымінальным заканадаўстве не з'яўляецца стрымліваючым фактарам. «Чалавек быў у адным кроку ад расстрэлу, ён ужо дакладна ведаў, што пагражае за забойства, але гэта, на жаль, яго не спыніла», — падкрэсліў праваабаронца.

***

Прысудам Мінскага абласнога суда ад 5 студзеня 2016 года Генадзь Якавіцкі, неаднаразова судзімы, прызнаны вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю. Раней судзімы за забойства, ухіленне ад выплаты аліментаў.

На падставе п.п. 6 і 16 ч. 2 арт. 139 КК Рэспублікі Беларусь прызначаная выключная мера пакарання — смяротнае пакаранне; на падставе ч. 3 арт. 174 КК, з ужываннем ч. 2 арт. 65 КК, — пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 10 месяцаў.

Па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова прызначанае пакаранне — смяротнае пакаранне (расстрэл).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?