Польская крытык і перакладчыца Малгажата Бухалік пра раман Бабінай «Рыбін горад».

Не перабольшваю: на мой погляд, гэта бэстсэлер.


Наталка Бабіна
Гэты раман можна ўспрымаць як зусім непалітызаванае (якое, аднак, не цураецца палітыкі) сучаснае беларускае чытво; як дэтэктыў; як нетыповую, створаную наперакор многім пашыраным (у тым ліку ў нас, у Польшчы) стэрэатыпам літаратуру, напісаную жанчынай (але не «жаночую»!); як лякальна-гістарычную аповесьць і яшчэ ў шэрагу іншых іпастасяў, прычым у кожнай зь іх твор пачуваецца выдатна. Нітрохі не сумняваюся, што ў яго ёсьць усе шанцы зрабіць фурор, прычым не паводле прынцыпу «палюбім нашых бедных братоў-беларусаў», — проста такой цікавай, глыбокай і адначасова лёгкай для ўспрыманьня (дзякуючы выдатна разьлічанай на густы шырокіх колаў чытачоў фабуле) кнігі я ўжо даўно ня бачыла на нашым рынку. Яна шалёна зацягвае. Яна цудоўна поліфанічная — у моўных, культурных і бытавых адносінах. Яна цалкам сучасная і адначасова цьвёрда ўгрунтаваная на гісторыі. А яшчэ кліматычная, прыязная і трохі нагадвае казку. Словам, яна проста вельмі добрая.

Такая яна, Берасьцейшчына

Дзеяньне адбываецца галоўным чынам пад Берасьцем, у вёсцы Дабрацічы па-над Бугам (некалькі двароў, усе жыхары маюць аднолькавае прозьвішча Гадун; апроч гэтага, ёсьць крыху дачнікаў); побач — па рацэ — праходзіць граніца. «З аднаго боку Польшча, з другога — Расея», — кажа галоўная гераіня. Варта адзначыць: гэта не Беларусь у клясычным польскім разуменьні, то бок ані калючы, палітызаваны і напаўазіяцкі Менск, ані чульлівая і забітая Беласточчына. Гэта чыстае, жывое Вялікае Княства Літоўскае, хоць фармальна ў тэксьце пра яго няма ані згадкі. Мешаніна моваў, людзей, культур і рэлігій плюс спэцыфічная атмасфэра памежжа — нешта значна больш трывалае і сапраўднае, чым Рэспубліка Беларусь ці любая іншая дзяржава; нешта больш арганічнае, урослае ў зямлю, такое, што перажыве любы патоп (глядзі канец кнігі). І на такой глебе — безаглядная сучаснасьць, часамі нават трохі нечаканая для палякаў: фірмы, вялікія грошы, шыкоўныя рэстараны, вілы і аўтамабілі, Інтэрнэт і г.д.

Галоўнай гераіні пяцьдзясят год. Яна вывучала гісторыю ў Менску, выйшла замуж за бізнэсоўца, пасьля чаго выявілася, што яна ня можа мець дзяцей. Нейкім цудам ёй удалося нарадзіць дачку, якая ў два гады памерла ад раку. У гераіні пачаліся сур’ёзныя праблемы з наркотыкамі, алькаголем і законам (наркадылер уцягнуў яе ў справу аб сьмерці аднаго са сваіх кліентаў); яна разьвялася зь бізнэсмэнам, бо той ёй здраджваў. Цяпер яна займаецца пераважна пісаньнем апавяданьняў і перапісваньнем за невялікія грошы старых дакумэнтаў зь менскіх архіваў; па-ранейшаму мае складаныя ўзаемаадносіны з алькаголем і зазвычай асьцерагаецца іх, бо, як сама гаворыць, «вылечылі мяне з алкагалічкі ў звычайную п’яніцу». Гераіня нарадзілася непадалёк ад Дабраціч: хард-коравая сцэна родаў — п’яны фэльчар прыняў яе сястру-блізьня і пачаў зашываць разрывы, не заўважыўшы другога дзіцяці; у дзевяць год бацькі загінулі ў аўтакатастрофе, пераганяючы з Расеі «Жыгулі». Гераіню разам зь сястрой гадавала баба Макрыня; цяпер бабулі 97 год, ёй зрабілі апэрацыю па выдаленьні катаракты і забаранілі працаваць у агародзе, таму гераіня дапамагае ёй па гаспадарцы.

Вось тут усё і пачалося: уначы гераіня бачыць на бульбянішчы здань, назаўтра памірае яе бабуля. Чаму? Есьць падазрэньне, што яе атруцілі. Пачынаюцца загадкі…

Сюжэтных ліній процьма, і ўсе разьвіваюцца аднолькава бурна: гераіню мясцовае ўпраўленьне КДБ блытае зь сястрой і садзіць у турму; мясцовы мафіёзі па трупах прастуе да выкупу дзялянак і тэрарызуе вёску, героі шукаюць скарб і дапамагаюць апазыцыі ў выбарчай кампаніі… І ўсё гэта круціцца, як вясёлкавае кола уваччу…

Песьня гэтай зямлі

У анатацыі гэтая кніга характарызуецца як «палітычны дэтэктыў», але гэта ня так: дэтэктыўная сюжэтная лінія сапраўды выходзіць на першы плян, але палітыка адыгрывае ў ёй ролю толькі аднаго з рухавікоў фабулы, дый тое ня самага галоўнага. Ёсьць фальсыфікацыя выбараў, уціск апазыцыі, праслухоўваньне і маніпуляцыя выказваньнямі ў СМІ, аднак усё гэта займае толькі частку прасторы раману (працэнтаў на 25), а рэшта (большая частка) — гэта атмасфэра сяброўства, сямейныя і мясцовыя традыцыі, мноства прыстойных і кемлівых людзей (а таксама паважныя прыватныя фірмы), ну і… жыцьцё.

Перавага кранальнай «нармальнасьці» сапраўды выразна адчуваецца і вызначае ўсю атмасфэру кніжкі, якая вельмі далёкая ад клясычных дэтэктываў, тым больш палітычных.

Так, па ходзе дзеяньня зьяўляецца некалькі трупаў, але загадкі іх сьмерці раскрываюцца ў коле знаёмых і сваякоў за старым драўляным сталом пад сасной у Дабрацічах. Нават тутэйшы ўчастковы пакрывае гераіню пасьля забойства мафіёзі. Ахоўнікі, прыстаўленыя апазыцыяй да сястры галоўнай гераіні, — былыя супрацоўнікі КДБ, у цэлым слаўныя хлопцы, якія думалі, што ў органах будуць лавіць наркадылераў, а потым проста сышлі адтуль.

Большасьць людзей нармальныя — такая, бадай што, галоўная думка гэтай кнігі. Так, большасьць з іх дапускаюць тыя ці іншыя памылкі, але, не зважаючы на гэта, стараюцца жыць прыстойна, а калі і не, то іх не спасьцігае нейкая асаблівая божая кара — папросту вядома, што з такімі тыпамі лепш ня мець спраў; калі ж даводзіцца, то і іх можна перамагчы.

Мяжа сапраўды праходзіць пад бокам, але не выглядае канцом сьвету, жалезнай заслонай: так, сяброўка гераіні, заможная вэтэрынарка Зарніцкая свабодна езьдзіць на адпачынак у польскія Кастамлоты, у дагляданы сьвятаром этнаграфічны музэй (і падае з-за Бугу знакі, якія дапамагаюць вызначыць месцазнаходжаньне скарбу). Больш за тое таго, баба Лёніха — галоўная пляткарка і шаптуха вёскі — пасьпяхова і бескарысьліва перапраўляе партыямі цераз граніцу ў Польшчу і далей у Германію сям’ю ўцекачоў з Конга праз выкапаны спэцыяльна для гэтай мэты тунэль, які вядзе ад надмагільля на мясцовых могілках на бераг Бугу.

Цікавая таксама пазыцыя Зарніцкай — калі ў яе лякарню прыходзяць інструкцыі адносна выбарчых фальсыфікацый, яна гаворыць супрацоўнікам: «Добра, пакуль што плюнем на ўсё гэта, а калі будуць ціснуць, перанясём фірму ва Ўкраіну».

Канец сьвету і гэтак далей

Настрой раману трохі нагадвае кнігі польскай пісьменьніцы Вольгі Такарчук — толькі што тут ёсьць захапляльны, поўны галавакружных паваротаў экшн і зусім няма патэтычнага філязафаваньня. Гераіня, праўда, мае мроівы — трапляе ў «норы ў часе» (бачыць карціны навакольля напярэдадні другой сусьветнай вайны, сваю бабулю і суседзяў дзецьмі і г. д.), але ставіцца да іх у меру іранічна; толькі пад канец кніжкі, калі гераіня ўжо авалодвае тэхнікай кантраляванага ўваходжаньня ў «норы», яна падае нам даўжэйшы і вельмі маляўнічы нарыс з жыцьця Берасьця XVII стагодзьдзя. Усе іншыя містычныя здарэньні, накшталт зданяў, раней ці пазьней знаходзяць рацыянальнае тлумачэньне, хоць перад гэтым ствараюць дасканалы настрой літаратуры жахаў.

Калі ўсе загадкі знаходзяць разьвязку, акурат напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў навакольле спасьцігае прыродны катаклізм. Велізарная бура і паводка зьнішчае дамы сялян (у выніку чаго і так нешматлікія жыхары назаўсёды пакідаюць Дабрацічы) і, зразумела, робіць немагчымым галасаваньне. Тым ня менш, Менск па інэрцыі паведамляе пра пасьпяховы ход выбараў і спакойна падае зараней заплянаваныя вынікі…

Фабула, як бачым, разгалінаваная, але пры гэтым празрыстая і складная; апрача галоўных ліній, ёсьць некалькі добра ўплеценых у агульную тканку раману пабочных гісторый.

Напрыклад, Аксанка, сяброўка дзяцінства галоўнай гераіні, ні з таго ні зь сяго нападае на яе з матыкай і цяжка раніць. Чаму — стане зразумела толькі напрыканцы кнігі.

Другая гісторыя апавядае пра маладога ўкраінскамоўнага паэта з Дабраціч Міхася Яраша, расьпешчанага грантамі і ўвагай сучасных фольк-груп, якім патрэбны тэксты. Не жадаючы таго, ён, тым не менш стаў здраднікам і забойцам. Гераіня гаворыць яму, што, нягледзячы на ўвесь свой талент, ён ужо ніколі ня зможа напісаць ніводнай «песьні гэтае зямлі». Вырак гераіні кароткі, далёкі ад маралізатарства, але б’е дакладна ў дзясятку.

І гэтак далей.

Бабіна — гэта ня ніша

Усе беларускія кніжкі, якія ў апошнія гады трапілі ці трапляюць у Польшчу, маюць у той ці іншай ступені нішавы характар (з розных нішаў паходзяць або на розныя нацэлены). Бабіна — гэта ня ніша. Гэта дасканалая, сталая пісьменьніца, якая на цалкам сусьветным узрозні стварыла добрую, унівэрсальную, хоць і на вельмі мясцовым матэрыяле, кнігу — такую, што можа зьведаць масавы посьпех, не раўнуючы як творы Пялевіна (фантастычнага пустаслова з геніяльнай тактыкай піяру), і адначасова дасягнуць таго ж, на што працаваў цэлы «фэстываль» украінскай культуры пасьля Аранжавай рэвалюцыі, — паламаць стэрэатыпы і пазнаёміць сьвет зь беларусамі. Прычым зь беларусамі ва ўсёй іх сучаснай разнастайнасьці, а не з забітым народам, які мае адзіную праблему. Да таго ж, знаёмства можа адбывацца бестурботна — праз чытаньне паміж справай надзвычай займальнага дэтэктыву.

Адчуваеце ўжо, як вам у душу западае вычэквальны позірк адной невялікай усходнеэўрапейскай краіны? Нешта накшталт мокрага сабачага носа, уткнутага ў вашу нагу…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?