Дарагія сіньёры і дамы,
Не паркуйце машыны ля брамы,
Хай апоўначы хораша спіцца –
Ноччу з брамы сыходзяць ільвіцы.

Апасля шпацыруюць да танка,
І ў гару цераз пляц брукаванкай —
Пастаяць ля старога касцёла,
Прывітаць на касцёле анёла.

Дарагія сеньёры і сэры,
Не выходзьце на плошчу з кватэраў,
Замыкайце апоўначы дзверы —
Шпацыруюць па гораду зверы.

Як начная грывастая варта
Дапільнуюць, падлічаць упарта
Мармуровыя львіцы-пачвары
З каралеўскай усмешкай на твары.

Тут палаца няма, там – касцёла,
Пагулянкі няма і Падола,
Быццам нейкія хамы-прыблуды
На руінах стаяць навабуды.

Не выходзьце з кватэр і з гатэляў,
Каб за здзек вас ільвіцы не з’елі,
Пачакайце, паспіце да рання,
Дарагія панове і пані!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0