13.01.2016 / 07:53

«Выжылы»: у храналагічнай паслядоўнасці на прыродзе пры натуральным асвятленні 10

Фільм «Выжылы»
Жанр: трылер, драма, прыгоды
Рэжысёр: Алехандра Гансалес Іньярыту
У ролях: Леанарда Дзі Капрыа, Том Хардзі, Донал Глісан, Уіл Поўлтар, Пол Андэрсан, Крыстафер Ёнер, Джошуа Бёрдж ЗША, 156 хв.
Адзнака: 8.

Пачатак XIX стагоддзя, паўночны захад Амерыкі. На трапера і следапыта Х’ю Гласа нападае мядзведзіца. Група паляўнічых дзеліцца на дзве часткі, з цяжкапараненым Гласам застаюцца яго сын Хоўк і двое паляўнічых — Джон Фіцджэральд і юнак Джым Брыджар. Яны павінны дачакаць смерці Гласа і пахаваць яго, але замест гэтага Фіцджэральд забівае Хоўка і пераконвае Брыджара кінуць Гласа. Насуперак абставінам следапыт выжывае і адпраўляецца ў небяспечны шлях, каб адпомсціць за забойства сына.

Сцэнар заснаваны на аднайменным рамане Майкла Панке 2003 года і быў напісаны Алехандра Іньярыту і Маркам Смітам. Ён часткова выкарыстоўвае падзеі жыцця каланіста Х’ю Гласа, упершыню апісаныя New Dealera Federal Writers’ Project у 1939 годзе. Тады Гласа назвалі «самым раззлаваным чалавекам у гісторыі ЗША».

У галоўнай ролі зняўся Леанарда Дзі Капрыа. Ролю забойцы выканаў брытанец Том Хардзі («Шалёны Макс: Дарога лютасці», 2015), а вайскоўца — Эндру Генры, кіраўніка той самай экспедыцыі сыграў ірландзец Донал Глісан, вядомы па ролі Біла Уізлі ў стужцы «Гары Потэр і дары смерці».

Па жаданні Іньярыту фільм быў зняты ў храналагічнай паслядоўнасці на прыродзе пры натуральным асвятленні і без выкарыстання зялёных экранаў. Здымкі прайшлі ў Брытанскай Калумбіі і Альберце (Канада), а таксама на поўдні Аргенціны.

Блакітны колер заснежаных бяскрайніх лясоў у фільме пераважае. Падзеі адбываюцца на фоне прыроднага багацця заходняй Амерыкі і смяротных сутычак з індзейцамі. У фільме зняліся некалькі маладых зорак індзейскага паходжання і шмат масоўкі.

Летась Іньярыту атрымаў «Оскара» за фільм «Бёрдмэн». Сёлета рэжысёру дастаўся «Залаты глобус» за найлепшы драматычны фільм, а Дзі Капрыа — за найлепшую мужчынскую ролю.

Паводле ацэнак крытыкаў, акцёр, які пяць разоў намінаваўся на «Оскар», але ні разу яго не заваяваў, можа атрымаць чарговую намінацыю на аб’яве спісу 14 студзеня.

* * *

У арыгінальнай гісторыі, запісанай у 1939 годзе, шлях цяжкапараненага Х’ю Гласа да найбліжэйшага форта Кіова склаў каля 300 км і заняў 38 дзён. Большую частку шляху ён быў вымушаны прапаўзці, але ў дарозе яму дапамаглі прыязна настроеныя індзейцы. Нагнаць Фіцджэральда і Брыджара следапыт змог толькі праз 9 месяцаў, але да таго часу яго жаданне помсты згасла.

Настасся Уласава

0
вася лусс / Адказаць
13.01.2016 / 09:25
вчера был, крутой фильм. леня понравился впервые как актер.фильм держит в напряжении до конца.
0
Санька Цялюк / Адказаць
13.01.2016 / 11:21
Сапрауднае мужчынскае кiно.. Без цацак.. I Лявон грае гэтак натуральная. Раю паглядзець!
0
Рупар уратаванай бульбы / Адказаць
13.01.2016 / 12:36
Сцэна з медзвядзём гэта шэдэўр, вышэйшы клас кампутарнай графікі.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру