Абутковы холдынг «Марка» атрымлівае бюджэтны крэдыт памерам 200 мільярдаў рублёў пад… 3% гадавых. Пры цяперашнім курсе даляра гэта каля $10,5 мільёна ў эквіваленце.

Гаспадар холдынга — бізнэсовец Мікалай Мартынаў. Ён — адзін з доўгажыхароў савета рэспублікі, абіраецца туды трэці раз запар. Ён жа сярод лідараў краіны па колькасці прыватызаваных прадпрыемстваў.

Дубровенскі раён — самы бедны

Мартынавы паходзяць з вёскі Гудава-Зямянскае Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Вёска не была вялікай і за савецкімі часамі, а цяпер канчаткова вымірае — на зімоўку застаюцца толькі некалькі старых.

«У Савецкім Саюзе самай беднай была Беларусь. У Беларусі самая бедная — Віцебская вобласць. Ну а на Віцебшчыне самы жабрацкі — Дубровенскі раён», — смяецца Антаніна Зайцава, сястра мільянера, якая жыве ў суседняй вёсцы. Кажа, што бачыла дабрабыт балтыйскіх краін.

Бацька сям’і, Васіль Мартынаў, быў найлепшым на ўсю акругу шапавалам. «Летам ставіў у хатах вокны, ну а зімой валёнкамі займаўся. І пры гэтым яшчэ бухгалтарам быў, — расказвае дачка. — Матэрыял на валёнкі быў свой, бо ўся вёска трымала авечак».

Попыт на самаробны абутак быў высокім. Вяскоўцы куплялі скураны абутак толькі на святы, а ў штодзённым жыцці карысталіся валёнкамі.

Мікалаю Мартынаву, які стаў абутковым магнатам, грэх не лічыць бацьку пачынальнікам дынастыі.

Маці ўсё жыццё працавала ў калгасе. «Дзеда па матчынай лініі раскулачылі і выслалі. Таму можна ўгледзець дзедаву рысу», — расказвае бізнэсовец пра карані сваёй прадпрымальнасці.

У сям’і Мартынавых было пяцёра дзяцей. Спачатку адна за адной нарадзіліся тры сястры, а пасля двое братоў.

Малодшы, Віктар, працаваў менеджарам у бізнэс-імперыі «Марка», цяпер у яго свой бізнэс. Ён быў дэпутатам у Віцебскім гарсавеце.

Бацькоў ужо няма ў жывых. Мікалай адрамантаваў хату і выкарыстоўвае яе ў якасці лецішча.

Палітолаг з інстытута кампартыі

Базавую школу Мікалай Мартынаў скончыў у родным Гудаве-Зямянскім, сярэднія класы вучыўся ў Сіпішчаве. У войска ён не трапіў па стане здароўя і пасля заканчэння школы паступіў у віцебскі тэхнікум.

Адвучыўшыся, у 1978 годзе стаў памочнікам майстра на віцебскай трыкатажнай фабрыцы «КІМ». Паводле афіцыйнай біяграфіі, за наступнае дзесяцігоддзе ніякіх зменаў у ягоным працоўным жыцці не адбывалася.

Жонка Мартынава паходзіць з Талачынскага раёна. Знаёмыя сям’і кажуць, што яе бацькі істотна дапамаглі Мікалаю стаць на ногі.

У канцы 1980-х разам з сям’ёй ён ездзіў па еўрапейскай частцы Савецкага Саюза — ад Балтыйскага да Азоўскага мора. Падарожнічаў на ўласных «Жыгулях».

З жонкай і дзецьмі.

Вышэйшую адукацыю Мартынаў атрымаў толькі ў 32 гады. У 1991 годзе, калі развальваўся Савецкі Саюз, ён давучыўся на палітолага ў Інстытуце паліталогіі і сацыяльнага кіравання КПБ, прычым на дзённым аддзяленні. Зрэшты, працаваць выкладчыкам так і не давялося.

Цікава, што ў біяграфіі бізнэсоўца ўзгадваецца яшчэ і «пачэсны» статус — «члена-карэспандэнта Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій». Гэта ненавуковая грамадская арганізацыя, сябры якой раздаюць адзін аднаму фіктыўная званні. У гэтай жа ўстанове «акадэмікам» ў свой час быў міністр юстыцыі Віктар Галаванаў.

Абутковая сталіца Беларусі

У 1980-я на тэрыторыі Беларусі прабіваліся першыя парасткі прыватнага бізнэсу. Адной з праяваў кааперацыі савецкай планавай эканомікі і заходняга капіталізму стала адкрыццё «Белвеста». Заснавальнікамі сталі віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны кастрычнік» (55% акцый) і нямецкая кампанія «Саламандар» (45%).

У 1990 годзе Мартынаў стаў экспертам камерцыйнага аддзела «Белвеста». Гэта быў ягоны першы досвед працы з абутковым рынкам, калі не ўлічваць дапамогу бацьку.

«Думка пачаць сваю справу прыйшла на адпачынку ў Абхазіі. Паехалі дзікунамі з дзецьмі і, як многія, лічылі кожную капейку. Гэта былі 1990-я гады, калі пачалі стварацца кааператывы. Мы гандлявалі цукрам, выраблялі пледы. Мінімальная апрацоўка футра давала 200—300% рэнтабельнасці. Грэх было гэтым не займацца», — узгадваў Мартынаў.

У выніку ў Віцебску з’явілася яшчэ адно абутковае прадпрыемства. 1991 год пазначаны як дата стварэння кампаніі «ЛМ+МК» (пазней перайменавана ў «Марка»), дырэктарам якой стаў Мартынаў. Гэта быў беларуска-нямецкі бізнэс, сумесны з нямецкай кампаніяй «Эвімекс».

У адным з інтэрв’ю Мартынаў прызнаўся, што на пачатку 1990-х паспеў пазаймацца і нафтапрадуктамі. Гэта сфера, у якую абы-хто прабіцца не мог. «У 1990-я, калі мы пачыналі, мае даходы не дазвалялі карміць сям’ю, не кажучы ўжо пра адпачынак раз на год», — пераконвае бізнэсовец.

Скачок у лідары рынку

З цягам часу «Марка» (назва — скарот ад «МАРтынаў і КАмпанія») абагнала на беларускім рынку ўсіх канкурэнтаў. У склад холдынга цяпер уваходзяць тры прадпрыемствы. Асноўная розніца між імі ў спосабе вырабу абутку.

«Марка» спецыялізуецца на жаночым абутку клеявога метаду і мужчынскім ліццёвым абутку.

На «Сан-Марка» робяць дзіцячы і клеявы мужчынскі абутак.

А ўключаны ў склад холдынга «Чырвоны кастрычнік» займаецца хатнім абуткам і абуткам метаду прамога прыліву.

На пачатку вытворчасці большасць сыравіны была імпартнай, аднак нашмат выгадней было выпускаць яе самому. Кампанія «Вікоп-Фабус» робіць калодкі для абутку, а «Вітма» — сумкі і галантарэйныя вырабы.

Агулам Мартынаў штогод выпускае 4 мільёны пар абутку. Гэта найбольшая лічба сярод вытворцаў у краінах СНД! Амаль палова прадукцыі ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.

Дзяржаўна-прыватны холдынг

«Марка» — прыватны бізнэс. Аднак у беларускіх рэаліях пры такіх аб’ёмах вытворчасці існаваць адасоблена ад дзяржавы Мартынаву было б складана. Дый і не факт, што хацелася. Сябе Мартынаў называе «дзяржаўным чалавекам». Нездарма ж тры разы запар бізнэсовец трапляў у савет рэспублікі.

Забеспячэнне насельніцтва адзеннем і абуткам — стратэгічна важныя сферы эканомікі. Вялікая доля імпартных тавараў на рынку вымывала з краіны валюту. Было вырашана ўзбуйняць «Марка» і ствараць на яго базе вытворчы холдынг поўнага ланцужка вытворчасці.

Указ аб стварэнні холдынга ўступіў у сілу ў канцы 2013 года. Хто быў ініцыятарам? «Гэта быў сустрэчны рух нашых прадпрыемстваў і дзяржавы», — каментуе Мартынаў.

Паводле ўказа, у склад «Марка» увайшоў Віцебскі футравы камбінат. Ён каштаваў бізнэсоўцу сімвалічную адну базавую велічыню.

Дзяржава паабяцала Мартынаву падтрымку для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. За тры гады на прадпрыемстве мусілі наладзіць штогадовую перапрацоўку 300 тысяч шкур аўчыны і 250 тысяч шкур пушной сыравіны, што дазволіла б у перспектыве зменшыць імпартны складнік пры вытворчасці абутку з 64% да 31%. Пасля рэалізацыі праекта дзяржава атрымала б долю акцый, прапарцыйную ўкладзеным грошам. 

Указ прадугледжваў, што банкі выдадуць Мартынаву крэдыты на $50 мільёнаў на льготных умовах (у беларускіх рублях пад стаўку рэфінансавання + 3% альбо ў валюце пад узяты за мяжой крэдыт +2%). Аднак банкі праігнаравалі пажаданне. Інвестыцыйны праект аказаўся пад пагрозай. Тады Мартынаў пралабіраваў прыняцце яшчэ аднаго ўказа — як было згадана на пачатку тэксту, грошы пойдуць наўпрост з бюджэту.

Тым часам «Марка» выкупіла частку акцый беларуска-іспанскай кампаніі «Белкельме» з Белаазёрска.

Палова прадукцыі «Марка», вырабленай для беларускага рынку, прадаецца праз фірмовыя крамы. Іх налічваецца ўжо паўсотні.

«Марка» — адна з нямногіх беларускіх кампаній, якая актыўна праводзіць акцыі і распродажы на еўрапейскі ўзор. Дапамагае бізнэсу і ўведзеная сертыфікацыя абутку, што выкінула з рынку многіх гандляроў. Мартынаў падтрымліваў гэтую рэформу. 

Для эканоміі частка прадукцыі «Марка» вырабляецца ў Кітаі і Індыі.

Ратаванне за 1 базавую

Мартынаў прыватызаваў не толькі «Чырвоны кастрычнік» і Віцебскі футравы камбінат. Быў яшчэ і Віцебскі піўны завод. «Была просьба ўладаў інвеставаць у прадпрыемства, якое аказалася на мяжы банкруцтва», — узгадвае Мартынаў. Праўда, заўважным гульцом на рынку «Дзвінскі бровар» так і не стаў.

На гэтую сітуацыю можна глядзець дваяка. З аднаго боку, прадпрыемствы дасталіся яму за бясцэнак. З іншага — з дапамогай Мартынава дзяржава спрабавала пакінуць тапельцаў на плаве.

Відны мецэнат

Вуліца Талстога знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Віцебска. Яна пачынаецца ад Рынкавай плошчы, на якой стаяць Ратуша, адбудаваная Свята-Уваскрасенская царква і помнік Альгерду, вядзе да Успенскага сабора са Свята-Духаўскім жаночым манастыром і ўрэшце спускаецца да Дзвіны.

Мартынаў дапамагаў пры аднаўленні Свята-Уваскрасенскай царквы, адліўшы за свае грошы з дзясятак званоў, за яго кошт былі рэканструяваныя і два гістарычныя дамы на вуліцы Талстога. За гэта адзін з будынкаў удалося забраць сабе. На першым паверсе тут адкрытая крама «Марка», а над ёй — некалькі апартаментаў.

Пяціпакаёвая кватэра плошчай пад 250 м2 дасталася Мікалаю Мартынаву, а чатырохпакаёўкі — ягонаму брату Віктару і іх партнёру Мікалаю Кавалькову.

Насупраць дома — хутарок «Мікалаеўскі». Нескладана здагадацца, каму ён належыць. Перад хутарком падказка — скульптура святога Крыспіна, заступніка ўсіх шаўцоў і гарбароў.

Піраміда Мартынава

Як і большасць буйных беларускіх бізнэсоўцаў, з цягам часу Мартынаў вырашыў заняцца гандлёвымі цэнтрамі. Ягоны гонар — васьміпавярховы «Марка-Сіці» ў цэнтры Віцебска побач з агромністым новым будынкам абласнога ўпраўлення КДБ.

«Марка-Сіці» паспеў стаць новай славутасцю горада праз агромністую піраміду пасярод плошчы. Падобная канструкцыя, толькі меншая, усталяваная на ўваходзе ў Луўр, стала сімвалам Парыжа. Меркаванні віцебчукоў наконт піраміды катэгарычна падзяліліся. Многія лічаць збудаванне выродлівым. А сам Мартынаў быў ад яго ў захапленні і вырашыў абсталяваць на версе піраміды свой кабінет. 

Іншы профіль бізнэсу — грамадскае харчаванне. Адкрыццё бараў і рэстаранаў Мартынава суправаджалася скандаламі. «Галоўным упрыгожваннем інтэр’еру з’яўляюцца гіпсавыя бюсты Леніна і Сталіна. Паўметровы Іосіф Вісарыёнавіч, пыхкаючы люлькай, горда ўзвышаецца ў цэнтры над барнай стойкай. А ў куце, падпёршы галаву рукой, Уладзімір Ільіч разглядае публіку», — апісваліся інтэр’еры бара «Дзвінскі бровар». А ў рэстаране «Залаты леў», які працуе ў гістарычным будынку XIX стагоддзя, адну з залаў назвалі… «Сталінскім пакоем».

«Бацькі жылі пры сацыялі-стычным ладзе, які зжываў ініцыятыву. Больш за тое, у гады застою адбылася пэўная дэградацыя грамадства, спустошванне ўсякай самастойнай думкі», — пры гэтым разважае Мартынаў.

Сярод іншых няпрофільных актываў «Марка» — база адпачынку «Ходцы» на возеры Саро ў Сенненскім раёне.

Мартынаў — заўзяты паляўнічы.

Пераемнасць сямейнага бізнэсу

У сям’і Мартынава двое дзяцей, і абое працуюць у сямейным бізнэсе. Сын Павел узначальвае «Сан-Марка». Ён скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, павучыўся і ў Італіі. У яго двое дзяцей.

На адкрыцці піраміды «Марка-сіці» Мартынаў прыйшоў з сынам і ўнукамі

Дачка Раіса скончыла той самы ўніверсітэт. У «Марка» яна працуе намесніцай бацькі. Яе спецыялізацыя — замежнаэканамічная дзейнасць. Раіса займаецца пастаўкамі імпартных матэрыялаў, а некалькі гадоў таму прапанавала асвойваць рынак Еўрасаюза. Так «Марка» стала прадавацца ў Латвіі. Раіса гадуе трох дзяцей.

Некалькі гадоў таму ў камерцыйным аддзеле працавала і жонка Мартынава.

Шчаслівы леў

Знаёмыя Мікалая Мартынава адзначаюць ягоную ўвагу да дробных сімвалаў. Па знаку задыяка ён леў. І менавіта гэты звер стаў ягоным талісманам.

Леў размешчаны на эмблеме «Марка», трапіў ён і ў назву рэстарана Мартынава.

Сімвалам віцебскага заапарку доўгі час быў леў Рыгус. Пасля яго смерці Мікалай Мартынаў аплаціў куплю новага львяняці, якога прывезлі з Калінінграда. Маленькага льва назвалі Маркам у гонар абутковай кампаніі. Вось толькі неўзабаве работнікі заапарку зразумелі, што замест ільва ім дасталася… львіца. Давялося змяніць імя на Маркушу.

***

Мікалай Мартынаў

Нарадзіўся 1 жніўня 1957 у вёсцы Гудава-Зямянскае Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў Інстутыт паліталогіі і сацыяльнага кіравання КПБ (1991).

Гаспадар холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка», буйны ўласнік нерухомасці на Віцебшчыне («Марка-Сіці»).

Займае 15-е месца ў рэйтынгу самых уплывовых і паспяховых бізнэсоўцаў Беларусі, 1-е месца на Віцебшчыне.

Член савета рэспублікі з 2004 года. Сябра Рады па развіцці прадпрымальніцтва.

Жанаты, мае двух дзяцей.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?