Чытач «Нашай Нівы» даслаў нам спасылку на інтэрнэт-старонку мінчука Уладзіміра Пялевіна. Яна заваленая фотаздымкамі, на якіх Уладзімір пазуе ў камуфляжы, са зброяй у руках і з сімволікай г.зв. «Наваросіі». 

Як можна зрабіць выснову са старонкі Уладзіміра ў «Аднакласніках», сапраўднае прозвішча яго, імаверна, не Пялевін, а Р. 

Ці ваяваў Уладзімір у складзе незаконных узброеных фарміраванняў у Данецкай вобласці? 

Ён гэта адмаўляе. У размове з журналістам «Нашай Нівы» Уладзімір сказаў толькі, што гэта страйкбольная пастаноўка і паклаў слухаўку. 

Але вось Уладзімір стаіць побач з яшчэ адным чалавекам у камуфляжы. Здымак зроблены ў інтэр'еры ў духу 90-х. 

Пазыўны гэтага другога чалавека — «Ангара». Ён ці то былы, ці то дзейны «кіраўнік» разведузвода г.зв. «Славянскага легіёну» — узброенага фарміравання, што дзейнічала на тэрыторыі Данецкай вобласці Украіны. 

Трохі больш за год таму «Ангара» зняў і выклаў у інтэрнэт відэа, на якім паказаў побыт свайго ўзвода, які ў той час размяшчаўся пад Данецкам. 

А вось фота, дзе «Ангара» і Уладзімір Р. стаяць пад штандартам гэтага «Славянскага легіёну». 

Тут «Ангара» ужо называе Р. сваім байцом.

«Гэта мой баец, пазыўны «Таец», — кажа баявік», — будзе зараз знаходзіцца ў Растове, займацца забеспячэннем групы. Са мной будзе цяжка звязацца, я на баявое заданне. Таму ўся інфармацыя, усё праз яго, у Растове ён будзе закупляць усё неабходнае для групы». 

Імя «Ангары» — Пратапопаў Яўген Віктаравіч. Меркавана, ён таксама беларус. 

Летась у шэрагах «наваросаў» адбыўся канфлікт: некаторыя баявікі абвінавачвалі Яўгена Пратапопава ў тым, што ён разам з «Тайцам» «піліць» гуманітарную дапамогу, а таксама прысвойвае сабе сродкі, якія пераводзяцца на рахункі «Славянскага легіёну». 

Назваць ягонае прозвішча дазваляе цікавы факт: сярод рэквізітаў, на якія можна было пераводзіць сродкі ў «дапамогу» Пратапопаву, ёсць і беларускія рахункі Альфа-банка.

Іх нумары можна ўбачыць на відэа ніжэй, пачынаючы з 3:17. 

Выглядае, што Пратапопаў прагнуў стаць медыйнай персонай, але скончылася справа скандаламі. Паплечнікі звінавацілі яго ў тым, што пасля гісторыі з дзербанам сродкаў ён з'ехаў са свайго падраздзялення і не вярнуўся, а потым аб'явіўся ў іншым. 

А вось фота, датаванае жніўнем 2015 года, дзе «Ангара» і «Таец» — ужо ў Мінску.

Мяркуючы па інфармацыі з сацыяльных сетак, «Таец» працуе ў фірме, якая ставіць пластыкавыя вокны і дзверы. 

У прэс-службе КДБ «Нашай Ніве» адзначылі, што прэсавы аддзел не валодае звесткамі наконт датычнасці дадзеных асобаў да ўдзелу ў баявых дзеяннях. А калі ў аператыўнікаў і ёсць гэтая інфармацыя, то да вынясення афіцыйнага абвінавачання ёю дзяліцца ніхто не будзе. 

Літаральна ўчора стала вядома, што ў сталіцы затрымалі яшчэ аднаго байца «ДНР» — непрацуючага жыхара Пружанскага раёну, які знаходзіўся ў вышуку за нявыплату аліментаў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?