16.01.2016 / 09:23

«Апошняя мазурка ў Літве»: гісторыя кахання і вернасці Зыгмунта Серакоўскага і Апалоніі Далеўскай 37

Піша Васіль Герасімчык.

Вільня. 1863-ы. Імглісты суботні чэрвеньскі ранак. Па горадзе разносіцца грукат барабанаў.

Апалонія каторую гадзіну на нагах, чакае апошняй сустрэчы з мужам. Яшчэ ненароджанае малое ўвесь час варушыцца, быццам штосьці адчувае.

Раптам дзверы ў яе пакойчык адчыніліся, і праз іх прасунулася масіўная постаць паліцмайстара. Апалонія падалася насустрач, быццам матыль на святло, але паліцмайстар запыніў яе і халодным афіцыйным голасам прамовіў: «Августейшій государь возвращал вашему мужу свою мілость, чіны, почесті і посты прі условіі, выдвінутом генерал-губернатором Муравьёвым, — открыть імена ліц, прінадлежащіх к Національному правітельству. Ваш муж отклоніл монаршую мілость, не открыл требуемых імен і потому сейчас, когда я это говорю, погібает позорной смертью на віселіце».

Непрытомную Апалонію паліцмайстар паклаў на ложак і са спакойным сумленнем выйшаў з пакоя цяпер ужо ўдавы Зыгмунта Серакоўскага: загад Мураўёва ён выканаў беззаганна.

Першая прыгажуня Літвы

Зыгмунт пакахаў яе ад першае ж сустрэчы, калі вясною 1860 наведаў у Вільні старых сяброў — братоў Францішка і Аляксандра Далеўскіх, што вярнуліся з сібірскай ссылкі. Іх маладзейшая на 15 гадоў сястра Апалонія, «першая прыгажуня Літвы», якая не мела спакою ад залётнікаў, была таксама ўражана сустрэчай з 33-гадовым афіцэрам Генеральнага штаба: «Зацікаўленая, я глядзела і думала: дзіўны твар, я выдзеліла б яго сярод тысяч самых разумных людзей. Здзіўляў выраз розуму, энергіі, рашучасці, і пры гэтым дзіўная прамяністасць вялікіх цёмна-шэра-блакітных вачэй, якія адлюстроўвалі кожную думку, кожнае пачуцце. Усё аблічча гэтага чалавека з першага погляду захоплівала, прыкоўвала да сябе».

Зыгмунт Серакоўскі

Наступная іх сустрэча здарылася толькі праз год, калі Серакоўскі вярнуўся з замежнай камандзіроўкі. Там ён вывучаў досвед еўрапейскіх армій і таемна сустракаўся з Гарыбальдзі, Падлеўскім, Міраслаўскім, Герцэнам і Бакуніным. Патрыёт зніклай Рэчы Паспалітай, Зыгмунт, нягледзячы на адбытую ў юнацтве ссылку на Урале, лічыў, што зможа сумяшчаць свае погляды з працай на карысць Расіі; верыў, што «нашыя сыны ці ўнукі ўбачаць, можа быць, цесныя братэрскія саюзы ўсіх народаў: германскіх, раманскіх, славянскіх — і, нарэшце, агульны еўрапейскі саюз».

Атрыманае летам 1861 ад вайсковага міністра даручэнне — правесці агляд крэпасцяў Віленскай акругі — Серакоўскі выкарыстаў, каб наведваць у сталіцы краю Далеўскіх. Найбольш часу ён праводзіў не з Аляксандрам, Францішкам і Цітусам, а з іх сястрою Апалоніяй. У Пецярбург Зыгмунт з’язджаў упэўнены, што знайшоў жанчыну, з якой хацеў бы звязаць сваё жыццё.

Яны лістуюцца, але перапіска раптоўна перарываецца на пачатку 1862-га. Серакоўскі не знаходзіў сабе месца: у апошнім з адасланых у Вільню лістоў ён прапанаваў Апалоніі стаць яго жонкай. Адказ не прыйшоў.

Каб заглушыць боль, Зыгмунт з галавой кідаецца ў працу, удасканальваючы свой праект рэформы войска. У 1861 у Расійскай Імперыі было ліквідавана прыгонніцтва, але ў адносінах да салдатаў працягвалі прымяняцца цялесныя пакаранні — Серакоўскі хацеў дамагчыся іх адмены. А на яго сумеснай з Янам Станевічам, таксама афіцэрам Генеральнага штаба, кватэры зімовымі вечарамі збіраецца гурток з ліку студэнтаў і афіцэраў — выхадцаў з Літвы і Беларусі.

Зыгмунт не ведаў, што маці Апалоніі — Дамініка Далеўская — была супраць шлюбу дачкі. І адаслала тую ў Ковенскую губерню, у мястэчка Кейданы, да сястры Юліі. Сястра была замужам за Беркманам, настаўнікам гімназіі і ўдзельнікам таемнай паўстанцкай арганізацыі. Менавіта з Кейданаў пры канцы сакавіка Зыгмунт атрымаў доўгачаканы ліст, у якім Апалонія напісала ўсяго некалькі радкоў, сярод якіх «я згодная».

На пачатку ліпеня Зыгмунта накіравалі ў Заходнюю Еўропу на шэсць месяцаў для дэталёвага знаёмства з парадкамі вайскова-выпраўленчых устаноў замежных армій. І ён адразу ж едзе ў Вільню, разам з сябрам Янам Станевічам. Адтуль выпраўляецца ў Кейданы і запрашае на вяселле студэнцкага таварыша Якуба Гейштара, будучага кіраўніка «белых» у паўстанні 1863.

Апошняя мазурка

У невялічкай хаце Беркманаў сабралася ўся сям’я Далеўскіх і запрошаныя сябры, сярод якіх Кастусь Каліноўскі і Антон Мацкевіч.

Шлюб адбыўся ў нядзелю 30 ліпеня (11 жніўня) 1862 у фарным касцёле св. Юзафа. Пазней Якуб Гейштар узгадваў: «Я адзін неяк стаў на ўзбоччы, бо мне было цяжка на сэрцы. Зыгмунт, паклаўшы мне руку на плячо, загаварыў: «А што ж, Куба, ці ты мне не пажадаеш?» О, я б яму і неба пажадаў! З узрушэннем я адказаў, звяртаючыся да абаіх, зычыў ім, каб знайшлі ў сабе ўзаемную радасць і моц для змагання з жыццём, бо шлюб — гэта саюз на вякі і не толькі на сумесную радасць, але і сумесны боль».

Апалонія Далеўская

Вяселле Зыгмунта і Апалоніі, якое пазней назвалі «апошняй мазуркай у Літве», прыцягнула ўвагу рускіх жандармаў. Край быў на ваенным становішчы, і ўсе масавыя мерапрыемствы былі забароненыя. У хату Беркмана завіталі «блакітныя мундзіры», але, пабачыўшы аксельбанты Генеральнага штаба на жаніху і яго сябры, рэціраваліся.

У Кейданах Зыгмунт прабыў тыдзень, а затым з жонкай праз Вільню і Варшаву выехаў за мяжу. Камандзіроўка ператварылася ў вясельнае падарожжа. Вена, затым Парыж. Днём Серакоўскі працаваў у архівах і бібліятэках, а вечарамі з жонкай наведваў музеі і тэатры. Але ў хуткім часе Апалонія захварэла і яе прыйшлося адправіць з Францыі дахаты.

У студзені 1863 капітан Серакоўскі вяртаецца ў Пецярбург і перадае ваеннаму міністру Мілюціну канчатковы праект аб адмене шпіцрутэнаў. На 17 красавіка было прызначана абвяшчэнне загаду аб адмене цялесных пакаранняў, за распрацоўку якога Серакоўскі атрымліваў чын палкоўніка.

«Мяне падманулі»

Але пра гэта Зыгмунт ужо не даведаўся, бо яшчэ 22 сакавіка (3 красавіка) выехаў у Вільню, дзе прыняў пасаду камандуючага паўстанцкімі сіламі Ковенскай губерні. Угаварыў яго Якуб Гейштар, які напярэдадні пад пагрозаю выдачы ўладам прозвішчаў «чырвоных» адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем Каліноўскага. Гейштар запэўніў Серакоўскага, што ўсё былое Вялікае Княства гатовае да паўстання як адзін чалавек, што паўсюль у паветах створаны запасы зброі і боепрыпасаў, а добраахвотнікі толькі і чакаюць сігналу. Гэта, мякка кажучы, было перабольшаннем, паколькі ўся праца Гейштара перад паўстаннем складалася з вандровак па шляхецкіх з’ездах і паездак у Варшаву.

3 (15) красавіка Серакоўскі разам з Апалоніяй прыбыў у Коўна. Пасля размовы з Баляславам Длускім, паплечнікам Каліноўскага, Зыгмунт зразумеў, што Гейштар яго падставіў. Якуб вырашыў скарыстацца аўтарытэтам афіцэра Генеральнага штаба, каб аб’яднаць паўстанцкія атрады, якія не хацелі падпарадкоўвацца «белым». «Мяне падманулі, ніхто і нішто не чакае мяне тут, акрамя смерці», — сказаў Зыгмунт жонцы. Але адступаць было позна. Серакоўскі адправіў Апалонію ў Кейданы, а сам накіраваўся ў панявежскія лясы арганізоўваць паўстанцкія сілы.

Місія князя Шахаўскога

Пасля некалькіх паспяховых аперацый Серакоўскага была жудасная параза пад Біржамі, Зыгмунт трапіў у палон. Яго выдала памешчыца Касцялкоўская, якая пашкадавала цяжкапараненаму брычку для перапраўкі ў Польшчу.

Куля раздрабіла Серакоўскаму тры рабры, але выявілі гэта не адразу і таму тройчы рабілі аперацыю. Быў нават складзены план па яго выкраданні і вывазе на чаўне ў бліжэйшы атрад, але паўстанец, каб не рызыкаваць сябрамі, не дазволіў яго здзейсніць.

Да параненага быў накіраваны адзін са сваякоў Мураўёва — князь Шахаўскі, вядомы сваімі ліберальнымі заявамі. Ён ведаў Серакоўскага па ўніверсітэце і акадэміі. Каля шпітальнага ложка Шахаўскі паспрабаваў разыграць ролю сябра і прапанаваў выдаць удзельнікаў паўстання. Пасля правалу гэтай спробы Мураўёў загадаў «неадкладна адкрыць над Серакоўскім ваенна-палявы суд». Генерал-губернатар разлічваў, што пасля нядаўна праведзенай трэцяй аперацыі смяротны прысуд канчаткова зламае параненага і ён дасць «чістосердечные показанія».

Павешанне замест расстрэлу

11 (23) чэрвеня каля ложка Зыгмунта адбыўся ваенна-палявы суд, які доўжыўся некалькі гадзін. Ліслівыя абяцанні чаргаваліся з пагрозамі, але нічога не прыносіла выніку. Таму суд прыняў рашэнне пакараць Серакоўскага смерцю.

13 чэрвеня Мураўёў зацвердзіў прысуд: «Определяю: Сераковского казніть смертью, но вместо расстрела — повесіть, ісполнів пріговор над нім в Вільно, на одной із площадей города публічно».

У ноч перад пакараннем Мураўёў зноў прапанаваў Серакоўскаму, са спасылкай на імператара, купіць жыццё і поўнае дараванне цаной здрады. Для большага ўздзеяння ў шпіталь да Зыгмунта прывезлі цяжарную Апалонію: «Усю дарогу я думала аб тым, каб утрымацца ад слёз, каб сваімі пакутамі не вярэдзіць яго раны. Каля ложка параненага стаяў стол, за якім сядзеў камендант Вяткін і нейкія члены камісіі, а ў дзвярах шэсць салдат, столькі ж за дзвярыма ў калідоры. Далі чвэрць гадзіны. Ад гэтых кароткіх пятнаццаці хвілін на ўсё доўгае цяжкае жыццё ў маёй памяці засталася бязмежная мука на твары любага, лоб, далоні і шчокі, якія гараць агнём, вочы яго, якія ззяюць ад шчасця, вусны, якія радасна ўсміхаюцца. Я ўстала на калені каля ложка». Пра смяротны прысуд Апалонія пачула ад самога мужа: «Зыгмунт пры развітанні не меў нават ніводнага слова надзеі, каб палегчыць няшчасце».

Пасля кароткай сустрэчы глыбокай ноччу жонка атрымала праз вайсковага доктара Гарадкова наступную запіску на аркушы, вырваным з Бібліі: «Анэлі мая! Даведаўся ўчора, што жыць і быць вольным змагу пры адной умове — выдачы асобаў, якія кіруюць рухам. Не ведаю нікога, але гнеўна адказаў, што калі б і ведаў, то і тады не сказаў бы. Дадзена мне зразумець, што падпісаў сабе смяротны прысуд. Калі трэба памерці — памру чыстым і незаплямленым. Скажы ж мне ты, Анэлі, няўжо я мог адказаць інакш? Я цябе кахаць буду, буду лунаць над табой і нашым немаўлём, а потым зноў сустрэнуся з табой на тым, іншым, свеце. Лічы, што ў панядзелак я буду мёртвы».

Экзекуцыя

Аднак ні дажыць да панядзелка, ні зноў пабачыць жонку Серакоўскаму не давялося.

15 (27) чэрвеня з самай раніцы ў Вільні быў рух. На Лукішскай плошчы ставілі шыбеніцу, па горадзе разляталася вайсковая музыка з пішчалкамі, якая сведчыла пра будучую экзекуцыю. На відовішча цягнуўся натоўп.

Ішла дзясятая гадзіна. Узброеныя салдаты абступілі пляц. Пачуліся галасы: «Едзе! Едзе!». Ад Пагулянкі дарогай, якая вяла са шпіталя, везлі Серакоўскага на адкрытым рысорным экіпажы. Зыгмунт стаяў, абапіраючыся на плечы ксяндза і шпітальнага служкі. Барабанны бой, які сустрэў яго на Лукішках, сціх, і ўся агромністая плошча запоўнілася мёртвай цішынёй.

Жоўты, хваравіты твар, валасы ў беспарадку і ясны позірк блакітных вачэй, які вышукваў у натоўпе знаёмых. Адным з іх аказаўся Якуб Гейштар, якому Зыгмунт даслаў знак хусткай, прабачаючы таварыша за падман.

Прысуд Серакоўскі слухаў моўчкі. Але калі пачуў, што расстрэл яму заменены на ганебнае павешанне, прамовіў: «Пратэстую перад Расіяй і Еўропай супраць гэтага прысуду!» Гукі барабанаў заглушылі яго словы. Гэта быў звычайны маскоўскі метад, якім пазбаўлялі апошняга слова многіх паўстанцаў.

Да Зыгмунта наблізіўся кат са смяротнаю кашуляю ў руках і, неасцярожна адзяваючы яе на пакаранага, дакрануўся да незагойнай раны. Серакоўскі ўзрушана крыкнуў: «Як смееш да мяне дакранацца, дурань!» — і адпіхнуў яго. Пасля секунднай разгубленасці кат кінуўся на Серакоўскага. Той крычаў і намагаўся адбіцца. Жаўнеры прыйшлі на дапамогу кату. Серакоўскага звязалі і пацягнулі пад шыбеніцу. Цяжкапаранены, Зыгмунт нават не здолеў самастойна стаць на крэсла. Апошнімі словамі з яго вуснаў натоўп пачуў: «Будзе воля Твая!»

 «Ласка» Мураўёва

У той жа дзень да Апалоніі завітаў дасланы Мураўёвым ураднік. Ад імя губернатара ён прапанаваў удаве знайсці новага мужа і дапамогу, каб выгадаваць будучае дзіця: «Оно должно быть лучшім подданным, чем его отец». Але Апалонія адмовілася. Тады Мураўёў асабіста загадаў выслаць яе ў Белазерск на поўначы Расіі. На заўвагу доктара, што тамтэйшыя ўмовы жыцця цяжарная жанчына проста не перанясе, генерал-губернатар заўважыў: «Тем лучше».

Апалонія даехала толькі да Ноўгарада, дзе мясцовыя ўлады дазволілі ёй спыніцца. Тут у кастрычніку 1863 нарадзілася яе дачка, названая ў гонар бацькі — Зыгмунта. Малая пражыла ўсяго год. Апалоніі ж было наканавана доўгае, поўнае выпрабаванняў і страт жыццё. Яе не стала 2 студзеня 1919 года. Да канца жыцця Апалонія Далеўская заставалася вернай свайму мужу — Зыгмунту Серакоўскаму.

***

Васіль Герасімчык. Гісторык, літаратар. Нарадзіўся 1987. Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, магістратуру Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта і Торунскага ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка. Пераможца конкурсу «Найлепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага».

 

0
Генэрал Голад / Адказаць
16.01.2016 / 12:13
Вечная памяць сапраўдным людзям.
0
Грустный русофил / Адказаць
16.01.2016 / 13:28
Вечная память борцам за Свободу!
11
Мудр / Адказаць
16.01.2016 / 15:11
Но нас настоящих белорусов эта история не касается, белорусы занимались своей сельской жизнью отнють и не лезли в борьбу за власть, которую польско-литовские паны вели против российской власти. Как не интересуются политикой и сейчас. Это только показывает, что белорусы, всесте с евреями, считали Речь Посполитую не своим государством, а панским!
Паказаць усе каментары/ 37 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру