Міністэрства культуры Беларусі пакуль не мае намеру самастойна выступаць з ініцыятывай аб прысваенні беларускай пісьменніцы, лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 года Святлане Алексіевіч нейкіх ганаровых званняў. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі 13 студзеня ў Мінску намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік.

Паводле закона «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры надзелена правам ініцыяваць прысваенне звання «Герой Беларусі» і іншых ганаровых званняў. Такія ж магчымасці ёсць у адміністрацыі прэзідэнта, парламента, урада і асобных міністэрстваў, рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, органаў мясцовага кіравання, грамадскіх аб'яднанняў і калектываў работнікаў.

Паводле слоў Чэрніка, міністэрства гатова разгледзець прапанову аб прысваенні Святлане Алексіевіч звання, калі такая паступіць ад грамадскіх аб'яднанняў «Саюз пісьменнікаў Беларусі», які ўзначальвае Мікалай Чаргінец, або «Саюз беларускіх пісьменнікаў» на чале з Барысам Пятровічам. Чаму Мінкультуры не збіраецца скарыстаць уласнае права ініцыятывы, Чэрнік не патлумачыў.

Такім чынам, пазіцыя ведамства па гэтым пытанні застаецца нязменнай. Нагадаем, 10 снежня міністр культуры Барыс Святлоў у гутарцы з журналістамі таксама заяўляў, што Мінкультуры гатовае разгледзець пытанне аб прысваенні Алексіевіч звання «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь», калі такая ініцыятыва паступіць ад творчых аб'яднанняў. 

Рашэнне аб прысуджэнні беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч прэміі па літаратуры было абвешчанае Нобелеўскім камітэтам 8 кастрычніка. Прэмія ўручаная за «шматгалоснае гучанне прозы і ўвекавечанне пакут і мужнасці». 10 снежня кароль Швецыі Карл XVI Густаў уручыў беларускай пісьменніцы медаль і дыплом Нобелеўскага лаўрэата на ўрачыстай цырымоніі ў Стакгольме. Ні цырымонію ўзнагароджання, ні прамову Нобелеўскага лаўрэата беларускія тэлеканалы не транслявалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?