Пандэмічным вірусам грыпу ў Беларусі ў гэтым эпідэміялагічным сезоне з'яўляецца А/H1N1, падобны на той, што выклікаў пандэмію ў 2009 годзе, паведаміла 14 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Паводле яе слоў, упершыню беларусы сутыкнуліся з гэтым падтыпам, які называецца «свіным грыпам», у 2009 годзе. 

«На гэты раз сітуацыя з захворваннем не паўторыцца, — сцвярджае прадстаўнік міністэрства. — Сёння ў Беларусі рэгіструюцца толькі спарадычныя выпадкі захворвання на грып. Апошнія два гады эпідэміі грыпу як такой у нас не было, узровень захворвання на грыпозную інфекцыю быў на даволі нізкім узроўні». Яна адзначыла, што медыкі «не чакаюць эпідэміі, але як звычайна, да яе рыхтуюцца». 

Спецыяліст упэўненая, што Беларусі не пагражае ўздым захворвання на грып як ва Украіне, дзе ўжо захварэлі больш за 2 млн. чалавек і памерлі, паводле розных звестак, ад 25 да 53 чалавек. Карабан не лічыць гэтую сітуацыю няштатнай: «На самай справе, ва Украіне нейкай ненармальнай сітуацыі з грыпам няма. Гэта звычайная эпідэмія, характэрная практычна для кожнага года. Часам яна праходзіць менш інтэнсіўна, часам больш, як цяпер». 

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Грыбкова таксама не бачыць нічога незвычайнага ў сітуацыі ў суседзяў: «Пачуўшы навіны аб тым, што ва Украіне ад грыпу памерлі дзясяткі чалавек, уключайце рэальнае мысленне, — адзначыла яна. — Што такое 53 выпадкі на ўсё насельніцтва? (на 1 лістапада 2015 года насельніцтва Украіны складала 42,6 млн. чалавек), — зазначыла Грыбкова. — Гэта звычайныя спарадычныя выпадкі. Акрамя таго, гэта людзі не прышчэпленыя, немаладыя, са спадарожнымі захворваннямі, якія ўскладняюць цячэнне постгрыпозных пнеўманій, людзі, якія позна звярнуліся. Гледзячы на сітуацыю ў нашых суседзяў, хачу паўтарыць, што самая эфектыўная прафілактыка грыпу — вакцынацыя. Таму ўсе абвінавачанні ў бок медыкаў у перыяд правядзення кампаніі па вакцынацыі ў лабіраванні фармацэўтычнай прамысловасці беспадстаўныя».

Яна падкрэсліла, што пандэмічны вірус H1N1 «абсалютна аналагічны вакцыннаму штаму, выкарыстанаму для прафілактыкі грыпу ў Беларусі на сезон 2015—2016, і тыя, хто прышчапіўся, ад яго абароненыя». 

Паводле слоў Карабан, у гэтым сезоне вакцынацыю прайшлі больш за 3 млн. 900 тысяч беларусаў, г.зн. 41,7% насельніцтва. Дзякуючы вакцынацыі, адзначыла спецыяліст, летась у параўнанні з 2010 годам захворванне на грып знізілася ў 52 разы: з 2.300 захварэлых на 100 тыс. насельніцтва ў 2010 годзе, да 44 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва ў 2015 годзе. 

У завяршэнне яна паведаміла, што ў гэтым сезоне ўздым захворвання чакаецца раней, чым звычайна — у канцы студзеня — пачатку лютага.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?