Аб'яднаная грамадзянская партыя гатова ўдзельнічаць у любых мерапрыемствах, якія рэальна будуць садзейнічаць кансалідацыі і аб'яднанню апазіцыі. Аб гэтым заявіў старшыня партыі Анатоль Лябедзька 14 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску. 

«На сёння мы не атрымалі інфармацыю, што кангрэс дэмакратычных сіл рэальна дасць імпульс аб'яднанню. У мяне стварылася ўражанне, што пакуль нават сярод ініцыятараў кангрэса няма агульнага бачання стратэгіі аб'яднання», — сказаў ён. 

У прыватнасці, адзначыў Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч з'яўляецца прыхільнікам байкоту і няўдзелу ў выбарах, Уладзімір Някляеў гаворыць, што трэба ісці на выбары і здымацца на апошнім этапе, Мікалай Статкевіч гаворыць, што трэба ісці да канца, а затым арганізоўваць плошчу. «Тры ініцыятары кангрэса і тры стратэгіі дзеянняў», — падкрэсліў ён. 

Лябедзька паведаміў, што на наступным тыдні прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі (АГП, рух «За Свабоду» і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя») сустрэнуцца з прадстаўнікамі аргкамітэта кангрэса. «Магчыма, штосьці змянілася і стане больш аптымістычна. Добра, калі б перад выбарчай кампаніяй была максімальная кансалідацыя, прычым не толькі праз заявы, але і канкрэтныя справы», — сказаў ён. 

Нагадаем, правядзенне кангрэса дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала 17 снежня група вядомых грамадскіх дзеячаў Беларусі. На наступны дзень Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч аб'явілі аб стварэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэса. Цяпер, акрамя названых палітыкаў, у склад аргкамітэта ўваходзяць Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў. Плануецца, што кангрэс адбудзецца вясной гэтага года.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?