Вяртанне кантролю над тэрыторыямі Данбаса будзе адным з прыярытэтаў уладаў краіны ў 2016 годзе, заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

«У 2016 годзе мы адновім украінскі суверэнітэт на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей», — сказаў ён на прэс-канферэнцыі ў чацвер.

«Вяртанне Данбаса будзе вырашацца палітыка-дыпламатычным шляхам», — дадаў Парашэнка.

У ноч на чацвер трохбаковай кантактнай групай пад эгідай АБСЕ была прызначаная чарговая дата поўнага спынення агню на ўсходзе Украіны. Да гэтага бакі дамовіліся пра абмен палоннымі.

Акрамя таго, прэзідэнт Украіны прапанаваў стварыць міжнародны дыпламатычны механізм для «дэакупацыі» Крымскага паўвострава.

«Мы прапануем стварыць міжнародны механізм для дэакупацыі паўвострава. Аптымальным фарматам для ўкаранення такога механізму з'яўляецца фармат «Жэнева плюс» пры ўдзеле нашых партнёраў з Еўрапейскага саюза, Злучаных Штатаў Амерыкі і, магчыма, краін-падпісантаў Будапешцкага мемарандума», — сказаў ён.

Гаворачы пра вынікі года, Парашэнка заявіў, што Украіна пераадолела залежнасць ад расійскіх энергарэсурсаў.

«Падсумоўваючы мінулы год, я не магу не сказаць пра энергетычную незалежнасць ад Расіі, якую мы ўжо ўвасобілі ў жыццё. Газавая іголка, на якой краіна сядзела дзесяцігоддзямі, здавалася нашым пажыццёвым праклёнам. Нават у самых смелых марах не магло ўявіцца, што мы калі-небудзь пераадолеем залежнасць ад расійскага газу», — заявіў прэзідэнт. Паводле яго слоў, Украіна яшчэ ў мінулым годзе пачала закупляць вялікую частку свайго газу ў еўрапейскіх краін.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?