Нашы часы — гэта пара́ абуджэння новае цікавасці да беларускай мовы. Кожны з нас, відаць, заўважыў, што з абуджэннем цікавасці, разварушылася таксама нейкая стыхійнасць у падыходзе да мовы. Вельмі часта новыя словы — гэта калькі, прыдуманыя па патрэбу цяперашняй часіны. Яны ўтвараюцца ў адказ на попыт новых шэрагаў рускамоўных моўцаў, што хочуць нанова засвоіць мову Дзядоў.

Іншым прадуктам гэтай тэндэнцыі стала цікавасць да даўнейшых слоў, якія ў дачыненні да расійскае мовы выглядаюць больш нязвыкла і арыгінальна.

Адно з такіх слова — гэта слова места.

Людзі слушна ўспомнілі, што слова гэта спрадвеку абазначае (між іншым) горад і пачалі яго ўжываць. Калі-нікалі. Гэтае слова даволі густа ўжываецца ў нашай народнай паэзіі, у казках, літаратуры, у помніках даўнейшага пісьменства і не дзіва, што мовазнаўцы шчыра прывіталі паварот гэтага назоўніка ў шырэйшы ўжытак.

Але ў нас усё не проста. Той-сёй, відаць, ачомаўся ад першай эйфарыі і пачаў памалу вяртацца да пэўнага моўнага парадку, зноў пачаў заглядаць у слоўнікі. У выніку гэтага некаторыя словы, што пачалі былі неяк круціцца ў штодзённым ужытку — ізноў страцілі былую ласку. Можна сустрэць грэблівыя акрэсленні такіх слоў: «змагарызм», «змагарскі жаргон» і г. д. Падыход «абы не па-руску» ўсё больш ганяць. Адным словам, наш маятнік пачаў рух назад. Ці добра гэта, ці кепска? Не ведаю.

Ці наша слова места гэта таксама прадукт несістэмнай пагоні за арыгінальнасцю? Мусіць жа не. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы фіксуе яго. Праўда, надае гэтаму слову вузейшы кантэкст. З аднаго боку ў слоўніку гэты назоўнік называецца састарэлым, а з другога — абласным. Адным словам — гэта нейкае даўнейшае акрэсленне, што збераглося не ва ўсіх абласцях Беларусі.

І праўда. У народных песнях, напрыклад, мы можам сустрэць такія фразы:

Ой, паеду я, бацюхна, на места,
Да прывязу, родненькі, нявесту… (в. Коўбавічы, Баранавіцкі р.)

Але калі мы запытаем чалавека, што значыць места — не ўсякі ўжо спомніць. Таму гэтае слова ў нейкай ступені слушна называецца састарэлым і, думаецца, павінна муляць вушы, калі мы гэтак называем сучасны мегаполіс, дзе хмарачосы наступаюць на даўнейшую забудову. Але памятайма, што забытыя словы — у нашай мове што ні крок. Неўзабаве моладзь не будзе разумець, што гэта яно трэба і рабіць. Таму ні ў якім разе нельга абракаць гэтаму цудоўнаму слову забыццё. Тут ніколі нельга быць катэгарычным. 

Зірнём у слоўнік. Дык вось у тлумачальным слоўніку слова места між іншым тлумачыцца як «рыначная плошча». Таму, калі камусьці муляе шырокае даўнейшае значэнне, то можна яго крыху звузіць. Можа, будзе ямчэй. Відаць, добрым значэннем для нашага назоўніка было б значэнне ’гістарычны цэнтр’. Напрыклад:

На месце, недалёка ад Высокага Рынку, адкрылася новая кавярня…

Хадзем прайсціся на места!

Ergo… Калі камусьці муляюць вушы «новыя» словы — варта зірнуць у тлумачальны слоўнік. Вельмі часта выяўляецца: тое, што мы лічылі за дыялектызм або гістарызм у сістэме літаратурнай мовы мае сваё месца і свой акрэслены кантэкст.

Таму зазірайце ў тлумачальны слоўнік, перш чым ракаваць. А яшчэ тлумачальны слоўнік часта можна выкарыстаць як аргумент на абарону сваёй моўнай рацыі. Калі мы ганім словы, то часта, не ведаўшы, абапіраемся на перакладныя слоўнікі. А тлумачальны больш важкі, аўтарытэтны і ў ім прыхільнік жывога слова не праміне знайсці сабе прытулак ды абарону ад нуднае сухое «газетчыны».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?