У нядзелю васьмю матчамі стартаваў васемнаццаты чэмпіянат Беларусі па футболе. Найлепшае ўражаньне на старце першынства зрабіў сталічны МТЗ-РІПА. «Трактаразаводцы» прымалі дома берасьцейскае «Дынама». У абодвух таймах МТЗ забіў па два мячы (дублі на рахунку Бардачова і бразыльца Нікаласа) – 4:0.

Чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ дома атрымаў цяжкую мінімальную перамогу над ждановіцкай «Дарыдай». Адзіны гол Генадзь Блізьнюк забіў з пэнальці на 84-ай хвіліне гульні. Прычым, адзінаццацімэтровы выглядаў не зусім відавочным. Матч скончыўся невялікай бойкай між футбалістамі каманд.

Даволі нечакана ў нічыю скончылася гульня між абсалютным дэбютантам лігі мікашэвіцкім «Гранітам» і «Гомелем». Прычым, срэбраныя прызёры мінулага першынства адыграліся толькі за 9 хвілін да фінальнага сьвістка – 1:1.

Нельга назваць удалым старт Ігара Крывушэнкі на чале менскага «Дынама». Каманда разыграла выніковую нічыю зь «Лякаматывам» – 2:2. Гульня двух менскіх каманд праходзіла ў Маладзечна, бо «чыгуначнікі» ня маюць свайго стадыёну ў сталіцы.

Дэрбі двух прадстаўнікоў Гарадзенскай вобласьці «Нёмана» і «Смаргоні» таксама прынесла нічыю – 2:2. Прайгралі ў першым туры абедзьве магілёўскія каманды. «Дняпро» прайграў «Нафтану» – 2:0, а «Савіт» саступіў «Віцебску» – 1:2.

Ну і ў цэнтральным матчы туру салігорскі «Шахцёр» атрымаў мінімальную перамогу ў жодзінскага «Тарпэда» – 1:0. Лёс гульні на другой хвіліне вырашыў аўтагол Якава Залескага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?