15.01.2016 / 18:01

За непрыбраны снег вакол асабістых аўтамабіляў плануюць штрафаваць 28

У Беларусі плануецца ўвесці адказнасць за непрыбраны снег вакол асабістага аўтатранспарту. Пра гэта паведаміў сёння журналістам міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў.

«Распрацаваны праект нарматыўна-прававога акта, які прадугледжвае кампетэнцыю мясцовых органаў улады зацвярджаць правілы добраўпарадкавання, у якіх будуць вызначаныя патрабаванні да ўтрымання тэрыторый. Мы кажам: тое, што сёння людзі выйшлі і зрабілі добраахвотна, будзе абавязкам», — адзначыў Церахаў.

Паводле яго слоў, праблема ўборкі двароў ад снегу застаецца актуальнай. «Магістральныя вуліцы ўжо ў прынцыпе ачышчаныя, не было дапушчана сур'ёзных збояў у руху грамадскага транспарту. Але вось дваровыя тэрыторыі, стаянкі аўтатранспарту ўяўляюць для нас пэўную праблему», — канстатаваў міністр. Асабліва востра яна стаіць у Мінску.

Аляксандр Церахаў падзякаваў тым, хто дапамог камунальным службам з расчысткай дваровых тэрыторый. «Людзі пачулі заклік і выйшлі на расчыстку. Але, на жаль, засталіся і нядбайныя гараджане, да якіх неабходна ўжываць меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Ёсць аўтамабілі, якія не проста пакідаюць на ноч пастаяць у дварах, але кідаюць на тры, пяць, сем дзён, некаторыя не выязджалі з пачатку зімовага перыяду», — растлумачыў ён.

Новаўвядзенне будзе накіравана на тое, каб грамадзяне ў абавязковым парадку прыбіралі тэрыторыю. «Задача — не аштрафаваць, не прыцягнуць да адказнасці. Мы хочам, каб грамадзяне выходзілі і прыбіралі тэрыторыю вакол сваіх аўтамабіляў. І тым самым зрабілі жыццё прасцейшым і сабе, і навакольным», — сказаў Церахаў.

Характарызуючы сітуацыю ў цэлым, Аляксандр Церахаў канстатаваў, што праведзеная праца па падрыхтоўцы жыллёва-камунальнай гаспадаркі да асенне-зімовага перыяду прыносіць свой плён. Насельніцтва забяспечана неабходным аб'ёмам якасных камунальных паслуг, не дапушчана сур'ёзных перапынкаў у водазабеспячэнні, водаадвядзенні.

«Былі моманты адключэння кацельняў па Мінскай і Магілёўскай абласцях, але дзякуючы своечасовым мерам мясцовых уладаў спажыўцы былі пераключаныя на мабільныя або рэзервовыя крыніцы сілкавання, таму цеплазабеспячэнне ажыццяўлялася ў штатным рэжыме. Арганізацыі ЖКГ гатовыя да выклікаў і пагроз, якія прыносіць з сабой непагадзь», — падсумаваў ён.

0
виталий / Адказаць
15.01.2016 / 18:17
Вот закрепят за мною определённое место,где парковаться буду только я,тогда согласен,а так шли бы вы далеко и без хлеба!
0
1 / Адказаць
15.01.2016 / 18:24
нет, не готовы они к выкликам
0
Дзед Талаш / Адказаць
15.01.2016 / 18:26
Свет не змяняецца - як звычайна, уладамаючыя хваляцца і пагражаюць простым людзям. Вось толькі тратуары ў гарбатым лёдзе, дзеці, гуляючыя ў двары, вымушаны бегаць па небяспечных заледзянелых дарожках. З дахаў на тратуары падаюць глыбы снегу. Хто іх будзе прыбіраць ? Прапаную штрафаваць міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі - "не каб штрафаваць, не каб прыцягнуць да адказнасці, а каб ён зрабуў жыццё прасцейшым і сабе, і навакольным".
Паказаць усе каментары/ 28 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру