Ніжняя палата парламента Таджыкістана аднагалосна прыняла папраўкі, згодна з якімі ў краіне забараняецца заключэнне шлюбаў паміж блізкімі сваякамі і ўводзіцца абавязковае медыцынскае абследаванне маладых пар перад вяселлем.

З гэтага часу ў Таджыкістане у шлюб забараняецца ўступаць стрыечным братам і сёстрам, а таксама дзядзькам і цёткам са сваімі пляменніцамі і пляменнікамі.

Трэба адзначыць, што практыка заключэння шлюбных саюзаў паміж бліжэйшымі сваякамі ў Таджыкістане шырока распаўсюджаная, асабліва ў горных, сельскіх раёнах рэспублікі.

Паводле дадзеных міністэрства аховы здароўя краіны, каля 30-35% дзяцей-інвалідаў народжаныя ад бацькоў, якія знаходзяцца ў блізкай роднасці, і гэта выклікае сур'ёзны непакой уладаў.

«Ёсць выпадкі, калі ў адной сям'і чатыры дзіцяці маюць заганы развіцця. І яны народжаныя ад пар у блізкароднасных саюзах. Ад здаровых бацькоў нараджаюцца глухія, сляпыя дзеці. Мы правялі маштабнае абследаванне па ўсёй краіне, і па выніках высветлілася, што прычынай інваліднасці стаў менавіта фактар роднасных шлюбаў», — распавяла таджыкскі дэпутат Гулбахор Ашурава.

Папраўкі, прынятыя да закона «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану» і ў Сямейны кодэкс краіны, уступяць у сілу з 1 ліпеня 2016 года.

У дадзены момант урад краіны, які прапанаваў гэтыя папраўкі, вызначае пералік медыцынскіх аналізаў, якія павінны здаць перад вяселлем маладыя пары, механізм кантролю за роднаснымі сувязямі тых, хто ўступае ў шлюб, а таксама пакаранне, якое будзе прадугледжана ў выпадку невыканання прынятых нормаў.

Мяркуецца, што да парушальнікаў закона будуць прымяняцца штрафныя санкцыі.

Таджыкскія дэпутаты прызнаюцца, што першапачаткова многія парламентарыі таксама былі супраць новаўвядзенняў, адмаўляючыся падтрымаць забароны на традыцыі, якія маюць шматвяковую гісторыю.

«У многіх таджыкскіх сем'ях лічаць, што шлюбы з блізкімі сваякамі гарантуюць бяспеку і добрае стаўленне да жанчыны. Такія шлюбы, на думку людзей, яшчэ больш змацоўваюць сваяцкія адносіны. Аднак на практыцы ў выпадку разводу канфлікты і крыўды паміж сваякамі могуць быць значна страшнейшыя, чым калі б гэта былі чужыя людзі. Перастаюць камунікаваць блізкія сваякі — сёстры, браты. І крыўда можа цягнуцца гады, а то і ўсё жыццё», — тлумачыць Ашурова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?