У сталіцы Буркіна-Фасо Уагадугу завяршылася спецаперацыя па вызваленні закладнікаў з захопленага ісламістамі гатэля Splendid, у якім часта селяцца прадстаўнікі заходніх краін.
126 чалавек вызваленыя. Прынамсі 22 чалавекі загінулі. Дадзеных аб нацыянальнай прыналежнасці загінулых і пацярпелых пакуль няма.
Як паведамляюць у міністэрстве бяспекі заходнеафрыканскай краіны, трое баевікоў забітыя.
«Сярод іх адзін араб і двое афрыканцаў», - цытуе Рэйтэр міністра бяспекі Сімона Кампаарэ.
У штурме гатэля ў сталіцы ўдзельнічалі вайскоўцы Буркіна-Фасо пры падтрымцы французскіх спецслужбаў.
Паступае неправераная інфармацыя аб тым, што баевікі маглі напасці на гатэль, які знаходзіцца непадалёк.
Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд назваў «агідным» напад на гатэль у былой французскай калоніі.
Адказнасць за напад ўзяла на сябе звязаная з «Аль-Каідай» групоўка «Аль-Каіда ў краінах ісламскага Магрыба».
4-зоркавы гатэль Splendid, у якім жывуць супрацоўнікі ААН і спыняюцца турысты з заходніх краін, напалі позна ўвечары ў пятніцу.
Па словах відавочцаў, спачатку побач падарваліся два аўтамабілі, затым група ўзброеных людзей у масках атакавала будынак і захапіла яго, нягледзячы на ўзброены супраціў аховы.
Нападнікі таксама ўварваліся ў папулярнае сярод замежнікаў кафэ Cappuccino, і, як сказаў адзін з афіцыянтаў, застрэлілі там некалькі чалавек.