Учора ў перадачы «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь-1» быў паказаны рэпартаж пра затрыманага ў Мінску баевіка «ДНР». Тэлевізійшчыкі паведамілі, што 29-гадовага мужчыну (раней паведамлялася, што яму 35 гадоў) затрымалі проста на мінскім вакзале.

З сабой ён меў узнагароды, а таксама відэакадры з перадавой, якія даказваюць ягоны ўдзел у баявых дзеяннях.

У баевіка пазыўны «Тарас». Ягоныя калегі ў відэа кажуць: «Гэта Тарас, ён зусім «бязбашанны» на галаву. У Тараса зусім «башні» няма».

На кадрах «Тарас» дэманструе, як будзе забіваць праціўнікаў. Сам «Тарас» у кароткай нарэзцы размаўляе аднымі матамі.

Ён служыў у брыгадзе «Усход» больш за год. У вучэбцы «Тараса» пратрымалі ўсяго дзень, бо ў яго за плячыма была служба ў беларускім войску. Ён быў разведчыкам, удзельнічаў у баях за Данецкі аэрапорт.

Сам «Тарас» выхваляўся, што забіў больш за 100 чалавек. Ён меў з сабой узнагароду «За баявыя заслугі».

«Тарас» быў затрыманы 10 студзеня. Ён знаходзіўся ў вышуку праз нясплату аліментаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?