Тэма сінтаксісу — адна з найбольш цікавых для сучаснага мовазнаўства. Кажуць, што якраз сінтаксіс робіць з пэўнай колькасці элементаў бясконцую плынь мовы, саму мову. Прыгледзімся лепш да асобных спецыфічных з’яў нашага сінтаксісу.

Мовазнаўца Яўхім Карскі заўважыў у беларускай мове цікавую архаічную канструкцыю «давальны незалежны». Хто вывучаў лаціну, той знае аналагічную канструкцыю ablativus absolutus. Дык вось, беларуская жывая мова зберагла dativus absolutus. У помніках даўнейшага пісьменства яна выкарыстоўваецца для азначэння часу:

Таго ж року 1606 Дмітр Іванавіч, будучы яму каранаванаму царом на Маскве, не парадзіўшыся ані пытаўшыся сыноў баярскіх, па сваёй яму волі, па сваёй мыслі, паслаў і, змовіўшы панну зацную за сябе ў пана ваяводы сандамірскага ў Полшчы; якаж оныя паслы, змовіўшы панну, прывезлі на Маскву і самога пана сандамірскага ваяводу, так жа з нім многа множаства добрых, зацных паноў і паней і панянак зацных шляхетных[1]. (Баркулабаўская хроніка)

Гэта значыць «калі ён быў каранаваны царом на Маскве…».

Яўхім Карскі, першы даследчык сінтаксісу беларускай мовы, прыводзіць такія прыклады: самому зрабіўшы — дак грошы ў кармане будуць; ідучы нам па ягады, сустрэўся ляснік. Канструкцыя гэта можа мець розную форму, але ў ідэале складаецца, відаць, з дзеепрыслоўя і назоўніка або займенніка. Мы бачым, што гэтая канструкцыя нібыта замяняе даданы сказ: Калі сам зробіш — грошы будуць. Гэтак жа сама і ў лаціне і ў старажытнагрэчаскай мове.

Праўдападобна, што дзеепрыслоўе ў дадзеным выпадку — гэта закасцянелы дзеепрыметнік. Прыклады ўжывання падобных канструкцый у іншых мовах паказваюць, што адна частка канструкцыі можа апускацца. Таму, можна меркаваць, што хрэстаматыйныя падручнікавыя «памылкі» накшталт «пераходзячы праз дарогу, з кішэні выпаў кашалёк» — гэта той сам давальны незалежны з апушчаным займеннікам: «пераходзячы мне праз дарогу…»= «калі я пераходзіў праз дарогу». У літаратуры мы сустракаем нешта вельмі падобнае:

З боку гледзячы, жыццё ідзе — роўна вада плыве. (Цётка, «Зялёнка»)

Устаўная канструкцыя «што робячы!», відаць, таксама магла развіцца паводле аналогіі да развіцця канструкцыі давальны незалежны. Таму, калі вы сустрэліся з падобнаю формай — не спяшайцеся класіфікаваць яе як памылку. Мала таго — Язэп Лёсік раіў гэтай канструкцыяй замяняць некаторыя штучныя звароты з прыназоўнікамі:

Дзеепрыслоўнікамі з 2-га давальнага склону можна замяніць неўласцівыя беларускай мове звароты на азначэнне часу, умоўнасці, што выражаны дзеяслоўнымі йменнікамі з прыменнікамі «пры», «на», «пасля» ў безасабовых сказах, дзе дзейнік стаіць у родным склоне. Напрыклад, замест: «пры чытанні яму здавалася, што…» лепш сказаць: «чытаючы яму здавалася, што…» і т. далей[2].

Можна яшчэ адзначыць, што згушчэнне такіх канструкцый назіраецца на беларуска-літоўскім паграніччы[3]. Магчыма, што прычына яе захавання на гэтай тэрыторыі — закон перыферыі, калі архаічныя формы захоўваюцца на перыферыі і паграніччы розных культур лепей, чым у цэнтры. Пра гэты закон казаў мовазнаўца Генадзь Цыхун у лінгвістычнай перадачы Моўнік на Белсаце[4].

Праўда вам выбівалі гэтыя канструкцыі ў школе? Мусіць, варта аднавіць.

* * *

[1] Баркулабовський літопис, [online:] http://litopys.org.ua/psrl3235/lytov11.htm [дата доступу: 02.12.2015].

[2] Я. Лёсік, Некаторыя ўвагі да беларускай літаратурнай мовы, http://mowaznaustwa.ru/2010/01/21/ya-lyosik-nekatoryya-%D1%9Evagi-da-belaruskae-litaraturnae-movy-i-iii/ [дата доступу: 02.12.2015].

[3] Гл.: Э. Блінава, Е. Мяцельская, Беларуская дыялекталогія, Мінск 1980.

[4] Гл.: Моўнік, Так гавораць на Падляшшы, https://www.youtube.com/watch?v=XB9r6Y2KcXA [дата доступу: 02.12.2015].

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?