Прыкладна 250 тысяч грамадзян Беларусі могуць прэтэндаваць на атрыманне «карты паляка». Пра гэта ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву Украінскія навіны паведаміў намеснік дырэктара консульскага дэпартамента Міністэрства замежных спраў Польшчы Войцэх Тычыньскі.

Паводле яго слоў, Беларусь займае другое месца сярод краін Усходняй Еўропы па колькасці грамадзян польскага паходжання. Першае месца займае Літва (400 тысяч чалавек), трэцяе — Украіна (140 тысяч).

В.Тычыньскі зазначыў, што ўсяго Польшча плануе выдаць больш як 1 млн. «карт паляка», у тым ліку ад 100 да 200 тысяч у 2008 годзе. «У нас няма прагнозаў па краінах. Усё будзе залежаць ад зацікаўленасці ў атрыманні такой карты», — сказаў В.Тычыньскі.

Ён таксама зазначыў, што дакументы на атрыманне карты будзе разглядаць консул, а сама карта будзе вырабляцца ў Польшчы. Пры гэтым В.Тычыньскі падкрэсліў, што «карта паляка» не будзе замяняць польскую візу. Для ўезду ў краіну ўладальніку карты давядзецца атрымліваць візу, якая будзе выдавацца бясплатна. Разам з тым, сказаў прадстаўнік польскага МЗС, за атрыманне шэнгенскай візы ўладальнікам «карты паляка» давядзецца плаціць.

В.Тычыньскі таксама паведаміў, што Польшча выдзеліла на арганізацыю выдачы «карты паляка» ў 2008 годзе 13,3 млн. злотых (6,05 млн. долараў).

Як раней паведамляў БелаПАН, 31 сакавіка пасольства Польшчы ў Мінску пачало прыём дакументаў беларускіх грамадзян для атрымання «карты паляка». За тыдзень прыкладна 30 чалавек ужо падалі дакументы, па кансультацыю звярнуліся прыкладна 150 чалавек.

Тацяна Каравянкова, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0