Як паведаміў сам спадар Памяранцаў, рашэнне пакінуць пасаду выканаўцы абавязкаў дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме было яго ініцыятывай.

«У мяне ёсць фірма ў Латвіі і рахункі за мяжой, — распавёў Памяранцаў. — Калі я пагадзіўся прыйсці на працу ў Нацагенцтва, гэтая акалічнасць ні для каго не была сакрэтам. У той жа час вядома, што такія чыннікі, як наяўнасць рахункаў за мяжой у беларускага чыноўніка і ўласны бізнес, супярэчаць беларускаму заканадаўству. Увесь гэты час я быў выканаўцам абавязкаў, але дамовы я не падпісваў. Быў загад начальніка Дэпартамента па турызме Вадзіма Кармазіна і генеральная даверанасць намесніка міністра Міхаіла Партнога. Мне, вядома, было ўсё адно, як называецца мая пасада і які мой статус, але фактычна ўвесь гэты час я быў у падвешаным стане. Я хачу, каб мяне правільна зразумелі. Я ішоў не дзеля высокіх пасад і зарплаты, у мяне ёсць сродкі да існавання. Я хацеў дапамагчы беларускаму турызму. Магу паведаміць, што мая афіцыйная зарплата была паўтара мільёна беларускіх рублёў, з усімі надбаўкамі некалькі разоў выплачвалі да 10 мільёнаў, але, напрыклад, у лістападзе наскрэблі толькі тры мільёны. Я нічога ніколі не прасіў. Але, калі мяне папрасілі зачыніць рахункі, перапісаць фірму на жонку, для таго каб мяне афіцыйна зацвердзілі на пасадзе, — гэта значыць фактычна сысці ў мінус, я, натуральна, прыняў рашэнне сысці. У мяне трое дзяцей, мне трэба іх карміць. Я ішоў у Нацагенцтва, бо ў мяне была выразная упэўненасць, што я магу дапамагчы. Але я адчуў, што, знаходзячыся ў сістэме, я не магу змяніць сістэму — хутчэй, сістэма пачынае мяняць мяне. А гэта ўжо наўпроставая пагроза. Таму, думаю, што я змагу быць эфектыўным і дапамагаць беларускаму турызму, знаходзячыся па-за сістэмай. Я працую ў турбізнесе, у мяне фірма ў Латвіі, якая займаецца кансалтынгам, маркетынгам, прасоўваннем у сферы авіяцыі. Я ўпэўнены, што змагу быць вельмі карысным беларускаму турызму».

Рыгор Памяранцаў ўзначаліў Нацыянальнае агенцтва па турызме Беларусі ў пачатку лета 2015 года. Турыстычная грамадскасць бурна вітала прызначэнне на пасаду галоўнага «піяршчыка» Беларусі былога менеджара AirBaltic. Зрэшты, ужо тады гучалі сумневы ў тым, што Рыгор зможа надоўга затрымацца «ў сістэме».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?