Найбліжэйшымі месяцамі інфляцыя ў Беларусі можа паскорыцца, лічаць аналітыкі расійскага «Сбербанка». На іх думку, рост спажывецкіх цэн у краіне стане вынікам рашэнняў урада, прынятых апошнімі тыднямі.

Эксперты нагадваюць, што па выніках 2015 года інфляцыя ў Беларусі склала 12%, што дакладна супала з афіцыйным прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця.

«Асноўным фактарам зніжэння інфляцыйнага націску застаецца паслабленне спажывецкага попыту. Усплёск спажывецкай актыўнасці застаўся ў мінулым, а магчымасці для падтрымкі ўнутранага попыту ў бягучых умовах вельмі абмежаваныя», — гаворыцца ў эканамічным аглядзе Цэнтра макраэканамічных даследаванняў расійскага «Сбербанка».

Разам з тым найбліжэйшымі месяцамі эксперты чакаюць паскарэння інфляцыйных працэсаў у Беларусі і бачаць для такога развіцця падзей дзве перадумовы.

«Па-першае, у канцы 2015 года набыла моц пастанова Савета міністраў аб чарговай індэксацыі субсідаваных дзяржавай паслуг ЖКГ. У сярэднім павышэнне тарыфаў павінна скласці каля 4%. Па-другое, 11 студзеня ўрад унёс істотныя змены ў спіс тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай», — зазначаюць аналітыкі «Сбербанка».

На іх думку, у выніку таго, што дзяржава перастане кантраляваць на пастаяннай аснове цэны на хлеб, мяса, яйкі, малочную прадукцыю, сокі і іншыя тавары, інфляцыя можа паскорыцца.

«Цэнавая лібералізацыя можа прывесці да карэкцыі дзейных цэн на ўвесь пералік тавараў у бок іх павелічэння, што, у сваю чаргу, адаб'ецца на ўзроўні спажывецкай інфляцыі», — чакаюць аналітыкі.

Афіцыйны прагноз на 2016 год прадугледжвае, што інфляцыя ў краіне складзе 12%. Паводле ацэнак Міністэрства эканомікі, у выпадку захавання нізкіх цэн на нафту інфляцыя можа быць вышэйшай — 17-18%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?