У Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці мужчына спыніўся, каб падабраць жанчыну з дзіцем, якія галасавалі на трасе. Ён узяў малога, а маці пакінуў на дарозе.

Паводле інфармацыі БелаПАН, выпадак адбыўся 12 студзеня. Жанчына з сынам лавілі папутку. Калі перад імі спыніўся «Форд», жанчына пасадзіла 8-гадовага хлопчыка ў аўтамабіль на пярэдняе сядзенне і пайшла да багажніка, каб паставіць сумкі. У гэты час кіроўца рвануў з месца, пакінуўшы маці на трасе.

Неўзабаве кіроўцу затрымалі. Высветлілася, што ён ехаў за стырном машыны, якую нядаўна скраў. Сам ён — з Бабруйска. Спачатку мужчына прыехаў у пасёлак Рабкор на дызель-цягніку. Накіраваўся са станцыі ў пасёлак, але па дарозе ўбачыў аўтамабіль «Форд», які стаяў з працуючым рухавіком.

Аўтамабіль быў незачыненым, і зламыснік наўпрост сеў і паехаў на ім у напрамку вёскі Ражанаў. Гаспадар аўто, выявіўшы прапажу, неадкладна паведаміў у міліцыю і кінуўся наўздагон са знаёмым на яго аўтамабілі. Праз некалькі хвілін да пераследу падключыўся аўтамабіль ДПС ДАІ з уключанымі маячкамі.

Убачыўшы гэта, зламыснік, які паспеў за гэты час скрасці яшчэ і малога, спыніўся і быў затрыманы. Дзіця не пацярпела.

У той жа дзень у дачыненні да падазраванага была заведзена справа за выкраданне транспартнага сродку, а таксама прызначаныя розныя экспертызы, у тым ліку псіхолага-псіхіятрычная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?