07.04.2008 / 19:50

Чорна‑белы сьвет 6

Шырока адзначаць саракагодзьдзе з дня нараджэньня не прынята — кажуць, кепская прыкмета. Адзначаць сорак гадоў з дня сьмерці чалавека юбілейным артыкулам тым больш не выпадае. Нават калі гэты чалавек — Марцін Лютэр Кінг. Але такога чалавека і ягоную трагічную гібель, прынамсі, варта ўспомніць. Піша Віталь Тарас.

Піша Віталь Тарас.

Шырока адзначаць саракагодзьдзе з дня нараджэньня не прынята — кажуць, кепская прыкмета. Адзначаць сорак гадоў з дня сьмерці чалавека юбілейным артыкулам тым больш не выпадае. Нават калі гэты чалавек — Марцін Лютэр Кінг. Але такога чалавека і ягоную трагічную гібель, прынамсі, варта ўспомніць. Хоць гадавіна сьмерці Кінга засталася амаль не заўважанай у патоку паведамленьняў на розныя іншыя тэмы…

У яго была мара

4 красавіка 1968 году пастар Марцін Лютэр Кінг быў застрэлены на бальконе гатэлю «Ларэйн» у Мэмфісе, куды вядомы змагар за грамадзянскія правы прыбыў напярэдадні, каб падтрымаць страйк тамтэйшых камунальнікаў. Той год выдаўся ў ЗША шчодрым на гучныя палітычныя забойствы. Усяго праз два месяцы ў Каліфорніі будзе застрэлены кандыдат на прэзыдэнта ЗША сэнатар Робэрт Кенэдзі, брат прэзыдэнта Джона Кенэдзі, забітага ў 1963‑м.


У забойстве Марціна Лютэра Кінга прызнаўся Джэймс Эрл Рэй, дробны злодзей і расіст. На вінтоўцы з аптычным прыцэлам «Рэмінгтан», зь якой была выпушчаная сьмяротная куля, паліцыя знайшла адбіткі ягоных пальцаў. Праўда, пасьля суду, які прыгаварыў Рэя да 99 гадоў зьняволеньня, ён заявіў, што вымушаны быў узяць на сябе віну, каб пазьбегнуць электрычнага крэсла. Памёр Рэй у турме ў 1998 г.

На пахаваньне Марціна Лютэра Кінга ў Атланце прыйшлі 150 тысяч чалавек. Прэзыдэнт ЗША Ліндан Джонсан абвесьціў агульнанацыянальную жалобу.

Трэці панядзелак году ў ЗША цяпер адзначаецца як Дзень Марціна Лютэра Кінга. Дзякуючы яму, Кангрэс ЗША прыняў Акт аб правох, які фактычна ліквідаваў расавую сэгрэгацыю. Прамова Кінга «Я мару», зь якой ён выступіў падчас сацыяльнага маршу ў Вашынгтоне ў 1963 г., лічыцца адной з найлепшых у гісторыі аратарскага мастацтва ў сьвеце. Прамова завяршалася словамі негрыцянскага сьпірычуэлзу: «Свабодныя нарэшце! Свабодныя нарэшце! Слава ўсёмагутнаму Богу, мы свабодныя нарэшце!» Гэтыя словы пазначаныя і на магіле Марціна Лютэра Кінга. Каталіцкая царква прызнала яго пакутнікам за веру.

За сорак гадоў па яго сьмерці шмат што зьмянілася і ў ЗША, і ва ўсім сьвеце. Ці да лепшага — невядома. Адно можна сказаць пэўна — сьвет ня стаў менш складаным. Супярэчлівасьць і зьменлівасьць часу добра адлюстроўвае той факт, што цяперашні прэзыдэнт ЗША Джордж Буш прамаўляў словы падзякі вялікаму амэрыканцу за ягоны ўклад у амэрыканскую дэмакратыю падчас візыту ў сталіцу Харватыі Загрэб. Гэта адбылося на другі дзень пасьля таго, як Харватыя атрымала афіцыйнае запрашэньне далучыцца да НАТО на саміце ў Бухарэсьце.

Сорак гадоў таму Харватыя ўваходзіла ў склад Сацыялістычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславія. А Румынія была сябрам Варшаўскага пакту, створанага Масквой у процівагу Паўночна‑атлянтычнаму альянсу. У 1968 г. ніхто з палітыкаў ня мог бы прадказаць ні саміт НАТО, на якім будуць разглядацца прыём у гэты блёк Украіны і Грузіі, ні перамовы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі наконт гіпатэтычнага стварэньня сумеснай сыстэмы проціракетнай абароны ў Эўропе.

Яшчэ менш верагодным падалося б тады амэрыканцам, што сярод галоўных кандыдатаў на пост прэзыдэнта ў 2008‑м годзе будуць жанчына і цемнаскуры прэтэндэнт. Яшчэ ўчора перадвыбарчая сытуацыя ў ЗША здавалася заблытанай і непрадказальнай, а ўжо сёньня, бадай, мала хто сумняваецца, што на фінішы 4 лістапада застануцца рэспубліканец Маккейн і дэмакрат Барак Абама. І толькі цуд можа дапамагчы выйграць рэспубліканцам. У тым, што для Амэрыкі гэта рэальнасьць, ёсьць і заслуга Марціна Лютэра Кінга, які змагаўся за роўныя правы ўсіх людзей незалежна ад колеру скуры.

Чорныя пачынаюць

Нездарма амэрыканскі пісьменьнік Курт Ванэгут пісаў, што будучыню вызначаюць не палітыкі і не навукоўцы, але аўтары фантастычных раманаў. Большасьць тэхнічных цудаў, апісаных Жулем Вернам, хутка зрабіліся рэальнымі дасягненьнямі навукі й тэхнікі (касьмічная станцыя ЭС мае назву «Жуль Верн»). Назва сэрыі знакамітых мультымэдыя‑плэераў фірмы «Эпл» iPod была падказаная фільмам Стэнлі Кубрыка «Адысэя‑2000», дзе такую ж назву меў адмысловы касьмічны модуль.

Яшчэ не пасьпеў сысьці з экранаў фантастычны фільм, дзеяньне якога адбываецца ў далёкай будучыні, дзе выява Арнольда Шварцэнэгера фігуруе ў якасьці партрэта колішняга прэзыдэнта ЗША, як выканаўца ролі Тэрмінатара ўжо перамог на выбарах губэрнатара Каліфорніі. Праўда, стаць прэзыдэнтам яму пакуль не дазваляе закон — Шварцэнэгер імігрант.

Пасьля бліскучых роляў Дэнзэла Ўошынгтана, Уэсьлі Снайпса, Моргана Фрымэна (Марфэй у «Матрыцы») і Ўіла Сьміта (адзін зь «людзей у чорным») амэрыканскі глядач, трэба думаць, даўно зачакаўся зьяўленьня ня менш бліскучага кандыдата ў прэзыдэнты сярод афраамэрыканцаў. Цікава, што самі афрамэрыканцы, то бок — нашчадкі нэграў, вывезеных белымі гандлярамі з Афрыкі ў якасьці рабоў у ЗША, лічаць Барака Хусэйна Абаму як бы не зусім сваім. І ня толькі таму, што яго маці — белая амэрыканка (продкі якой, да таго ж, былі плянтатарамі!) а бацька — грамадзянін Кеніі. І не таму, што Барак нейкі час жыў і вучыўся ў Інданэзіі. Але яшчэ таму, што ён ніколі ня ўдзельнічаў у барацьбе за правы нэграў у Штатах, у адрозьненьне ад многіх чарнаскурых палітыкаў, для якіх праваабарончая дзейнасьць станавілася падмуркам іх кар’еры.

Характэрна, што Барак Абама ня браў непасрэднага ўдзелу і ў цырымоніі ў Мэмфісе (штат Тэнэсі), прысьвечанай гадавіне сьмерці Марціна Лютэра Кінга — у той момант палітык быў заняты перадвыбарчай кампаніяй у штаце Індыяна.

З другога боку, у такой пазыцыі кандыдата ад дэмакратаў ёсьць свая перавага. Ён не пазыцыянуе сябе як абаронцу афраамэрыканцаў, а выступае як шырокі палітык, для якога аднолькава важныя правы і інтарэсы ўсіх амэрыканцаў, у тым ліку і прадстаўнікоў расавых або іншых мяншыняў. У ягонай праграме больш важнае месца, чым правы, скажам, імігрантаў, займаюць праблема вываду амэрыканскіх войскаў з Іраку ды разьвіцьцё альтэрнатыўных крыніц энэргіі.

Тым ня менш, знаходзяцца палітычныя аглядальнікі ў Расеі, якія ці то жартам, ці то ўсур’ёз заяўляюць, што з прыходам Абамы ў ЗША можа пачацца новая эра, паколькі ў ягонай сьвядомасьці (ці падсьвядомасьці?) тояцца зусім іншыя, адрозныя ад эўрапейскіх, каштоўнасьці. І што? Пачнецца глябальная вайна чорных зь белымі?

Анджэла Дэвіс у поўны рост

Ня ўсё толькі кепскае было ў Савецкім Саюзе пры КПСС. У 1968 г. дзяржаўны антысэмітызм (па сутнасьці, адна з формаў расізму) калі і меў месца быць у сувязі з «агрэсіўнай палітыкай Ізраілю на Блізкім Усходзе», дык насіў строга кантраляваны і дазаваны характар. Уявіць сабе ў той час выступы з афіцыйнай трыбуны, кшталту таго, што дазваляюць сабе сёньня генерал Макашоў у Расеі альбо кіраўнік беларускай дзяржавы, было проста немагчыма. Тым больш нямысьліма было нават на побытавым узроўні лаяць нэграў, асабліва амэрыканскіх. Ім жылося, паводле афіцыйнай прапаганды, горай за ўсіх у сьвеце. Фраза «а ў вас нэграў лінчуюць» доўгі час была каронным аргумэнтам ў ідэалягічнай барацьбе паміж сацыялізмам і капіталізмам.

(Якім жа было адкрыцьцём для аўтара гэтых радкоў аднойчы даведацца, што сярод нэграў‑пратэстантаў быў і застаецца агромністы працэнт… зацятых антысэмітаў. Вось табе і барацьба за роўнасьць.)

Ці трэба казаць, што забойства Марціна Лютэра Кінга стала сапраўдным сьвятам для ўсяго штату савецкіх прапагандыстаў і «палітінфарматараў». Крыху пазьней, усяго праз чатыры гады, тэмай нумар для савецкай прэсы зрабілася нэгрыцянка Анджэла Дэвіс, якую кінулі ў турму паводле «сфальшаванага абвінавачаньня». Акцыі пратэсту пад лёзунгам «Свабоду Анджэле Дэвіс!» пракаціліся па ўсім сьвеце. Праўда, пасадзіць яе хацелі не за палітыку, а таму, што з ружжа, якое ёй належала, быў застрэлены судзьдзя. Паводле тагачаснага амэрыканскага закону, адказнасьць за забойства распаўсюджвалася і на ўладальніка зброі, нават калі ён ня меў дачыненьня да самога злачынства. Анджэла вырашыла зьбегчы ад правасудзьдзя, яе злавілі і пасадзілі ў турму на паўтара году. Пасьля гэта яна зрабілася сяброўкай ЦК кампартыі ЗША, а ў Маскве яе асабіста прымаў генэральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў.

Дагэтуль памятаю сваё ўражаньне ад карціны аднаго беларускага мастака, убачанай на пачатку 70‑х на выставе ў Мастацкім музэі БССР. Гэта быў партрэт Анджэлы Дэвіс у поўны рост. Асабліва запомніліся экзатычная пышная прычоска, танклявыя чорныя рукі ў наручніках, якія глядзеліся досыць сэксуальна, і лёгкая сукенка, на выгляд яўна зробленая не з амэрыканскай мануфактуры, а з таннага савецкага «сітчыка».

Паліткарэкцыя

Інтэрнацыянальная прапаганда за савецкім часам дзейнічала, мабыць, яшчэ й таму, што ў Савецкім Саюзе чорнаскурых імігрантаў было няшмат. Затое сёньня ў Расеі б’юць усіх, каго называюць «панаехалі тут», незалежна ад іх колеру скуры, разрэзу вачэй, ці формы носу. У тым ліку і нэграў.

Але ж нармальныя людзі заўсёды атрымлівалі асалоду ад музыкі Луі Армстранга, Арэты Франклін, Рэя Чарлза, Даяны Рос, хваляваліся за герояў амэрыканскіх фільмаў накшталт «Скаваных адным ланцугом» Стэнлі Крэймэра, захапляліся майстэрствам амэрыканскіх баскетбалістаў, баксёраў, легкаатлетаў. Алімпійскі чэмпіён у боксе Касыюс Клей, у наступным Мухамэд Алі, зрабіў цэлую эпоху ў спорце і палітыцы.

Некалі ўразілі кадры ў фільме Элема Клімава «Спорт, спорт, спорт…», узятыя зь кінахронікі Алімпіяды 1936 году ў Бэрліне. Чым бліжэй тады падбіраўся да аліміпійскага рэкорду ў скоках у даўжыню амэрыканскі цемнаскуры атлет Джэсі Оўэнз, тым больш выразна нэрваваўся Гітлер у сваёй ложы: ён ускокваў зь месца, узбуджана стукаў сябе па каленках. Арыйская тэорыя, якая ўзносіла моц белага чалавека, фізычную перавагу германскай расы, выдавалася сьмеху вартай.

Барацьба з расізмам, барацьба за роўныя грамадзянскія правы, якая дала ў ЗША несумненны станоўчы вынік, спарадзіла, аднак, яшчэ адну рэч, дакладней — артэфакт. Ён завецца паліткарэктнасьцю. Задуманая чыноўнікамі як падказка, свайго роду этычныя мыліцы для імігрантаў з усяго сьвету, паліткарэктнасьць рэжа вока ці не ва ўсіх галівудзкіх фільмах. Калі ў фільме ёсьць хоць адзін кепскі герой‑афраамэрыканец, побач абавязкова павінен быць як мінімум адзін станоўчы герой з такім самым колерам скуры. Тое ж тычыцца арабаў, людзей са «славянскім выглядам», а таксама сэкс‑меншасьцяў.

Думаецца, паліткарэктнасьць — гэта, усё ж, не зусім тое, пра што марыў Марцін Лютэр Кінг 45 гадоў таму. Ён казаў : «…Я мару, што прыйдзе дзень, калі наша нацыя дажыве да сапраўднага сэнсу свайго дэвізу: «Мы лічым самавідавочным, што ўсе людзі створаныя роўнымі».

Хутчэй бы і ў Беларусі гэта сталася для ўсіх відавочным.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Віталь Тарас

0
Юрась / Адказаць
07.04.2008 / 23:08
Чакайце! Морган Фрымэн гэта не Марфэй з «Матрыцы»!
0
чытач / Адказаць
08.04.2008 / 00:14
Цікава было б даведацца ў якой ступені беларускае грамадзтва хворае на расізм і антысіметызм? Наогул 1968 год з'яўляецца годам у які адбылося вельмі шмат знакавых падзеяў, якія прадвызначылі ход ХХ стагоддзя. Цікава як 1968 зачапіў Беларусь. Чым ён вызначыўся?
0
Паўлюк / Адказаць
08.04.2008 / 10:52
«Калі ў фільме ёсьць хоць адзін кепскі герой‑афраамэрыканец, побач абавязкова павінен быць як мінімум адзін станоўчы герой з такім самым колерам скуры». На маю сьціплую думку, чалавек, які праводзіць такія падлікі, гледзячы фільм, – колькі адмоўных і колькі станоўчых пэрсанажаў скуру якога колеру маюць, – так бы мовіць, не зусім вольны ад расісцкіх сымптомаў. Ці лічыце вы, колькі адмоўных і колькі станоўчых пэрсанажаў брунэты і колькі бляндыны? Тут успамінаецца цудоўны ўзор з амэрыканскага мультсэрыялу South Park. У той час, як чорныя дарослыя пратэстуюць супраць таго, што на сьцягу гораду белыя лінчуюць чорнага, а белыя абараняюць сьцяг, кажучы пра Традыцыю (о, Традыцыя!), дзеці, як высьвятляецца, бачаць, што на яго выяве чатыры чалавекі забіваюць аднаго чалавека. І ўсё.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру