Судом Маскоўскага раёна Мінска апазіцыйны актывіст Максім Вінярскі аштрафаваны на 50 базавых велічыняў (10 500 000 рублёў). Такая пастанова вынесена судом 19 студзеня, паведаміў Вінярскі ў «Фэйсбуку».

Адміністрацыйныя справы ў дачыненні да яго, а таксама да яшчэ аднаго апазіцыйнага актывіста Аляксандра Макаева былі распачатыя па артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у акцыі, якая прайшла ў Мінску 24 лістапада і была прысвечана памяці зніклых апазіцыйных палітыкаў і гадавіне канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года.

Макаева судзілі ў першай палове дня 19 студзеня, і суддзя Аляксандр Петраш прыгаварыў яго да штрафу ў 45 базавых велічынь (9 450 000 рублёў).

Максіма Вінярскага судзілі ў другой палове дня. Як удакладняе праваабарончы сайт spring96.org, у пачатку судовага пасяджэння Вінярскі заявіў адвод у сувязі з незаконным, на яго думку, прысудам Аляксандру Макаеву. «Я лічу, што вы сваімі дзеяннямі праводзіце палітычную правакацыю», — сказаў ён суддзі. У выніку Вінярскага аштрафавалі на 50 базавых велічынь.

Нагадаем, 5 студзеня актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі быў прызнаны судом вінаватым у двух адміністрацыйных правапарушэннях і прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе штрафу ў 70 базавых велічынь (14 млн. 700 тыс. рублёў) шляхам поўнага складання па двух артыкулах КоАП. Вінярскі абвінавачваўся па ч. 3 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, учыненае паўторна на працягу года) за ўдзел у студэнцкім маршы 2 снежня 2015 года. Падчас разгляду справы Вінярскага суддзя распачала ў дачыненні да яго яшчэ адну справа — па ч. 1 арт. 24 КоАП (непавага да суда).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?