Малюнак Сяргея Харэўскага.

Cловазлучэнне «Пішчалаўскі замак» чулі многія. Назва гэта ўжо архаізм, як і «Валадарка». Цяпер правільней называць гэты аб’ект СІЗА №1. Пра міфы і легенды, звязаныя з будынкам і яго будаўніком Рудольфам Пішчалам, мы распавядалі ў артыкуле «12 міфаў пра Пішчалаўскі замак: абвяржэнне» на сайце NN.BY. Цяпер пазнаёмімся бліжэй з легендарным «графам Пішчалам» — і гэта будзе першая біяграфія чалавека, які пакінуў такі прыкметны помнік гісторыі і архітэктуры Мінска.

Рудольф Пішчала не быў ні архітэктарам, ні ўласнікам «гатычнага замка». У 1821, калі ў Мінску востра паўстала пытанне аб будаўніцтве новай турмы, ён прапанаваў самую выгадную цану і выйграў тэндар (ці, як тады называлі, публічныя таргі) на яе пабудову.

На той час яму было 33 гады. Нарадзіўся ж наш герой у шляхецкай сям’і харунжага коннай гвардыі войскаў ВКЛ Станіслава Пішчалы і Кацярыны з роду Прысецкіх 7 красавіка 1788 у фамільным маёнтку Гарадзішча на паўднёвым захадзе ад Мінска, на берагах легендарнай ракі Менкі. Немаўля было ахрышчанае 2 кастрычніка ў Мінскім Марыінскім касцёле і названа Рудольфам-Міхалам. Ён быў прамым нашчадкам князёў Крошынскіх, якія вялі свой радавод ад Гедыміна.

У адрозненне ад біяграфіі Рудольфа, лёс яго бацькі Станіслава падрабязна вывучаны гісторыкам Фёдарам Чарняўскім (гл. другі том кнігі «Ураднікі Менскага ваяводства XVI—XVIII ст.»). Станіслаў быў сынам оберст-лейтэнанта войскаў ВКЛ Дамініка і Кацярыны з Мядускіх. Увогуле, род Пішчалаў адыгрываў не апошнія ролі ў Мінскім павеце і Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства, хоць магнатамі іх не назавеш — уладанні абмяжоўваліся маёнткамі Гарадзішча, Грынькоў, Баслані, Боханаў, Бракавец. Мелі і пляц у Мінску на Раманаўскай слабадзе, дзе ў 1825 і была пабудавана турма.

Гэты род быў больш за трыста гадоў звязаны з легендарным Гарадзішчам. Бо менавіта тут, на думку некаторых даследчыкаў, і вырас першапачатковы Менск, які пасля «пераехаў» на месца ўпадзення Нямігі ў Свіслач. Гэтым маёнткам сям’я Пішчалаў валодала ўжо ў 1598, калі Іван Пішчала атрымаў ад караля і вялікага князя Жыгімонта III прывілей на правядзенне кірмашоў у мястэчку Гарадзішча.

Тры сястры

Неўзабаве пасля нараджэння Рудольфа, 20 студзеня 1789, Станіслаў Пішчала атрымаў пасаду стражніка (адну з найніжэйшых у мясцовай іерархіі) Мінскага ваяводства. Пасада вызвалілася пасля сыходу ў адстаўку яго цесця Ігната Прысецкага. Памёр Станіслаў Пішчала 20 лістапада 1807 і пахаваны на Гарадзішчанскіх могілках. Маці Рудольфа Кацярына нашмат перажыла мужа і памерла ў 60 гадоў 29 сакавіка 1831 у Мінску, пакінуўшы пасля сябе, апроч сына Рудольфа, трох дачок. Яна пахаваная побач з мужам.

Тры сястры Рудольфа Пішчалы дажылі да сур’ёзнага веку: Караліна памерла ў 74 гады (1872), Тэкля ў 80 (1877), а Генрыета (1893) у 103 гады! Пахаваныя ўсе тры на Кальварыі, магілы захаваліся. 

На Кальварыі захаваліся пахаванні трох родных сёстраў Рудольфа Пішчалы.

Нягледзячы на багацце, замужам з трох сёстраў была толькі Караліна, па мужу Паржэцкая. У Караліны і калежскага саветніка Язэпа Паржэцкага было трое дзяцей: Кацярына, Язэп і Генрых. У апошняга з жонкай Верай — таксама трое: Рудольф (відаць, названы ў гонар любімага дзядзькі), Язэп і Караліна, па мужу Веранбоўская, якім і перайшоў у спадчыну ў канцы ХІХ стагоддзя маёнтак Гарадзішча.

У 1811 Рудольф Пішчала скончыў Віленскі ўніверсітэт і пачаў сваю паўвекавую чыноўніцкую кар’еру. Пра займаныя ім пасады і асабліва абставіны звальнення будзе ніжэй.

Развод

А 12 сакавіка 1811 у Мінскім Марыінскім касцёле адбылося вянчанне 23-гадовага Рудольфа Пішчалы і Юліі Ратынскай. Яны пражылі разам каля 15 гадоў, але так і не мелі дзяцей. І вось 17-га лютага 1829 у тым жа касцёле адбываецца вянчанне Рудольфа Пішчалы і 27-гадовай Сафіі, дачкі Людвіка і Ізабелы з Тэпераў, Камінскай Рэйтанавай. І Рудольф, і Сафія, як сведчыць метрычная кніга, разведзеныя. Развод у каталікоў немагчымы — можна толькі даказаць, што першы шлюб быў узяты з парушэннямі, а значыць, яго ніколі і не было. Відаць, Рудольф і Юлія «ўспомнілі» нейкую прычыну.

Найхутчэй, прычынай разводу стала адсутнасць дзяцей у шлюбе. У тыя часы вінаватай у гэтым звычайна лічылі жанчыну. І Юлія магла ўспрымацца як «бракаваная», у той час як у Сафіі быў важкі аргумент на яе карысць: трое дзяцей ад першага шлюбу.

Так, маладая была не дужа маладая ды, як цяпер кажуць, з «прычэпам». У Сафіі ад шлюбу з Дамінікам Рэйтанам (пляменнікам таго самага Тадэвуша Рэйтана, які пратэставаў супраць падзелу Рэчы Паспалітай) было трое дзяцей: Сцяпан, Людвіка і Алена.

Але Рудольфа гэта не спыніла, бо, па-першае, вялікае значэнне мелі багацце і ўплывовасць сям’і нявесты. Ажаніўшыся з Сафіяй, Пішчала ўвайшоў у мінскае найвышэйшае кола, што адпавядала і яго тагачаснаму высокаму становішчу — прэзідэнта (старшыні) 1-га дэпартамента Мінскага галоўнага суда. Па-другое, род Пішчалаў знаходзіўся ў катастрафічным становішчы. Былі такія-сякія маёнткі, чыны і пасады, але не было спадкаемцаў мужчынскага полу. У 1845, пацвярджаючы шляхецтва свайго роду, Рудольф Пішчала напісаў, што «мужчынскага полу застаўся жывы адзін толькі просьбіт».

Сям’я новай жонкі: касцюшкаўцы і банкіры

Прадстаўнікі новай сям’і Рудольфа-Міхала Пішчалы вартыя асобных біяграфічных даследаванняў. Вышэй мы пісалі пра Тадэвуша Рэйтана, але і яго пляменнік, першы муж Сафіі, быў не з баязлівых. У 1812 ён ваяваў на баку Напалеона. З Сафіяй Каменскай ажаніўся ўжо пасля вяртання з французскай арміі, пра што сведчаць даты нараджэння іх дзяцей (старэйшая дачка Людвіка нарадзілася ў 1822).

З радасцю вітаў войскі французаў у Мінску і бацька Сафіі — Людвік Каменскі, ветэран паўстання Касцюшкі. Супрацоўніцтва з «акупацыйнай уладай» не паўплывала на яго кар’еру: ён працягнуў выконваць свае абавязкі старшыні 1-га дэпартамента Мінскага галоўнага суда і пасля выгнання Напалеона. А ў 1819 Людвік Каменскі дасягнуў вяршыні кар’еры, заняўшы пасаду віцэ-губернатара Мінскай губерні.

Сям’я Каменскіх была не з бедных. Людвік меў дзве тысячы душ у маёнтках Рагозін і Даўгінава ў Вілейскім павеце.

Каб скончыць размову пра новых сваякоў Рудольфа Пішчалы, трэба расказаць пра сям’ю яго цешчы Ізабэлы — дачкі Пятра Тэпера дэ Фергюсана, аднаго з самых вядомых банкіраў свайго часу, багацце якога вымяралася мільёнамі. Наколькі было вялікае багацце, настолькі нечаканым было і банкруцтва падчас банкаўскага крызісу перад другім падзелам Рэчы Паспалітай, у 1792. Ізабела была перадапошняй з 13-ці дзяцей банкіра. На момант гібелі бацькі падчас «варшаўскіх хваляванняў» у красавіку 1794 ёй не было і 16-ці. Каля 1796 яна выйшла замуж за Людвіка Каменскага. Неверагодны лёс занёс дачку аднаго з найбагацейшых людзей Еўропы XIX ст., крэдытора польскага караля Станіслава Аўгуста, скарбніка і агента Мальтыйскага ордэна, масона, са сталічнай Варшавы ў правінцыйны тады Мінск.

Пра Ізабелу мы ведаем менш, чым пра яе знакамітага брата Людвіга-Вільгельма Тэпера дэ Фергюсана, музыку, які ў мемуарах «Мая гісторыя» данёс да нас партрэты славутых людзей таго часу (імператараў, каралёў, князёў, міністраў, паслоў, кампазітараў), з якімі быў знаёмы. Таксама ён быў настаўнікам музыкі дзяцей расійскага імператара Паўла I і выкладчыкам у Царскасельскім ліцэі, калі там вучыўся Пушкін.

Заробкі і вытраты

Вось у такую дзіўную сям’ю трапіў наш галоўны герой, на той момант ужо будаўнік «Пішчалаўскага замка». Ён і не меркаваў, што гэты будынак абяссмерціць яго імя. Удзел у публічных таргах на пабудову Мінскай турмы быў шараговым эпізодам камерцыйнай дзейнасці. Нам вядома, што Рудольф Пішчала, акрамя дзяржаўнай службы, актыўна выкарыстоўваў і магчымасці іншых заробкаў: удзельнічаў у аўкцыёнах, каб атрымаць выгадныя для сябе кантракты, арэнды або падрады.

Хоць Рудольф Пішчала займаў грашовую пасаду, меў маёнткі і дадатковыя заробкі, грошай яму бракавала. Пазыкі Рудольфа Пішчалы складалі больш за 10 тысяч рублёў срэбрам. Але і гэта не ратавала — даводзілася прадаваць і закладаць маёмасць. Так, у 1859 Рудольф і Сафія за 10 тысяч рублёў срэбрам прадалі маёнтак Грынькоў з прыналежнымі да яго вёскамі і сялянамі Соф’і Лясковіч.

«Не належаў ні да якіх дэманстрацый»

Пра заўважную на мінскім небасхіле сярэдзіны ХІХ ст. кар’еру Рудольфа Пішчалы мы можам расказаць яго ж словамі — у 1865 77-гадовы былы чыноўнік даслаў на імя кіраўніка Мінскай губерні прашэнне прызначыць яму пенсію, у якім выклаў усе перыпетыі сваёй службы:

«Паступіў я на службу ў 1811 годзе, у маладыя гады, неўзабаве адбылося нашэсце непрыяцеляў, і я на працягу ўсяго таго часу не належаў ні да якой смуты, наадварот, як цалкам добранадзейны, у 1814 быў прызначаны членам Мінскага губернскага для ваенных павіннасцяў Камітэта, у якім праслужыў да 1816 года — гэта значыць, да яго закрыцця. Затым у 1817 абраны быў старшым суддзёй павятовага суда, і на гэтай пасадзе прабыў шэсць гадоў, пасля чаго быў абраны старшынёй Грамадзянскай палаты, далей старшынёй Крымінальнай палаты і Усяміласцівейша пажалаваны кавалерам ордэна Св.Уладзіміра 4-й ступені. У 1835 абраны быў павятовым прадвадзіцелем дваранства… Па заканчэнні трох гадоў зноў абраны быў старшынёй Грамадзянскай палаты … Затым па Найвышэйшым загадзе 1840 прызначаны па Міністэрстве дзяржаўных маёмасцяў інспектарам люстрацыі… Тут атрымліваў узнагароды, сярод якіх у 1846 годзе абвешчана мне Манаршае Яго Імператарскай Вялікасці благаваленне. У 1851 вызвалены па прашэнні ад той службы з мундзірам і ў трэці раз абраны старшынёй Грамадзянскай палаты і Высачайша зацверджаны на гэтай пасадзе.

І так, займаючы розныя пасады на працягу паловы стагоддзя, я не быў ніколі заўважаны ў дзеяннях супраць волі Урада. З ранняга веку да сямідзесяці з лішкам гадоў жыцця служыў аддана і ў апошнія часы не належаў ні да якіх дэманстрацый, зацята пазбягаючы ўсяго, што мела б найменшы выгляд супраціву волі Урада. Я звярнуў самую моцную ўвагу на тое, каб у маім маёнтку ніхто з маёй прыслугі не меў ніякіх зносін з мяцежнікамі, і ў гэтым яны не належалі ні найменшаму падозранню. Падчас апошніх выбараў Дваранскіх супраціўляўся складанню пратакола і не падпісаў яго. Нарэшце, зволены я са службы зусім 20.06.1863 года…

Карыстаючыся правам паводле закона 88 арт. 3 т. «Устава пра пенсіі» на атрыманне выслужанага пажыццёвага пенсіёна, маю гонар пакорна прасіць Ваша Правасхадзіцельства пра выхадатайнічанне такога для мяне па апошняй займанай мною пасадзе старшыні Грамадзянскага суда… Копію фармулярнага пра службу маю спіса дадаю».

У фармулярным спісе няма ніякіх адзнак пра ролю Пішчалы ў будаўніцтве Мінскага турэмнага замка, затое з яго відаць, што многія гады ён узначальваў розныя палаты суда — павятовага, крымінальнага і грамадзянскага, і, мяркуючы па ўсім, дзякуючы яго намаганням гэтая турма папоўнілася не адной тысячай зняволеных. Скончыў сваю кар’еру ён у вельмі высокім чыне сапраўднага стацкага саветніка, што адпавядае вайсковаму чыну генерал-маёра.

Не перанёс удару

Звяртае ўвагу тое, што Пішчала ў прашэнні ўвесь час падкрэслівае свае вернападданніцкія пачуцці да начальства і расійскага дзяржаўнага светапогляду. Пішчала нібы апраўдваецца, каб развеяць падазрэнні. Гэта мела прычыну: 8 чэрвеня 1863 віленскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар Мураўёў сакрэтным загадам №1277 пастанавіў «председателя Минской палаты гражданского суда действительного статского советника Пищалло немедленно удалить… от занимаемой должности и учредить за его действиями строгое секретное полицейское наблюдение». Гэтае рашэнне зацвердзіў і імператар. Пішчала стаў адным з пяць чыноўнікаў, звольненых тым загадам з розных ведамстваў у разгар паўстання Каліноўскага. Маладзейшыя за Пішчалу сябры па няшчасці былі яшчэ і высланыя ў Пермскую, Аланецкую ды Валагодскую губерні Расіі.

Такая несправядлівасць да старога служакі дабіла яго здароўе. У 1866 ён сканаў у маёнтку Гарадзішча і быў пахаваны на мясцовых могілках. Сафія ненадоўга перажыла мужа, памерла ў 1870, як сказана ў метрыцы, «ад сухотаў» і была пахаваная побач з ім. На жаль, спробы знайсці іх магілы пакуль не мелі поспеху…

А што ж з пенсіяй? Урэшце, Пішчалу яе далі, аднак ён яе не дачакаўся — памёр, пакуль ішла перапіска між ведамствамі. Тады з прашэннем пра атрыманне пенсіі мужа звярнулася ўдава. Зноў пачалася перапіска, ішла тры гады — і таксама рашэнне было станоўчае. Аднак і Сафія да яго не дажыла. Следам з тым самым пытаннем да ўладаў звярнуліся спадкаемцы-сёстры, але ім адказалі, што пенсія была прызначаная асабіста Пішчалу, і адмовілі.

***

Пішчалаўскі замак

легендарная мінская турма. Збудаваная ў 1825 паводле праекту архітэктара Казіміра Хршчановіча і на замову памешчыка Рудольфа Пішчалы на тагачаснай ускраіне Мінска, на гары ў Раманаўскім прадмесці. У 1830—1831 праз турму праходзілі ўдзельнікі Лістападаўскага паўстання. У 1863—1864 — паўстанцы Каліноўскага. За гады існавання ў ёй давялося сядзець многім вядомым культурным і палітычным дзеячам, такім як пісьменнікі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Якуб Колас (у турме ён пачаў пісаць «Новую зямлю»), будучы заснавальнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі, рэвалюцыянер-тэрарыст Іван Пуліхаў.

Калі ў савецкі час вуліцу, на якой стаіць замак, назвалі імем Валадарскага, за турмой замацавалася нефармальная назва «Валадарка».

Пабывалі на Валадарцы і палітыкі новага часу: Міхаіл Чыгір, Андрэй Клімаў, Андрэй Бандарэнка.

Ад 1999 распрацоўваюцца планы пераносу турмы з замка: будынак састарэў. У 2008 нават абвалілася яго заходняя вежа.

***

Зміцер Дрозд

гісторык-архівіст, аўтар кніг «Землеўласнікі Мінскай губерні 1861—1900», «Землеўласнікі Мінскай губерні 1900—1917». Пасля Плошчы-2010 быў асуджаны за ўдзел у «масавых беспарадках» на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў жніўні 2011.