Падхапіўся Андрэй дзесьці а палове чацвёртай раніцы. Былі яшчэ добрыя прыцемкі, але трэба было збірацца ў дарогу. Ровар быў падрыхтаваны з вечара. Сумка з харчам таксама сабрана.

А збіраўся ён ехаць у вёску Рэкта, што месцілася непадалёку ад Жлобіна.Трэба было дапамагчы адной бабульцы пасадзіць бульбачку па просьбе яе ўнучкі Аленкі. Андрэй толькі што вярнуўся з Чукоткі, дзе працаваў не адзін год у старацельскай арцэлі. А пазнаёміўся ён з Аленкай выпадкова ў скверыку, што непадалёку ад цырка. У свае пяцьдзясят пяць год ён нізашто б не падышоў да такой маладой і прыгожай дзяўчыны, але тая сядзела на лаўцы і плакала, нізка апусціўшы галаву.

Як тут не падысці? Разгаварыліся. Аленка расказала, што працуе праграмістам у вядомай фірне, яе хлопец чагосьці зафанабэрыўся, з’ехаў на месяц у камандзіроўку, а тут і бульбачку сваёй бабулі няма каму дапамагчы пасадзіць. І ён з радасцю імгненна згадзіўся, толькі сказаў, што паедзе на ровары.

Першыя пяцьдзясят кіламетраў праехаў з лёгкасцю. Вось і Дукора. Пераехаў мост праз Свіслач і тут злева ўбачыў кавярню, на якой вялізнымі літарамі пазначалася:»АЛЕНКА». І чамусьці адразу ж стала радасна на душы. Была сярэдзіна мая. Сонейка паднімалася ўсё вышэй і вышэй, але распранацца Андрэй не спяшаўся. Раз-пораз перад ягонымі вачыма паўставаў твар Аленкі, на якім блукала такая мілая ягонаму сэрцу сарамліва-шчымлівая ўсмешка.

Ён нават пачаў злаваць на сябе, што ўвесь час думкі толькі пра яе… А яна ж чужая нявеста, наперадзе шчаслівае і,дасць Бог, заможнае жыццё. А ён, лічы, сваё пражыў, засталося толькі падрыхтавацца ў апошнюю

дарогу. Магчыма, што Усявышні дасць яму для гэтага ладна часу, але трэба спяшацца. Так здарылася, што, блукаючы з заплечнікам па Чукотцы, ён так і не ажаніўся, усё адкладваў, а гадочкі імгненна праляцелі…

Непрыкметна ўсчаўся невялікі ветрык, падштурхоўваў у спіну, ехаць было намнога хутчэй і весялей.Праехаў Асіповіцкае вадасховішча і зноўку паабапал шашы рос толькі хваёвы лес. Пахла смалою і разнатраўем.

Урэшце ўбачыў прыпынак для падарожнікаў: тры столікі з лаўкамі, ды з навесамі ад дожджыку. Адна альтанка знаходзілася ў самым лесе. І што дзіўна: тут была калонка з пітной вадою.

Андрэй прысланіў ровар да сасны, дастаў сумку з харчам, памыў рукі і пачаў палуднаваць. Падмацаваўшыся, ён хацеў прылегчы на шырокую лаўку, але ўбачыў, што з лесу да яго накіроўваецца невялікага расточку дзядуля. Меў той добра пасівелую бараду, а у руцэ трымаў маленькі кошык. Дый адзенне незнаёмца крыху збянтэжыла Андрэя. ён быў падобны да святара ў сваім чорным халаце.

- Дзень добры табе, мілы чалавек! - прамовіў стары і ўсміхнуўся.

- Дзень добры! - адказаў Андрэй. - Прысаджвайцеся. Можа, кваску?

- Не, піць не хочацца. Адпачну крыху… - Ён уважліва пазіраў на Андрэя. Ледзь прыкметная ўсмешка з’явілася на яго маршчыністым твары і тут жа знікла, хаваючыся ў калматай барадзе.

- Напэўна ж, здалёку едзеш? - спытаў дзядок.

- 3 Мінска, у вёску Рэкта. Аленка папрасіла ейнай бабулі бульбачку пасадзіць.

- Добрую справу зробіш. Толькі як усё паробіш - нікому пра тое не расказвай. I будзе табе вялікі запіс у тваю нябесную ашчадную кніжку.

- А чаму нельга хваліцца?

- Ні ў якім разе! - запярэчыў дзядуля. - А то запіс у той жа момант знікне. Сам адкуль будзеш? - працягваў дапытвацца ён.

- 3 Мінска. Вось выйшаў на пенсію, працаваў на Чукотцы, і адразу ж ахапіў страх. Жыццё, лічы, пражыў у адзіноце, а калі давядзецца адысці ў вечнасць, то як уратаваць душу ад пекла… Раней пра такое і не думаў, а цяпер ахапіла сэрца такая думка і не дае спакою. Што рабіць, як жыць?

- Дык гэта ж проста цудоўна, што ты хаця б цяпер пачаў задумвацца пра слова «душа»! - узрадавана ўсклікнуў незнаёмец. - У нябесным банку Iсуса Хрыста працэнты вельмі вялікія. Але ж трэба зрабіць першапачатковы ўклад добрай справай, а пасля яго павялічваць. Чалавек, па сутнасці, не памірае, а перасяляецца з аднаго жыцця ў другое - вечнае, як бы нараджаецца ў другі раз.

- Але ж душа праходзіць праз дваццаць пакутна-мытных шляхоў, то д’яблавы служкі могуць і сказаць: «Ты грашыў, ты наш!»

- Могуць пераняць. - Тут дзядуля пагладзіў сваю бародку і павесялелым голасам працягваў: - Святая Фядора, калі яе душа ўзнімалася ў нябёсы, адказвала ім так: «Грашыла, было такое, але пакаялася і атрымала прабачэнне!»

- А што тады самае галоўнае у жыцці і каго можна назваць шчаслівым, а каго багатым? - спытаў Андрэй.

- Галоўнае ў жыцці - малітва. А шчаслівы той, хто робіць іншых шчаслівымі. Багаты не той, хто многа прыдбаў, а хто многа раздаў.

- Відаць па ўсім, - Андрэй уздыхнуў, - вы многа ведаеце, а ў мяне столькі пытанняў, што ноччу заснуць не магу.

- А што цябе найбольш бянтэжыць?

-Ды шмат што. Вось паміраюць зусім маладыя, нават дзеці… Быў чалавек, грахоў вялікіх не меў, а праз тыдзень пахаванне.

- Такога не бывае. Усявышні забірае чалавека ў той момант, калі бачыць, што ягонае зямное жыццё губляе ўсякі сэнс. Як кажуць, бярэ дазрэлых…

- Ну, не! - запярэчыў Андрэй. — Тут я не згодзен. Маладых вельмі шкада.

- Тут адкажу табе так: прычыны бываюць розныя, у кожным выпадку трэба разбірацца асобна. Здараецца, што Усявышні бачыць, што малады хлопец будзе весці грахоўнае жыццё і ніколі не пакаецца… I каб уратаваць ягоную душу ад пекла, забірае яе раней на нябёсы.

- А калі памірае зусім малы хлопчык?

- Тут,на першы погляд, шкада малечу. Але калі разабрацца глыбей, то ягоная душа трапляе ў Рай. а гэта ужо някепска. Бацькі пачынаюць задумвацца: чаму так здарылася і пачынаюць весці іншае жыццё - прыходзяць да глыбокай веры. а калі памруць, то іхнія душы сустрэне сынок з рапідамі. І мне так думаецца, што выпрасіць ва Усявышняга месца побач з сабой. Як бачыш, з усяго, нават трагічнага, Усявышні робіць так, каб пайшло на карысць людзям. Бо зямное жыццё чалавека яго мала цікавіць, больш хвалюецца за нашы душы на нябёсах.

- А вось калі чалавек захворвае, то гэта што: пакаранне за грахі?

- Не заўсёды, хаця, бывае, і за грахі. Тут трэба ўсвядоміць толькі адно: хвароба - вялікае дабро і прыносіць чалавеку карысць, як ні дзіўна гэта гучыць. Калі Усявышні бачыць, што нядрэнны хрысціянін, але даўно не быў у царкве, то дае яму злёгку па загрыўку: на тыдзень-другі ў бальніцу. Вось там той і прызадумваецца: як паправіцца, чаму захварэў? І пра малітвы ўспомніць, і Божую маці будзе прасіць, і святога Панцеляймона. І выйдзе з бальніцы другім чалавекам.

- А які правільны духоўны шлях? Як жыць штодня?

- Ён зусім просты. Зрабіў штосьці добрае і тут жа пра гэта забыў. а хто табе зрабіў дабро - помні да апошніх дзён. Ну і пра ахвярнасць не забывай. Хто папросіць - давай…

- Усім?

- Усім. Авва Ісак калісьці пісаў:»Нават калі чалавек сядзіць на кані і просіць, то дай яму». Бо мы не ведаем, што на самай справе ў гэтага чалавека. Бога задавальняе тое, калі чалавек сам знаходзіцца ў нястачы, а падае жабраку.

- А вось праклёны знахарак і калдуноў маюць сілу?

- Праклёны Усявышні дапускае. Асабліва небяспечны праклён удавы. Але калі дарэмна праклялі, то праклён вяртаецца да таго, хто праклінаў.

- А колькі ёсць людзей, якія і не моляцца, не спавядаюцца, а шастаюць па замежных курортах. Нават не хварэюць і доўга жывуць.

- Ёсць такія. Але зайздросціць ім не трэба. Бог дае ім доўгае жыццё, каб яны пакаяліся. Бывае, хтосьці з іх пакаецца і выбірае духоўны шлях. а іншыя, калі іх душы трапляюць на нябёсы, то Хрыстос ім скажа: «У зямным жыцці вы мелі усё, то цяпер прамая дарога ў пекла.»

Тут сувязь такая: чалавек робіць добрую справу, Хрыста такое радуе. Ён падбадзёрвае і аздараўляе ягоную душу, ад душы аздараўляецца і цела.

- У чым усё-ткі сэнс жыцця?

- Каб падрыхтаваць сябе для радзімы, для неба, для раю. Дрэнна тое, што людзі забываюць адно: усім давядзецца пакінуць зямное жыццё. Чалавек павінен усвядоміць, што дабро - неабходнасць. Інакш ён будзе пакутаваць. Адна добрая думка па сіле можа быць роўнай шматгадзіннаму маленню. Але калі чалавек трымае ў сэрцы злую думку, то ягоныя пасты, малітвы - усё дарэмна.

- Раз так, то ў рай мне не трапіць, - сцішаным голасам прамовіў Андрэй. - Во думкі ў мяне розныя…

— Сумаваць табе не трэба, — супакоіў яго дзядуля. - Запомні галоўнае: ніколі не наракай на сваё жыццё, бо гэта як бы праклён сабе.

— Няпроста чалавеку стаць у зямным жыцці на праведны шлях,— сказаў Андрэй.

— Згодзен з табою. але калі чалавек мае свайго духоўніка, спавядаецца, чытае святыя кнігі, ходзіць у царкву, то ў зямным жыцці яму няма чаго баяцца.

— І ўсё ж, як ні разважай, а пакідаць зямное жыццё ніхто не хоча, нават тыя людзі, які забяспечылі сабе месца ў Раі,- у задуменні прамовіў Андрэй.

— Яно так… Але сапраўдныя праведнікі ў свой час не баяліся памерці, - адказаў дзядуля. - Пакуль мы жывём на зямлі, нам трэба больш клапаціцца пра нашых памерлых родзічаў, бо нашы малітвы ім вельмі дапамагаюць.

— Але ж мы пра гэта не ведаем! — ускрыкнуў Андрэй.

— Яшчэ як ведаем, — Дзядуля ўсміхнуўся. — Мне расказваў адзін знаёмы, што ён аднойчы перастаў успамінаць у сваіх малітвах даўно памерлага сябра. І што ж ты думаеш? Той з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Ты не дапамагаў мне дзесяць дзён, а я тут пакутую!»

Вось так. Нашы памерлыя родзічы радуюцца, калі іх нашчадкі жывуць з Богам. I самае галоўнае - заўпакойныя службы і малітвы маюць такую сілу, што могуць вывесці душу з пекла. Памерлыя родзічы не валяюцца на зялёнай траўцы ў Раі, а вымольваюць свой род, сваю вёску. У даўнія часы, калі была эпідэмія халеры, то людзі ішлі на могілкі і прасілі памерлых, каб тыя дапамаглі…

3 якую хвіліну ўстанавілася цішыня.

— Але трэба мне рухацца далей. — Дзядуля падняўся з лаўкі. — Моцнага табе здароўя і шчаслівай дарогі!

— Дзякую і вам за добрыя словы і парады, — адказаў Андрэй і таксама прыўзняўся, каб прывязаць сумку з харчам да ровара.

Дзядуля няспешна пасунуўся ў бок лесу. Андрэй праз якую хвіліну азірнуўся, але незнаёмца не ўбачыў. Гэта яго ўстрывожыла, бо кустоў паблізу не было - адныя гладкаствольныя сосны, і між імі чалавека можна было бачыць даволі доўга.

А тут быццам растварыўся дзядуля ў цёплым веснавым паветры. Андрэй нават кінуў прывязваць сумку, адышоў крокаў на дзесяць і пачаў уважліва азірацца, але нікога не ўбачыў.

У задуменні вярнуўся да ровара, прымацаваў сумку і выехаў на шашу. Няспешна круціў педалі і думаў пра незнаёмца. Яму падалося, што ён дзесьці ўжо бачыў гэтага дзядулю. Але дзе? Гэтая думка не давала яму спакою.

* * *

Павел Савоська нарадзіўся ў вёсцы Зарудзічы Смаргонскага раёна. Пасля заканчэння Залескай сярэдняй школы і Друйскага тэхнічнага вучылішча, служыў у Савецкай Арміі. Нейкі час працаваў настаўнікам, экскаватаршчыкам, грузчыкам і плытагонам на лесанарыхтоўках у Сібіры. Скончыў Ленінградскі горны інстытут. Працаваў на Чукотцы горным майстрам, геолагам у старацельскіх арцелях «Дальняя» і «Мінерал». Займаўся бурападрыўнымі работамі на Паўднёвым Урале, Казахстане і Латвіі. Быў старшым майстрам на Віцебскім аб’яднанні «Кераміка». Працаваў у газетах «Культура» і «Кнігарня». Друкаваўся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Работніца і сялянка».

Адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў « Краю мой Нёман» і «Колькі ў небе зорак». Выдаў кнігі прозы «Запіскі халасцяка», «Ранішняя дарога і «Апошні сезон». Цяпер у пошуках працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0