Пагрозы расейскага прэзыдэнта расчляніць Украіну, пра якія зьявілася інфармацыя ўчора, выклікалі стрыманую рэакцыю ў палітычных колах Украіны.

Юшчанка: сувэрэнітэт і НАТО -- тоеснасьць

На думку презыдэнта Украіны Віктара Юшчанкі, "палітычны сувэрэнітэт Украіны і сяброўства ў НАТО – гэта тоеснасьць". Не камэнтуючы наўпрост выказваньняў Пуціна, ён аднак нагадаў у інтэрвію тэлеканалу “Інтэр”, што за гады незалежнасьці ва Ўкраіны назьбіралася многа нявырашаных пытаньняў адносна дэмаркацыі мяжы з Расеяй, дэлімітацыі акваторый Азоўскага і Чорнага мораў, Керчанскага праліву, ёсьць пытаньні па востраве Зьмяіным і па касе Тузла.

Разам з тым, Юшчанка яшчэ раз выказаў задавальненьне вынікамі для Ўкраіны саміту НАТО ў Бухарэсьце, назваўшы яго гістарычным. Юшчанка прагназуе ў 2010 г. усеўкраінскі рэфэрэндум па ўступленьні Ўкраіны ў НАТО і выказвае упэўненасьць, што на ім грамадзяне Ўкраіны прымуць пазытыўнае рашэньне.

Нагадаем, на саміце ў Бухарэсьце сябры НАТО перанесьлі канчатковае рашэньне пра далучэньне Ўкраіны да Пляну дзеяньняў па сяброўстве (ПДС) на сьнежань 2008. Разам з тым у рэзалюцыі саміту гаворыцца, што Альянс гарантуе прыём Украіны ў склад НАТО.

“Гэта ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы”

Сябар камітэту па пытаньнях эўраінтэграцыі Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Шкіль адзначыў, што такія заявы украінскія ўлады расцэньваюць як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Ўкраіны. "Мэта гэтых пагроз адна -- ня выпусьціць Украіну з замежнапалітычнай арбіты Расейскай Фэдэрацыі. Але калі мы знойдзем хоць бы адно пацьверджаньне таго, што Расея ўмешваецца ў нашы справы ня толькі на вэрбальным узроўні, наша рэакцыя будзе адэкватнай", -- падкрэсьліў ён.

“Пуцін – пэрсона нон грата”

Кангрэс украінскіх нацыяналістаў расцэньвае словы Пуціна як "беспрэцэдэнтнае нахабства і замах на цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны". КУН зьвярнуўся да Рады бясьпекі Ўкраіны з просьбай надаць Пуціну статус пэрсоны нон грата і забараніць выкарыстоўваць паветраную прастору Ўкраіны.

“Гэта ня тое пытаньне, якое можа раскалоць краіну”

Намесьнік кіраўніка фракцыі Рады "Наша Украіна - Народная самаабарона" Тарас Стэцькіў адзначыў: "Украіна далучыцца да ПДЧ, гэта відавочны факт. І ніякага расколу ня будзе, гэта ня тое пытаньне, якое можа раскалоць краіну. Мэта гэтых размоваў - запалохаць. А Расеі я б параіў прыняць як дадзенасьць, што Ўкраіна будзе ў НАТА".

Фракцыя "Наша Украіна - Народная самаабарона" папрасіла ўлады зрабіць запыт, каб МЗС Расеі пацьвердзіла, што Пуцін сапраўды зрабіў такую заяву, або абвергла гэты факт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?