21.01.2016 / 21:14

Пара мяняць курс. Эканамісты: Будзе рост, але не той 23

У 2008 годзе за даляр давалі 2100 рублёў. У 2010-м — 3000. У 2011-м — 9000. У снежні 2014-га рубель упаў да 14500. А ў студзені 2016-га перакрочыў мяжу 20 000.

фота Сяргея Гудзіліна

У такіх умовах няма сэнсу збіраць грошы ў рублях. Няма ніякага аўтарытэту ў рубля. А ўсе лічбы эканамічнага росту сцірае інфляцыя.

За адзін тыдзень, з 11 да 18 студзеня, афіцыйны курс амерыканскай валюты вырас з 18750 да 20130 рублёў, дабаўляючы 200—300 рублёў за дзень. 

Яшчэ і не канец тыдню, а даляр гандлюецца ў абменніках амаль па 22 з паловай тысячы. 

Пры такой хуткай дэвальвацыі ўлады не спяшаюцца супакойваць беларусаў і агучваць свае планы стабілізацыі курса і эканомікі. Але ўжо сёння відаць, што нават бюджэт краіны, звярстаны з разліку на сярэднегадавы курс даляра 18600 рублёў, ужо неактуальны.

Былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што ніякага антыкрызіснага плана ва ўладаў і няма. 

«Такога імклівага падзення рубля, ВУП і прыбыткаў насельніцтва можна было б пазбегнуць, — сказаў Багданкевіч «Нашай Ніве», — калі б мы дамовіліся з МВФ, калі б улады агучылі ўцямную стратэгію па выхадзе з крызісу. Але гэтага няма».

На думку эканаміста, рубель і эканоміка будуць падаць далей.

«У горшым варыянце я чакаю курса ў 30 тысяч да канца года. Улады, я мяркую, вымушаныя будуць пайсці на адміністрацыйныя захады — абмяжоўваць сам гандаль на валютным рынку, у абменніках. Бо я не бачу, каб яны вырашалі праблемы іначай», — падсумаваў Багданкевіч.

З ягоным прагнозам што да 30 тысяч рублёў за даляр не пагаджаецца старэйшы фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб, але таксама адзначае, што і падставаў для аптымізму няма. 

«Канкрэтных лічбаў сёння не дасць ніхто, бо на курс уплывае цэлы шэраг вонкавых і ўнутраных чыннікаў. Гэта і падзенне цаны на нафту, і падзенне расійскага рубля. Але я б асабліва адзначыў няўдалы дэкрэт №7, які зрабіў непрыцягальнымі ўмовы банкаўскіх дэпазітаў, і людзі пачалі іх забіраць, купляючы за гэтыя грошы валюту», — сказаў Іосуб.

Адзінае, што можа нас выратаваць, паводле эканаміста, гэта чаканы крэдыт ад МВФ.

«Калі ўлады здолеюць дамовіцца пра крэдыт, то гэта дапаможа стабілізаваць курс, запаволіць ягонае падзенне. Але нават крэдыт не дасць адскоку курса назад», — перакананы аналітык. 

І трэці эканаміст, Зміцер Крук, якога мы запыталіся пра курс рубля, прадказаў далейшы рост амерыканскай валюты.

«На пачатак лета я бачу курс 24 тысячы рублёў. Але як будзе дакладна, сказаць цяжка. Калі нафта стабілізуецца на ўзроўні 30 даляраў за бараль, то і беларускі рубель завісне на ўзроўні 20 тысячаў за даляр, гэта калі не ўлічваць унутраных эканамічных праблем, якія таксама трэба развязваць. Прычын казаць, што ў перспектыве беларускі рубель умацуецца, — няма», — перакананы Зміцер Крук.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Арцём Гарбацэвіч

0
пан Алесь / Адказаць
21.01.2016 / 21:26
Здаецца мне ўжо да вясны (па самых сціплых разважаннях) за даляр будуць даваць 25 000.
0
ваца / Адказаць
21.01.2016 / 21:26
Психапат давеу краину да катастрофы
0
Генэрал Голад / Адказаць
21.01.2016 / 21:29
30 тыс? :) Калі будзе абмежаваны продаж валюты фіз. асобам, то ў "валютчыкаў" будзе і 50 тыс.
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру