Суд Ленінскага раёна Магілёва 22 студзеня спыніў справу ў дачыненні да трох актывістаў, якіх абвінавачвалі ў непавазе да суда, з прычыны адсутнасці складу правапарушэння.

Нагадаем, у судзе Ленінскага раёна 21 студзеня пачаўся працэс па справе Дзмітрыя Здобнікава, Аляксандра Хамратова і Юрыя Гарбаценкі, якіх суддзя Магілёўскага раёна Станіслаў Леўчанка абвінавачваў у непавазе да суда. Паводле слоў актывістаў, яны не праяўлялі ніякай непавагі, а толькі, зазірнуўшы ў кабінет, запыталіся ў Леўчанкі, ці будзе ў яго судовае пасяджэнне. Прычым пыталіся ў той момант, калі суддзя не вёў судовы працэс, аднак ён гэта расцаніў як непавагу да суда. Супрацоўнікі міліцыі склалі ў дачыненні да актывістаў пратакол аб адміністрацыйным парушэнні па артыкуле 24.1 КоАП (непавага да суда). Ноч з 20 на 21 студзеня актывісты правялі ў ізалятары часовага ўтрымання.

«Справу сёння спынілі з прычыны адсутнасці складу правапарушэння», — паведаміў БелаПАН Аляксандр Хамратаў. Ён распавёў, што на судзе былі апытаныя сведкі — два сакратары, адвакат Юрый Ганчароў, а таксама сам суддзя Леўчанка.

«Сакратары сказалі, што мы ўсё ў рамках прыстойнасці рабілі, нічога не парушалі. Адвакат стаў на бок суддзі, сказаў, што мы праяўлялі да яго непавагу, шумелі, балаганілі.

Затым сам суддзя Леўчанка на пераважную большасць пытанняў адказваў «не памятаю», «не ведаю», «без паняцця».

На пытанне, хто менавіта і што казаў, адказваў «не памятаю», — распавёў Хамратаў. Ён задаволены вынесеным рашэннем. Што тычыцца часу, праведзенага ў ІЧУ, то актывісты пакуль не вырашылі, як абскардзіць іх затрыманне.

На думку магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля, абвінавачванні ў адрас актывістаў былі звязаны з помстай суддзі Леўчанкі за тое, што яны «маніторылі яго працэсы і па іх скаргах суддзя Леўчанка атрымліваў спагнанні».

У 2015 годзе суддзя Станіслаў Леўчанка атрымаў дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе вымовы за раскрыццё інтымнай інфармацыі пра абвінавачанага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?