Піша Андрусь Горват — той, які пераехаў з Мінска на Палессе, жыць у дзедавай хаце.

Цётка Воля расказвала:

«Вельмі добры быў бацька мой. Ніколі не біў нас. Нічога ніякага. Ён быў сільна добры. Але хварэў. Баба Ганна знізу вось цяпер жыла, так? А то насупраць наверсе мы жылі. Там наша хатка была. Каморка. Баба Ёўга, бацькава маці, выгнала бабу Ганну з дзедам Іванам у камору. Там вада замярзала. Я яшчэ і сёння помню тую хатку. Ішла я ў першы клас з той хаткі. Мама напаліць печку крэпка. Мы ўсе — і тата, і мама — усе на печы. І кругом посцілкамі паабпінае. Так і спалі. Я так добра гэта запомніла. 

Вой, Госпадзе. Дарма што без бацькі жылі — бацька памёр, — але ў нас мама была такая, што ўсё ў нас было. Яна сама і плацці шыла нам. У нашых тэчак [сябровак — дыялектнае слова. — Рэд.] па адным плацці, а ў нас з Юляй хапала. 

Галя тэчка была. Яна ў мяне потым кумою стала. Хрысціла маіх хлопцаў. Во. Дык яна з бацькам жыла, з маткай. Ніколі матцы сваёй нічога не раскажа. Ніводнага сакрэту матка яе не знала. А наша матка ўсе сакрэты Галіныя знала. Усё раскажа. Прыйдзе: 

— Арцёмаўна, сядай, я табе раскажу. 

А хлопец які цукерак дасць ці што, яна нясе:

— Арцёмаўна, на, ты першая, потым я.

Ніколі сама не з’есць без маткі. Усе цукеркі матка з ёю ела.

Прыйдзе, стаіць, стаіць пад нашай хатай з хлопцам, захацела пасцаць, а стыдна хлопцу сказаць, што сцаць хоча. Прыбяжыць:

— Вой, Арцёмаўна, не магу ўжо. Дай хутчэй быстрэй куды што-небудзь.

Тая вядро ёй паставе. Пабегла ізноў да таго хлопца. Канцэрт! То не Галя была, а я не знаю — конь!

Матка яе ўсю дарогу [усё жыццё — дыялектнае. — Рэд.] любіла».

Цётка Воля гучна смяецца. І я смяюся разам з ёю. 

* * *

Маці гасцявала ў мяне, калі патэлефанавалі з клінікі і сказалі забраць ейную сястру. Усім усё стала зразумела – цётку Волю адпускаюць дадому памерці па-людску. Каб не ў бальнічнай палаце сярод чужых хворых людзей, а дома.

Маці плакала.

— Эх, сястра… Узяла на сябе матчыну долю…

Калі была маладая, цётка Воля не ўмела ўседзець дома, хадзіла на вячоркі ды на спатканні, а мая маці гаспадарку вяла, квіткі ў доме культуры прадавала. Вось яны і сварыліся між сабою.

Маці хоць і прыгажэйшая ды маладзейшая за цётку была, але ўзяла на сябе ролю лакаматыва ў сямейным цягніку.

Тая традыцыя захавалася і калі сёстры сталі пенсіянеркамі. Жылі ў розных мястэчках, аднак па-ранейшаму – нібы ў адной хаце. Маці бурчэла, што цётка рамонт у сябе не робіць, што ў секту падалася. Цётка ж хадзіла на агароды ды да сведкаў Іеговы. Гэты сямейны цягнік няспынна бег у касмічную прастору, пакуль не пазванілі з клінікі і не сказалі забіраць цётку дадому.

Маці карміла яе, мыла, насіла на вядро.

Усё, што я дагэтуль ведаў пра пяшчоту, не каштуе нічога. Пра сапраўдную пяшчоту мне расказалі дзве сварлівыя сястры.

Прайшоў тыдзень. Другі. Цётка не памірае. З далёкага падарожжа вяртаецца ейны позірк.

— Дзе ты была? Чаго ўсміхаешся? Я з табой бы з хрустальнай вазай нашуся, а ты ўсміхаешся.

Маці тэлефануе мне і расказвае, што цётка прыдурваецца са сваёй хваробаю. Я разумею: цягнік пабег далей. Праз месяц маці йдзе ў двор і з галін і дошак збівае для сястры хадункі. Яшчэ праз месяц цётка Воля з’язджае ў сваю калінкавіцкую кватэру з высокай столлю. А маці – у сябе – тэлевізар глядзіць. А разам яны – сям’я.

* * *

Сёння цётка Воля, нарэшце, вызвалілася ад хваробы, якая яе мучыла. У мяне няма адчування, што я згубіў цётку. Там, куды яна пайшла, яе будуць чакаць дзясяткі людзей, успамінамі пра якіх яна дзялілася. А мы, пазасталыя, развітаемся з ёй заўтра тут, на зямлі. Але развітаемся толькі на час. На кароткі час зямнога блукання. Свой кароткі час я пражыву з любоўю да жыцця, пражыву без злосці. Так, як мяне навучыла цётка Воля.

Цётка Воля маладою.

Цётка Воля маладою.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?