Сяргей Дубавец асудзіў сёлетняе сьвяткаваньне Дня Волі. Яму адказвае Яраслаў Сьцешык.

Што для нас Дзень Волі? Гонар? Успамін? Беларусь? Кожны сам вырашае. Кожны свабодны грамадзянін дзейнічае, як хоча. І кожны мае права асудзіць дзеяньні іншага.

Сяргей Дубавец асудзіў беларусаў, якія адсьвяткавалі Дзень Волі на вуліцы і на Акрэсьціна. Асудзіў ня тых, якія ціха жлукцілі гарэлку на кухнях, і ня тых, якія лупцавалі дручкамі сваіх суайчыньнікаў. Прайшоўшыся па «Белсаце», ён сам не заўважыў, як зьняважыў мужнасьць актывістаў.

«Зрабілі бойку. Справакавалі ўладу на чарговую акцыю застрашэньня», — закідае лідэрам палітычнай апазыцыі С. Дубавец.

Паважаны спадару Дубавец, вы, можа, у сваіх Палестынах забыліся, што такое аўтарытарызм? Калі так, то нагадаю – дыктатура разганяе найперш тыя мітынгі, якія яна ня ў стане павярнуць на сваю карысьць. І бойку 25 Сакавіка ладзіла не сталічная моладзь і пагатоў ніякія не апазыцыйныя лідэры. Да бойкі супольна, старанна, згодна з зацьверджаным сцэнаром давялі спэцназ, міліцыя і ДАІ па загадзе згары.

«Рабіць трэ было сьвята, прыцягваючы да яго як найбольшую колькасьць народу. Хай сабе й на Бангалоры…» «Зьбірацца трэба было каля Акадэміі навук — там, дзе атрымалі дазвол», – дае парады С. Дубавец.

Сапраўды, а чаму ніхто не пайшоў на Бангалор? Няма чаго баяцца, хлопцы, улада дазволіла нам пастаяць у гразі, пакрычаць. Хадзем на сабачнік! Там не паб’юць...

Большасьць людзей на Бангалор не пайшлі і ня пойдуць. Некаторыя лідэры, можа, і хацелі б правесьці чарговы мітынг на сабачніку, але ж народ супраць. Колькасьць прыхільнікаў, пра якую так перажывае спадар Дубавец, насамрэч падае менавіта пасьля бангалораў і бязьдзеяньня апазыцыі. А хапуны і рэпрэсіі толькі гуртуюць і гартуюць нацыю. Іх трэба трываць, не сыходзячы ў крайнасьці, мужна, негвалтоўна адстойваць сваё права на свабоду.

Магчыма, спадар Дубавец забыўся на 2006 год. Гэта быў год, калі народ паказаў свой гонар. Людзі засталіся на Плошчы, хаця некаторыя лідэры прасілі разыходзіцца. І на Дзень Волі ў 2006 людзі не спужаліся, пайшлі на Акрэсьціна, праз увесь горад, праз свой страх. Яны пайшлі вызваляць суайчыньнікаў, хаця адзіны кандыдат сказаў, што сьвята скончылася, а ягоная жонка заклікала: «Не паддавайцеся на правакацыі, ідзіце дахаты!». І пасьля таго як жорстка было разагнанае шэсьце, на Чарнобыльскі Шлях - 2006 сабралася яшчэ больш народу. Праўда, народ павялі на Бангалор, і ён зноўку расчараваўся, пайшоў займацца сваімі надзённымі справамі.

Калі б беларусы рабілі толькі тое, на што дала дазвол улада, то Беларусі б не было. Без супраціву нельга дабіцца нічога: ні прызнаньня Дня Волі гістарычнай датай, ні выданьня незалежных СМІ. І Андрэй Лянкевіч, зь якога іранізуе Дубавец — трэба ж, усяго нос пабілі, ёсьць таму прыкладам. Ён займаецца сваёй справай, рызыкуючы, але адстойваючы свае прафэсійныя правы — але таксама права маніфэстантаў, каб пра іх пісалі, каб іхны голас чулі.

Вядома, Дубавец мае рацыю ў тым, што жыцьцё не абмяжоўваецца вуліцай, мітынгамі і графіці. Гэтак і лінія барацьбы за свабодную Беларусь пралягае ня толькі праз пляц Каліноўскага, ён ідзе праз усе праяўленьні нашага жыцьця – мова, закон, культура, прэса… Ўсюды трэба змагацца, ўсюды трэба гуртавацца.

Вось таму асабіста мне непрыемна бачыць, як беларус плюе ў беларусаў за праяўлены гонар. Спадару Дубавец, вы таксама робіце сваю справу, таксама дапамагаеце. Але, калі на Дзень Волі вы не прыехалі ў Беларусь, то рабіце яе моўчкі.

Сяргей Дубавец. Сініца ў кішэні і разьбіты нос журналіста

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0