09.04.2008 / 11:05

Арыштаваны адзін з найбагацейшых бізнэсоўцаў Беларусі 6

Супрацоўнікі міліцыі арыштавалі старшыню рады дырэктараў Гандлёвага дому «Ждановічы» Яўгена Шыгалава. На пачатку 90-х Шыгалаў быў сьлесарам у сэрвісным цэнтры «АўтаВАЗ», а на 2008 год валодаў найбольшымі ў сталіцы рынкамі.


Яўген Шыгалаў

Супрацоўнікі міліцыі арыштавалі вядомага прадпрымальніка, старшыню рады дырэктараў Гандлёвага дому «Ждановічы» Яўгена Шыгалава. На пачатку 90-х Шыгалаў быў сьлесарам у сэрвісным цэнтры «АўтаВАЗ», а на 2008 год валодаў найбольшымі ў сталіцы рынкамі.

Паводле «Советской Белоруссии», па сутнасьці прад’яўленых яму абвінавачаньняў сьледчыя органы ад камэнтароў устрымліваюцца.

Афіцыйна ніякіх сур’ёзных абвінавачваньняў Яўгену Шыгалаву да нядаўняга часу не прад’яўлялі, адзначае «Беларускі партызан». Вядома толькі пра выпадак з пракуратурай, якая ўгледзела ў нейкай з шматлікіх будоўляў, якія вялі фірмы, падкантрольныя Шыгалаву, самавольны захоп зямлі. Аднак наўрад ці гэтае парушэньне магло стаць сапраўднай прычынай арышту такога ўплывовага чалавека, мяркуе выданьне.

Распавядаюць, што рэальны бізнэс‑канфлікт у Яўгена Шыгалава у апошні час быў толькі з «Прыёрбанкам». Справа ў тым, што Гандлёвы дом «Ждановічы» выступіў заснавальнікам банку «Эўрапейскі», і амаль усе фінансавыя плыні найбуйнейшага рынку Эўропы перавёў менавіта ў гэты банк.

Хаця гэтая вэрсія не адзіная. Яўген Шыгалаў мае даволі добрыя адносіны з мэрам Менску Міхаілам Паўлавым. Паўлаў аднойчы гэта нават адкрыта прадэманстраваў, калі прапанаваў уключыць Шыгалава ў склад кіраўніцтва Беларукай фэдэрацыі тэнісу, якую ўзначальвае. У каляспартовых колах тады наагул ня ведалі гэтага прозьвішча, але па просьбе мэра абралі Шыгалава намесьнікам старшыні фэдэрацыі (дарэчы, адначасова зь Мікалаем Мірным, бацькам і трэнэрам Максіма Мірнага).

Прайшлі зьвесткі, што, акрамя Яўгена Шыгалава, у гэтай справе затрыманыя ягоны намесьнік і дзяржаўны чыноўнік, які дапамог завалодаць кавалкам зямлі побач з рынкам «Ждановічы». Аднак прэсавы сакратар МУС Алег Сьлепчанка гэтыя зьвесткі ўдакладніў: «Чуюць вухам, а пішуць брухам. Не, ён казаў, што шэраг асоб, якія маюць дачыненьне да гэтага бізнэсу, будуць яшчэ затрымлівацца і прыцягвацца да адказнасьці».

У гіганцкі Гандлёвы цэнтар «Ждановічы» ўваходзяць найбольшыя ў сталіцы Харчовы і Рэчавы рынкі, Аўтамабільны рынак, Рынак будаўнічых матэрыялаў, Зоабатанічны рынак, Начны гуртовы кірмаш садавіны і гародніны. Да іх далучыліся мясакамбінат «Тарасава» і сельгаскамбінат «Ждановічы-Агра», ня лічачы драбнейшых набыткаў, як рэстараны і спартовыя клюбы.

«Ждановічы»-рынак былі заснаваныя ў 1994 годзе, і расьлі праз увесь час кіраваньня А. Лукашэнкі.

Сам Яўген Шыгалаў прайшоў тыповы для постсавцкіх бізнэсоўцаў шлях. Сайт gazetaby.com паведамляе, што яшчэ ў пачатку 90-х ён працаваў сьлесарам у сэрвісным цэнтры «АўтаВАЗ», што на Сярова - залатой жыле савецкага часу - і трапіць у бізнэс здолеў не без дапамогі жаніцьбы з дачкой намесьніка дырэктара гэтага прадпрыемства. Пачынаў Шыгалаў з гандлю патрыманымі машынамі.

Мікола Бугай

Фота zhdanovichi.by

0
Зьміцер / Адказаць
09.04.2008 / 11:51
Вось і Яўгена Шыгалава прэсанулі... Гэта толькі па загаду начальніка унутраных справаў Уладзіміра Навумава. Хто далей..??
0
bL8dy_R8ts / Адказаць
09.04.2008 / 13:20
Чарговая бандзіцкая міжкланавая барацьба. Байка пра чэснага слесара не вытрімлівае крытыкі.
0
Паўлюк / Адказаць
09.04.2008 / 13:50
А яшчэ, як паведамляе РС, ён уваходзіць у ініцыятыўную групу “Белай Русі”. Не дапамагло? Рабіце высновы, спадары бізнэсмэны :)
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру