Міністр унутраных спраў Германіі Томас дэ Мэзьер узмацняе ціск на Грэцыю ў кантэксце крызіснай сітуацыі з мігрантамі.

«Нам трэба перманентнае, значнае і доўгатэрміновае скарачэнне патоку мігрантаў, заўважнае ўжо ў бліжэйшыя тыдні», — заявіў Томас дэ Мэзьер перад пачаткам сустрэчы міністраў унутраных спраў краін ЕС у Амстэрдаме, паведамляе »Нямецкая хваля».

«Мы будзем уплываць на Грэцыю, каб яна выканала сваё «хатняе заданне», — сказаў нямецкі міністр.

Ён лічыць магчымым выключэнне Грэцыі з Шэнгенскага пагаднення, калі з боку Грэцыі не будзе адчувальных вынікаў па скарачэнні колькасці бежанцаў, якія праз яе мяжы трапляюць у Еўрасаюз.

«Калі людзі не здольныя абараніць знешнія межы Еўропы — тады знешняя мяжа Шэнгена адсунецца назад да Цэнтральнай Еўропы», — дадала міністр унутраных спраў Аўстрыі Ёхана Мікль-Ляйтнер.

У той жа час некаторыя міністры адкінулі ідэю выключэння Грэцыі з Шэнгена. «Еўропа павінна заставацца стабільнай структурай (…), не можа быць кавалкаў унутры Еўропы і кавалкаў звонку, паколькі гэта стане пачаткам распаду», — сказаў міністр унутраных спраў Італіі Ангеліна Альфана перад сустрэчай у Амстэрдаме.