Журналіст TUT.BY Павел Дабравольскі, напісаўшы заяву ў міліцыю пра збіццё супрацоўнікамі АМАПа ў час выканання службовых абавязкаў, распавёў калегам пра тое, што адбылося.

«Убачыўшы, што з залы пасяджэння суда выводзяць людзей з заламанымі рукамі, я ўключыў тэлефон і стаў здымаць відэа. Затрыманых павялі ў нейкі калідор, я прайшоў за імі. За мной зачынілі дзверы і ўпіхнулі ў кабінет», — распавёў Павал.

Карэспандэнт таксама падкрэсліў, што ў руках у яго было пасведчанне і ён некалькі разоў папярэдзіў, што з'яўляецца прадстаўніком прэсы.

У пакоі, акрамя Паўла, знаходзіліся таксама двое затрыманых, Максім Шыцік і Павел Сяргей, і 5—6 чалавек у цывільным. Як высветлілася пазней, гэта былі супрацоўнікі АМАПа, бо некаторыя з іх былі сведкамі на працэсе супраць журналіста і актывістаў.

«Вырвалі з рук камеру, журналісцкае пасведчанне і пачалі збіваць. Па маіх адчуваннях, мне нанеслі парадку некалькіх дзясяткаў удараў нагамі. Я паспрабаваў закрыць твар рукамі і падстаўляў спіну. Потым мне закруцілі рукі, а нехта з праваахоўнікаў паставіў сваю нагу мне на твар», — распавёў Павел.

Словы Паўла пацвярджае адзін з актывістаў — Максім.

«Як толькі нас ўпіхнулі ў пакой, на нас пасыпаліся ўдары. Потым нас паклалі тварам у падлогу — хвілін 20 мы так ляжалі. Потым нас паднялі і ў суправаджэнні прыбылага супрацоўніка РУУС павялі на выхад», — распавёў адзін з актывістаў.

Журналіст і актывісты былі дастаўлены ў РУУС Фрунзенскага раёна.

У РУУС Павел правёў тры гадзіны. Затым хлопцаў адвезлі ў суд, які быў вельмі нядоўгім.

«Суд заняў паўгадзіны. Суддзя азнаёмілася з матэрыяламі справы. Папрасіла апісаць сітуацыю. Былі тры сведкі — адзін з міліцыі і двое амапаўцаў у цывільным. Міліцыянт сказаў, што не бачыў мяне ў зале суда, а амапаўцы заявілі, што я на іх напаў, абараняючы актывістаў. Ну і «традыцыйна лаяўся матам»», — распавёў Павал.

Суд над актывістам Максімам Шыцікам заняў 15 хвілін. Суддзя пацікавілася ў актывіста, навошта ён разгарнуў расцяжку, з якой мэтай, і ці прызнае ён віну.

Максім Шыцік пасля аказання дапамогі

Супрацоўнікі праваахоўных органаў заявілі аб тым, што Павел Дабравольскі атрымаў траўмы, абараняючы сваіх сяброў-актывістаў. На справе журналіст і актывісты не былі знаёмыя да сённяшняга дня.

Адказваючы на пытанне, што збіраецца рабіць Паша ў бліжэйшы час, наш калега сказаў: «Я хачу справядлівасці. І каб такое не паўтаралася. Я маю намер давесці справу да канца — напісаў заяву, здыму пабоі, звярнуся ў суд. Справа нават не ў тым, што я журналіст. У цывілізаваным грамадстве праваахоўныя органы не маюць права збіваць людзей».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?