26.01.2016 / 14:45

Таццяна Караткевіч: Па факце — больш партнёраў у Расіі няма, толькі Беларусь 22

Расійскія і беларускія эксперты сабраліся ў Маскве на канферэнцыю «БелоРусский диалог», каб спрагназаваць будучыя адносіны Беларусі і Расіі. Распачалася яна выступам намесніка дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэя Суздальцава. Пачаў ён з пытання датавання Расіяй Беларусі.

Падзенне коштаў на нафту прывяло да вялікіх фінансавых праблем у Расіі, канстатуе Суздальцаў. Пацверджаннем таму, наколькі праблемы сур’ёзныя, сведчыць упартае жаданне Масквы дамагчыся ад Украіны грошай, выдадзеных былому прэзідэнту гэтай краіны Віктару Януковічу. На фоне гэтых праблем расійскаму кіраўніцтву складана рашыцца на чарговы крэдыт у 2 мільярды долараў афіцыйнаму Мінску. Але ёсць яшчэ адна прычына — палітычная.

«Мы адзначаем рост антырасійскіх настрояў у Беларусі. Не публічных, але мы адзначаем, што правячыя колы Беларусі, большая частка беларускага палітычнага класа арыентаваны не на нас. Здзіўляцца тут няма чаму, бо Расія зараз знаходзіцца ў супрацьстаянні з Захадам. І, відаць, у кіраўніцтва Беларусі ёсць меркаванне, што мы не саўладаем, што Расія будзе здаваць свае пазіцыі. Гэта мы бачым па ўскосных выказваннях беларускага кіраўніцтва, на настроях Лукашэнкі, яго спробах «застолбить» сваё месца на Захадзе, у Еўрасаюзе ў межах праграмы «Усходняе партнёрства». І гэта непакоіць, бо мы мусім зразумець: у нас ёсць саюзнік, ці ў нас няма саюзніка?», — задаецца пытаннем Андрэй Суздальцаў.

Расійскаму эксперту пярэчыць экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч.

Беларусь, па яе словах, з’яўляецца надзейным ваенным і палітычным партнёрам Расіі. Гэта сапраўды так, цікаўлюся ў палітыка? «Гэта факт! — адказвае Караткевіч. — У Беларусі развіваюцца адносіны з Расіяй, і афіцыйны Мінск іх падтрымлівае. Па факце — больш партнёраў у Расіі няма. Так навошта цюкаць таго аднаго, што застаўся? І дыялогу няма».

Канферэнцыю «БелоРусский диалог» праводзіць Нацыянальны даследчы ўніверсітэт Расіі «Вышэйшая школа эканомік». З беларускага боку ў ёй бяруць удзел Таццяна Караткевіч, Вольга Карач, Яраслаў Раманчук, Сяргей Калякін, Леў Крыштаповіч ды іншыя. Але прадстаўнікоў ўлады як з боку Беларусі, так і з боку Расіі на канферэнцыі няма.

Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

0
974 / Адказаць
26.01.2016 / 14:50
Таццяна, фе...
0
Юрась / Адказаць
26.01.2016 / 14:58
І тое сілком ....
0
ясна / Адказаць
26.01.2016 / 15:06
фундучок мозга.
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру