З 25 студзеня набыло моц Палажэнне аб парадку прымянення мер бяспекі ў дачыненні да асоб, якія абараняюцца. Гэта грамадзяне, здароўю або жыццю якіх нешта пагражае праз садзейнічанне правасуддзю, паведамляе Нацыянальны прававы партал.

Палажэнне зацверджанае адпаведнай пастановай Савета міністраў №44 (ад 21 студзені 2016 г.). Яно прыйшло на змену састарэламу дакументу, прынятаму у 2009 годзе.

Згодна з палажэннем, да асоб, якія абараняюцца, належаць:

— грамадзяне, якія аказваюць або аказвалі садзейнічанне на канфідэнцыйнай аснове органам, што ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, і іх блізкія пры наяўнасці звестак, якія сведчаць пра рэальную пагрозу жыццю, здароўю і захаванасці маёмасці гэтых грамадзян і іх блізкіх;

— суддзі, службовыя асобы праваахоўных і кантралюючых (наглядных) органаў, супрацоўнікі органа дзяржаўнай аховы і іх блізкія пры наяўнасці рэальнай пагрозы замаху на іх жыццё, здароўе і маёмасць у сувязі са службовай дзейнасцю названых службовых асоб;

— удзельнікі крымінальнага працэсу, якія абараняюць свае ці прадстаўленыя правы і інтарэсы, а таксама іншыя ўдзельнікі крымінальнага працэсу, іх блізкія пры наяўнасці дастатковых дадзеных, якія паказваюць на тое, што маецца рэальная пагроза забойства, прымянення гвалту, знішчэння або пашкоджання маёмасці, ажыццяўлення іншых супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да згаданых асоб у сувязі з іх удзелам у крымінальным працэсе.

Палажэннем вызначаны парадак прымянення мер бяспекі ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2015 г. «Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці», у ліку якіх асабістая ахова, ахова жылля і маёмасці; выдача спецыяльных сродкаў індывідуальнай абароны і абвяшчэння аб небяспецы; часовае змяшчэнне ў бяспечнае месца; перавод на іншую працу; перасяленне на іншае месца жыхарства; змена дадзеных дакумента, які сведчыць асобу, замена дакументаў.

Таксама дакументам устаноўлены парадак прымянення мер бяспекі ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 13 снежня 1999 года «Аб дзяржаўнай абароне суддзяў, службовых асоб праваахоўных і кантралюючых (наглядных) органаў, супрацоўнікаў органа дзяржаўнай аховы» (у прыватнасці, парадак змены знешнасці) і прымянення мер бяспекі ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Так, пры наяўнасці прадпісання наймальнік асобы, якая абараняецца, павінен даць грамадзяніну працоўныя адпачынкі, а таксама кароткачасовы адпачынак (без захавання зарплаты) па сямейна-бытавых прычынах. Альбо скасаваць працоўны дагавор па жаданні асобы, якая абараняецца, ў тэрмін, пазначаны ў заяве.

Установы адукацыі (або іншая арганізацыя ў гэтай сферы) пры неабходнасці захоўвае месца для атрымання адукацыі за асобай, якая абараняецца, на тэрмін прымянення мер бяспекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0