У 2015 годзе ў Беларусі зарэгістравалі 17660 рамеснікаў, паведамляе Мінэканомікі. Амаль палова з іх — 8883 чалавекі — афіцыйна сталі «майстрамі» у кастрычніку-снежні мінулага года.

За мінулы год рамеснікаў стала ў два разы больш. Так, паводле дадзеных Мінэканомікі, у 2014 годзе збор за рамесную дзейнасць плацілі 8776 беларусаў, у 2013 годзе — 8083.

«У кожным з рэгіёнаў нашай краіны колькасць рамеснікаў павялічылася ўдвая і склала больш за дзве тысячы чалавек, за выключэннем Магілёўскай вобласці», — удакладняюць у Мінэканомікі.

Больш за ўсё рамеснікаў летась зарэгістравалася ў Мінску — 4305 чалавек, а менш за ўсё — у Магілёўскай вобласці (1838 чалавек).

За апошнія пяць гадоў колькасць беларусаў, якія займаюцца рамеснай дзейнасцю, вырасла больш чым у тры разы, адзначаюць у Мінэканомікі.

Паводле закону, рамеснікі ўносяць у бюджэт па адной базавай велічыні ў год (цяпер — 210 тысяч рублёў). У 2015 годзе прапаноўвалася падняць збор да чатырох базавых велічынь, аднак у выніку гэтая норма не ўвайшла ў Падатковы кодэкс.

Нагадаем, што рамеснікі вызваленыя ад выплаты збору на дармаедства, які складае 20 базавых велічынь у год. Праўда, каб не плаціць гэты збор за мінулы год, «майстрам» трэба было стаць да 1 студзеня 2015 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?