Заробкі беларусаў растуць, але ўпустую, бо дэвальвацыі з’ядаюць усё. «Наша Ніва» прааналізавала банкі вакансій: колькі грошай і каму сёння прапануюць працадаўцы.

Паводле дадзеных Белстата, сярэдняя зарплата ў лістападзе 2015 года складала 6 748 800 рублёў. Калі адкінуць падаткі, на руках застанецца 5 804 000 рублёў. Калі лічыць у валюце, то сярэдні заробак усох да $330. Зарплата памерам $500 для большасці ператварылася ў недасяжную мэту.

Амаль палова насельніцтва — гэта тыя, хто зарабляе ад 2 да 5 мільёнаў рублёў. Больш за 20 мільёнаў зарабляе толькі 1,4% работнікаў — самых кваліфікаваных (найлепшыя менеджары, праграмісты, дактары і г.д.).

Калі параўноўваць з суседзямі, то сітуацыя выглядае зусім сумна: заробак паляка складае $1100, а ў Літве — $772. Дык там прыватны сектар дамінуе: у людзей больш даходаў ад бізнэсу, акцый, арэнды. Сярэдні літоўскі ці польскі пенсіянер атрымлівае больш, чым умоўны сярэдні беларускі работнік. Пра эстонскага ці фінскага няма чаго і казаць.

Як выправіць сітуацыю самому? Адказ відавочны — змяніць працу. Лепшай работы шукае шмат хто.

Паводле звестак партала rabota.tut.by, колькасць рэзюмэ ў параўнанні з 2014 годам павялічылася на 43%.

А што за прапановы ёсць на рынку? Абсалютная большасць прапаноў прадугледжвае заробак, далёкі ад афіцыйных лічбаў. У рэгіёнах знайсці працу ад 6 мільёнаў яшчэ складаней. Калі ў сталіцы такіх вакансій некалькі тысяч, то ў абласных цэнтрах — толькі 200—300.

Праграміст + маркетолаг

Найбольшыя грошы абяцаюць кіраўнікам, якія валодаюць глыбокімі ведамі і шырокімі сувязямі, і праграмістам. Прычым самыя высокаплачваныя пасады цяпер тыя, дзе трэба валодаць адначасова, напрыклад, ведамі камп’ютарнага інжынера і маркетолага. Напрыклад, кіраўнік аддзела маркетынгу ў кампаніі, якая распрацоўвае мабільныя дадаткі, можа разлічваць на $3—5 тысяч. Старшаму распрацоўшчыку тут (гэта ўжо проста праграміст) абяцаюць $2—4 тысячы.

Дырэктар + літоўская мова

Неблагія грошы прапануюць і кіраўнікам у іншых сферах. Праўда, часцей за ўсё гэта кампаніі, якія працуюць з замежнікамі. Так, дырэктар будаўнічай кампаніі можа разлічваць на $2,5 тысячы — але тут умова: трэба ведаць літоўскую і англійскую мовы.

Інжынер + украінская мова

$2,5 тысячы даюць і інжынеру-механіку, які свабодна валодае польскай і мае досвед у польскім абсталяванні па вытворчасці паперы і шпалераў. Што цікава, усё часцей на рынку можна знайсці вакансіі, дзе патрабуецца веданне не толькі англійскай, але і яшчэ адной мовы, звычайна рэдкай.

Скажам, арабскай ці кітайскай. Вось вакансіі інжынера і менеджара па продажах з веданнем англійскай і ўкраінскай у кампаніі, што экспартуе беларускія тавары.

Са сваім грузавіком

Да 2000 еўра прапануюць кіроўцу-міжнародніку, калі ты маеш уласную фуру. Ад 10 да 20 мільёнаў абяцаюць кіроўцам таксі, прычым вакансій шмат. Але тут трэба мець сваю машыну і вялікі расход ідзе на яе абслугоўванне.

Дактары патрабуюцца скрозь

На заробак да $2 тысяч могуць разлічваць дактары ў прыватных медцэнтрах (у дзяржаўных паліклініках прапануюць 5—10 мільёнаў рублёў). Вакансій дактароў у дзяржпаліклініках — сотні, як і медсёстраў. Настаўнік у звычайнай мінскай школе — 4 мільёны. Будаўнік — 5—10 мільёнаў (прычым некаторыя адразу пазначаюць: «алкаголікаў просім нас не турбаваць»).

Артыст балета на 3 мільёны

Хапае прапаноў і для творчых людзей. Праўда, заробкі абяцаюць зусім не высокія. Напрыклад, артыст балета ў ансамблі песні і танца Узброеных Сіл ці ў Дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры зможа атрымаць толькі 3 мільёны. Артыст драмы ў Дзяржаўным моладзевым тэатры — увогуле 2,5 мільёна (дарэчы, прыкладна столькі ж прапануюць дворнікам). Праўда, артысты могуць паралельна працаваць недзе яшчэ.

Патрабуецца дрэсіроўшчык

Большыя — але не вялікія — заробкі ў Белдзяржцырку. Артыст- вершнік можа разлічваць на 5 мільёнаў, акрабат — настолькі ж. Таксама прыватная кампанія шукае артыста-дрэсіроўшчыка драпежных звяроў на заробак 6,5 мільёна, працаваць давядзецца з марскімі жывёламі.

Абяцаны заробак Колькасць вакансій
2—4 мільёны 14 500
4—6 мільёнаў 12 000
6—10 мільёнаў 7 300
10—15 мільёнаў 2 800
15—20 мільёнаў 1 200
Больш за 20 мільёнаў 700
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?