Гэтую гісторыю я пачуў мімаходзь у сваім дзяцінстве. Памятаю, што дарослыя акурат размаўлялі пра сваё, а я прыбег, каб нешта схапіць са стала ды ляцець далей па сваіх дзіцячых справах. Усе неяк прыціхлі ды слухалі нашую куму Ядзю — мажную, але добрую жанчыну. Мне ўдалося сцягнуць сыр ды кілбасу з талеркі, але я не адышоў, застаўся, каб таксама паслухаць

— Мне трэба было ў школу ісці ў першы клас, — расказвала кума Ядзя, і нейкая невымоўная шчырасць ішла з ейных словаў, што амаль змушала стаяць ды слухаць. — А тады пачатковая школа была ў Маствілішках. І мама надта хацела, каб я перад школай паспавядалася. А нідзе ж ксяндзоў не было, бо гэта, можа, якія 60-я гады яшчэ былі. Загадала мама, каб бацька запрог каня ў драбіны, і мы паехалі ўсе разам у Вішнева, бо там на ўсю ваколіцу ці не адзін ксёндз быў, да якога бальшавікі не дабраліся. Выехалі мы самай раніцай, яшчэ цёмна было, бо не так і блізка — з-пад самай Ашмяны аж у Вішнева. Я, малая, дык і задрамала ў возе. Прыехалі ў касцёл, а там цёмна, пуста, нікога няма, адзін той ксёндз у спавядніцы сядзіць і нешта чытае. Мама мяне завяла да яго.

«Ойчанька»,— усё да яго гаварыла, а як адыходзіла, то руку пацалавала. І я ўжо мусіла спавядацца, але баюся, неяк страшна зрабілася — холадна, гулка ў тым касцёле. А ксёндз будзе ў мяне пытацца: «А ці ўмееш ты маліцца?» Я зусім яшчэ малая была, але мама мяне была навучыўшы пацеры па-польску гаварыць. Я і кажу ксяндзу, што ўмею. Тады ён просіць, каб я памалілася. Я і кажу гэтак, як ад мамы ведала: «Здровась, Марыё, ласкі пэлна…» А ксёндз будзе пытацца: «А што такое «Здровась, Марыё?» Адкуль жа я, дзіцё, магла ведаць. От, на памяць пацеры была вывучыўшы, а ніхто мне не тлумачыў, што там яны значаць. Я давай тады плакаць, вядома, з вёскі прыехаўшы, цёмная бутэлька, і тых ксяндзоў ніколі не бачыўшы. А ксёндз будзе казаць: «Здровась, Марыё» — гэта «Здароў, Марыя». Гэта быў да Марыі анёл прыйшоўшы і як у хату ўвайшоў, то гэтак да яе і сказаў: «Здароў, Марыя, народзіш Сына Божага». І пытаецца ксёндз у мяне: «А як ваш сусед ці суседка гавораць, як тваіх бацькоў спаткаюць на дарозе ці як у хату прыйдуць? Ці не здароў?» — «Здароў», — я ўжо яму адказваю і галавой ківаю. От, і ўся споведзь была.

Ужо як дахаты ехалі, то я сабе думала: каб гэта да каго ў Маствілішкі анёл прыйшоў, то яго б, пэўна, да стала пасадзілі. Ён жа, мусіць, мачанку з блінамі еў бы, галубцы, бульбу тоўчаную. Ды і павінен жа анёл умець па-нашаму: «Здароў, Ядзя. Што чуваць у цябе? Ці ўсё добра?»

Кумы Ядзі ўжо даўно няма, але гэты ейны расповед мне надоўга запомніўся. Толькі пазней я даведаўся, што той вішнеўскі ксёндз— гэта Уладзіслаў Чарняўскі, бадай, адзіны святар, які яшчэ пры Савецкім Саюзе маліўся па-беларуску. Гэтымі днямі ў Вішневе адчынілі музей у ягоны гонар, а мне ўсё з галавы не ідзе той анёл, пра якога расказвала нашая кума. І я ўжо сам, як некалі малая дзяўчынка з Маствілішак, уяўляю анёла з вялікімі крыламі. «Здароў, што чуваць у цябе?»— пытае анёл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?