1

Гэтая гісторыя пачалася вельмі даўно, калі я быў яшчэ неўміручы. Зрэшты, як і ўсе навокал: сябры, бацькі, настаўнікі. Калі смерць існавала, то — недзе на іншай планеце.

2

Успамін надзвычай выразны і востры — шматколерны, з жывымі гукамі і пахамі.

Я прачынаюся — нібыта вынырваю з утульнай зялёнае глыбіні — і не магу ўцяміць, чаму я, цалкам апрануты, сяджу на лавачцы ў нашым двары. Навокал цёплая травеньская ноч і — неверагодная цішыня, што пахне расквітнелым белым бэзам. Мама трасе мяне за плечы, ейныя вусны варушацца, ды я нічога не чую, усё адбываецца, як у нямым кіно. I раптам, быццам з вушэй выліваецца вада, пакрысе вяртаецца слых. У зарасніку бэзу шамаціць ветрык, здалёк азываецца цягнік…

У цішыню ўрываецца мамін голас. Сынок, сыночак, куды ты сабраўся? — скрозь слёзы паўтарае мама. Яна ўжо не трасе мяне, а гладзіць па галаве. Мама ў сваім улюбёным бэзавым швэдры. Побач у сіняй начной піжаме — тата.

Мяне вядуць за руку дадому. Я сам распранаюся і кладуся ў ложак. Тата перацягвае з бацькоўскае спальні раскладны зялёны фатэль, на якім сцеле сабе пасцель мама. Яна больш не плача і не пытаецца, куды я сабраўся, але, каб і пыталася, гэта не мела б ніякага сэнсу. Я нікуды не збіраўся і ані не разумею, як выйшаў з кватэры і апынуўся на лавачцы. Аднак мне зусім нястрашна. Начное здарэнне нагадвае казку з зачараванымі героямі, што могуць знячэўку заснуць і расплюшчыць вочы праз цэлы год або легчы ў ложак у беднай хаціне, каб ачуцца раніцой у каралеўскім палацы.

Хтосьці ўва мне не пагаджаецца: верыць у казкі шасцікласніку пазнавата. Пад падушкаю ляжаць амаль дачытаныя «Марсіянскія хронікі» Рэя Брэдберы, і я ўсцешана параўноўваю сябе з таямнічым хлопчыкам, які ўначы стукаецца ў дзверы зямных каланістаў.

У вокны просіцца світанак. Ківач старадаўняга насценнага гадзінніка адлічвае апошнія хвіліны перад пятай гадзінаю. Нават не адлічвае, а асцярожна адразае іх двума круглымі лёзамі ад невідочнай крышталёвай прасторы часу, і яны, хвіліны, падаюць на паркет з ціхуткім меладычным звонам, што здольны пачуць адно я.

6

Патрэбны цяжкі жоўты том «Дзіцячай энцыклапедыі» называўся «Чалавек». Такіх сур’ёзных кніг у школьнай бібліятэцы дадому не выдавалі, аднак мне, як заслужанаму чытачу, зрабілі да заўтрашняй раніцы выключэнне.

…Раздзел, прысвечаны сну, разгарнуўся акурат на малюнку, які ўмомант заваражыў.

Па гзымсе старадаўняга трохпавярховага будынка на чорным тле ночы спакойна ішоў мужчына ў паліто і цыліндры, а ўнізе, на вузкай брукаванцы, панаваў пярэпалах: пасажыры двух экіпажаў разам з мінакамі, закінуўшы галовы, у жаху сачылі за лунацікам. Пра тое, што гэта быў менавіта ён, сведчыў подпіс: «лунацік не ўсведамляе небяспекі і таму не адчувае страху перад вышынёй».

На той жа старонцы я праглынуў некалькі дзясяткаў радкоў, якія апавядалі, што лунацізм — рэдкае парушэнне сну, калі чалавек, не прачынаючыся, устае з пасцелі, блукае па доме або падымаецца на дах і дэманструе неверагодны спрыт у рухах.

Пасля гэтага ён вяртаецца ў ложак і ўранні нічога не памятае. Насуперак пашыранаму меркаванню, таямнічы ўплыў месяца тут ні пры чым, бо лунацікі выходзяць на прагулянкі і ў бязмесяцавыя ночы, і падчас дзённага сну, а таму ў навуцы апісаная з’ява называецца самнамбулізмам. Энцыклапедыя раіла ні ў якім разе не палохаць лунаціка, не будзіць яго, а пастарацца асцярожна адвесці назад у ложак. Бацькі таго, відавочна, не ведалі, але доктар іх, пэўна, ужо адукаваў.

Я адарваўся ад кнігі і перавёў дыханне. За вакном апусціўся вечар, і на небе заззяла зорка Венера. Заставалася даведацца, што начныя блуканні залежаць ад успышак узбуджэння ў асобных частках заснулага мозгу і могуць быць прыкметаю развіцця эпілепсіі. Вось тая хвароба на «э», пра якую пытаўся доктар!

Што такое эпілепсія, наш клас добра ведаў дзякуючы рыжаму Яшу, якога гэтая хвароба схапіла сёлета на кантрольнай па алгебры. Уявіць сябе на ягоным месцы ані не хацелася, а таму я з велізарнай палёгкаю прачытаў: самнамбулізм паддаецца лекаванню! Успамін пра Яшаў прыпадак не даваў спакою, і на дадатак да блакітных пігулак я на хаду вынайшаў новы сродак лекавання: перад сном буду прывязваць вяровачкай левую руку да білца ложка.

На сон я пачытаў і пра летаргію. Знакаміты расейскі фізіёлаг Паўлаў назіраў хворага, што праспаў дваццаць гадоў. На малюнку дзяўчына, якую везлі на катафалку ў труне, уздымала ейнае вечка, разганяючы пахавальную працэсію. Энцыклапедыя суцяшала, што сучасная навука такія выпадкі выключае. Яшчэ больш супакоіла і нават развесяліла фраза з артыкула пра сны: чалавек усю ноч праспаў, а ўранні распавядае, як кагадзе хадзіў на паляванне з людзьмі свайго племені. Хацелася б мне прысніць маё племя.

11

Мы ішлі па адным і ніколі не сустракаліся, бо кожны меў свой маршрут, ды часам, ужо на закінутай дарозе да Гатэля, я мог знячэўку ўбачыць наперадзе невысокую, вузкаплечую і трохі нехлямяжую постаць Настаўніка, які рухаўся, здавалася, нейкімі рыўкамі — то павольна, то паскараючы крок. За ім, крыху воддаль, нязменна ішла Гімнастка. Маленькая, танклявая, але налітая сілай, яна, наадварот, крочыла рытмічна і лёгка, так, быццам пад ступачкамі ў яе былі схаваныя спружынкі, што падкідвалі цела над зямлёй. Юная зорка спартыўнай гімнастыкі, як называла яе гарадская газета, вучылася ў восьмым класе суседняй школы. Я запамятаваў, дый не хацеў узгадваць ейнага імя, бо яно магло парушыць загадкавы баланс таго, што з намі адбывалася.

Наогул, у тыя імгненні не думалася ні пра яе зорнасць, ні пра нехлямяжасць Настаўніка. Мяне апаноўвала невыказная радасць: я — не самотны, мы ідзём, мы — разам, мы падымемся па прыступках і выйдзем на дах, дзе сустрэнем астатніх. Магчыма, азірнуўшыся, я мог бы ўбачыць яшчэ кагосьці з нашага маленькага брацтва, аднак ніколі не рабіў гэтага: хапала і той радасці, што перадавала сваю вібрацыю кожнай часцінцы маёй істоты.

Мы збіраліся ў розным парадку, але Залацістая і Котка кожнага разу ўжо былі там. Яны ж і заставаліся апошнімі — нібыта й жылі на даху або недзе ў нетрах Гатэля, хоць такая версія мне не надта падабалася. Залацістая зазвычай сядзела на краі люка, у які звісалі яе босыя ногі, а Котка вітала нас, збягаючы насустрач па прыступках да шостага паверха, затым паважна, быццам паказваючы дарогу, ішла наперадзе да лесвіцы ў неба, перад якою прасілася на рукі, каб цёплым вуркатлівым камячком аддана прытуліцца да грудзей. Найпазней з’яўлялася Кіяскёрка — як неўзабаве стала вядома, яна ішла з няблізкага Зарэчча.

3 прыходам кожнага пачуццё еднасці мацнела. Заўсёды шчаслівыя адно ідыёты, але ж чалавеку выпадаюць шчаслівыя хвіліны, гадзіны, дні. Той час на даху ўкрай поўніўся шчасцем…

13

Мы пачыналі разам з музыкай. Спярша ў паветры тонка-тонка звінела невідочная страла, і з гэтым гукам дзесьці ўзлятала рука дырыжора. Музыка была нячутнай вуху, аднак запаўняла сабой усю прастору і цалкам брала ў сваю ўладу. Мелодыі нябесных сфераў… Вызначэнне мне не надта даспадобы, але лепшага знайсці не ўдалося. У маім уяўленні для нас гучалі санаты: імклівыя алегра, задуменна-павольныя андантэ, імпэтныя кантрастныя скерца…

Наш танец немагчыма дакладна апісаць, бо кожны аддаваўся яму па-свойму, ды існавала і тое, што яднала: тут не было старэйшых і малодшых, галоўных і тых, хто мусіў слухацца. Усе — роўныя, і гэта давала непараўнанае пачуццё лёгкасці і свабоды.

Спачатку мы рухаліся маленькім колам у адзін бок, потым, не згаворваючыся, паварочвалі ў іншы. Кола то пашыралася, то, наадварот, сціскалася так, што мы судакраналіся плячыма і рукамі. Кожны такі дотык быў неверагодна прыемны, нагадваючы адчуванне, калі я, малы, кранаў ручкаю маму. Праз нейкі час надыходзіла імгненне, калі мяне і — упэўнены — усіх астатніх працінала пачуццё вусцішнай самоты. Тады мы без усякае каманды бралі адзін аднаго за рукі, і Котка зноў выходзіла ў сярэдзіну.

Раз і назаўсёды зацверджанага парадку ў коле не існавала, мы мяняліся месцамі, і таму я памятаю рукі ўсіх танцораў. Маленькая і цёплая рука Гімнасткі здзіўляла моцнымі кароткімі пальчыкамі, якія я мог асцярожна перабіраць, адчуваючы, як яны адгукаюцца лёгенькім паколваннем нябачных іголачак. Здаралася, мае ногі сустракаліся з ейнымі такімі ж маленькімі цёплымі ступакамі. Рукі Настаўніка таксама былі цёплыя і моцныя, аднак вялікія ды шурпатыя, а яшчэ — знаёмыя з дзённага жыцця, бо ён, спаткаўшы вучняў у школе або нават у горадзе, шторазу вітаўся за руку. Залацістая мела рукі надзіва далікатныя і амаль няўлоўныя, з ядвабнымі падушачкамі на пальцах, вакол якіх віхурыўся ветрык. Кіяскёрка ўражвала шорсткімі рукамі з мазалямі, відаць, не толькі гандлявала газетамі і часопісамі, але, думалася мне, часам садзіла памідоры і кветкі. Ейныя выцягнутыя далоні з доўгімі пальцамі неслі камфортны халадок і любілі злёгку сціскаць чужую руку, прынамсі, маю, ад чаго па ўсім целе разлівалася гарачыня. Тое самае дзеялася, калі ногі сутыкаліся з сухімі лодачкамі яе ступакоў.

29

Не пакідаючы родных мясцін, мы жылі ўжо ў іншай краіне, што сталася здзяйсненнем колішніх самых смелых мараў. Я выкладаў у роднай альма-матэр, шмат друкаваўся, вёў гістарычную тэлеперадачу, мяне пачыналі пазнаваць на вуліцы.

Касцёл у нашым горадзе, дзе я пасля мамінай смерці бываў адно ў камандзіроўках, адрэстаўравалі і перадалі вернікам. Да святых на франтоне вярнуліся рукі, а за касцельнай брамай з’явілася масянжовая Дзева Марыя.

Гатэль сапраўды стаўся трохзоркавым гатэлем «Ветразь» з базаю для падрыхтоўкі весляроў і яхтсменаў. Там, дзе гаспадарыў бур’ян і цвілі лугавыя краскі, разлеглася аўтастаянка. Усё гэта яшчэ больш аддаляла падзеі даўніх вясны і лета, што зрэдку нагадвалі пра сябе лёгкім, быццам блакітны дымок цыгарэты, успамінам з жыцця, якое нібыта і не было тваім.

Аднаго разу, атрымаўшы запрашэнне на канферэнцыю ў новым універсітэце, які адчынілі на прыдзвінскай вуліцы ў карпусах колішняй езуіцкай акадэміі, я злавіў сябе на думцы: хацеў бы спыніцца ў «Ветразі», прычым на пятым паверсе, каб нарэшце высветліць, што там знаходзіцца, і ўначы паспрабаваць падняцца на шосты і вышэй. Аднак якраз у дні канферэнцыі гатэль цалкам займалі ўдзельнікі міжнародных спаборніцтваў, і я, нечакана адчуўшы палёгку, адклаў свае планы на будучыню.

Між тым, праз год мяне не запрасілі. Будучыня краіны зрабілася няпэўнай. У вялікай кампаніі калегаў я з белым білетам пазбавіўся працы. Некаторыя калегі з’ехалі — хто за акіян, хто крыху бліжэй. Я застаўся і зарабляў на жыццё гістарычнымі кнігамі, што выходзілі ў ацалелых прыватных выдавецтвах або за мяжой.

Ды гэта ўжо іншыя сюжэты, тэмы для іншых расповядаў. Ёсць гісторыя краіны, гісторыя роду і сям’і, а ёсць твая асабістая гісторыя, і перад вечнасцю нельга сказаць, што першая з гэтых гісторый, прынамсі для цябе самога, важнейшая за апошнюю. Гісторыя краіны, як і твайго роду, будзе доўжыцца і пасля цябе, а твая ўласная скончыцца са з’яўленнем даты, напісанай на помніку ўслед за працяжнікам. I найперш — гісторыя тваёй таямніцы.

Але лёсу было заўгодна, каб яна працягвалася, і за тое я да апошняга танца буду ўдзячны Паэту.

31

У адзін з позніх жнівеньскіх вечароў, а дакладней, у вечар таго дня, калі мама даўным-даўно ўпершыню пачула мой голас, я, паводле даўняе завядзёнкі, сядзеў пры пісьмовым стале. За вакном, у шатах старой ліпы, раскашавала поўня: кунежылася ў яшчэ не кранутай золатам лістоце, вызірала з-за галінаў і зноў хавалася ў густой цёмна-зялёнай мярэжы.

Жонка і сыны паехалі ў адпачынак, і цішыня кватэры злівалася праз адчыненае вакно з цёплай вусцішшу нашага тады амаль загараднага зацішнага двара. Мае думкі выплывалі ў вакно насустрач поўні, а душа набрыньвала чаканнем. Відаць, кожнаму знаёмае такое адчуванне: вось зараз, няхай не праз імгненне, але не заўтра, а менавіта ў гэты прамежак часу, асаблівасць якога ты фізічна і метафізічна адчуваеш, павінна здарыцца штосьці важнае для цябе.

Пад вокнамі спынілася машына. Ляпнулі дзверы пад’езда — да кодавых замкоў і дамафонаў было яшчэ далекавата, — і праз хвіліну нехта далікатна крануў гузік майго званка.

На парозе стаялі Паэт і карузлік. Паэт выглядаў прывідам самога сябе — прыцьмелыя вочы, рэдкія ўскудлачаныя валасы, трохдзённае шчацінне на бледным твары, нясвежая кашуля — аднак ён ствараў геніяльныя вершы, і астатняе было неістотным. Карузлік, наадварот, выдаваў франтам — ахайная фрызура, адпрасаваны брунатны гарнітурчык, пах добрай парфумы. Ён цырымонна пакланіўся: Вы дазволіце разлічыцца з таксістам? Я зразумеў: Колькі?

Пакуль карузлік спускаўся і вяртаўся, Паэт камечыў мяне ў абдымках. Ягоны кампаньён зухавата ляснуў абцасамі і заявіў, што далучаецца да віншаванняў. Але дзе шумная застоліца, у якую шафу схаваліся вакханкі? Я развёў рукамі. Нягледзячы на гэтую клаўнаду, не пакідала адчуванне важнасці перажыванага моманту.

Дзівосным чынам, як трусік з капелюша, у руках карузліка з нічога ўзнік мініяцюрны нататнік, якім па-гаспадарску завалодаў Паэт. Ён страпянуўся, зрабіўся сур’ёзным і, разгарнуўшы патрэбную староначку, абвясціў: «Поўня»!

Верш зайшоў у памяць адразу і назаўсёды застаўся ў ёй:

Жыве над кронай дрэва поўня,
начуе ў кроне дрэва птах,
ўглядаюцца сляпыя корні
ў зямную існасць па начах:

вось птах азваўся, як дзіцёнак,
вось знічка цемру апякла —
нібы з рукі упаў пярсцёнак,
калі забылася рука.

Жыве над кронай дрэва поўня,
святлом уросшы у зямлю
там, дзе яна пусціла корні,
і я зямную мудрасць п’ю.

Брава! Брава! — галёкаў, падскокваючы ледзь не на вышыню свайго росту, карузлік, а я, не зводзячы вачэй з поўні, што канчаткова вылузалася з ліпавых галінаў, прыгаломшана маўчаў. Цяжка было зразумець, ці то Паэт звярнуў увагу на сённяшні небасхіл і падрыхтаваў выступ дома, ці напісаў верш ужо ў таксоўцы пад дыктоўку натхнення, ці то яшчэ раней неспасцігальным чынам дакрануўся да маёй таямніцы… Аднак верш прагучаў і зрушыў з месца каменьчык, які пагражаў ператварыцца ў лавіну. Ганарар для маэстра! — абвясціў наступны нумар карузлік і, зірнуўшы на гадзіннік, будзённа ўдакладніў: — Пасля поўначы прымаем натурай.

Мае запасы выявіліся надзвычай сціплымі: хлеб, кавалак вяндліны ды пляшка падараванага нямецкім калегам шнапсу. У лядоўні знайшлася і амаль поўная пластыкавая бутэлька кетчупу. Агульнымі намаганнямі стол сервіравалі вельмі хутка.

Паэт скруціў з кетчупу накрыўку і пачаў піць яго, робячы вялікія прагныя каўткі. Бутэлька хутка апусцела. Карузлік, што ўважліва сачыў за падзеямі, зноў закрычаў: Брава! Паэт узяўся запіваць кетчуп шнапсам. Калі ён адолеў палову пляшкі, карузлік элегантна перахапіў яе і перакуліў рэшту ў сябе.

Адмовіўшыся ад закускі, госці папрасілі адвесці іх на стаянку таксі. Карузлік не забыўся ветліва пацікавіцца, ці дазволю я ім і цяпер разлічыцца. Перад стаянкай ён узяў нас за рукі і, прарэзліва крыкнуўшы: Грамадзяне, прапусцім з дзіцёнкам! — бадзёра рушыў у пачатак чаргі.

Праз некалькі тыдняў Паэта знайшлі дома нежывым. Паводле адной з версіяў, ён страшэнна сумаваў па карузліку, які наняўся на кіназдымкі і кудысьці з’ехаў. Часам мне ўяўляецца, што насамрэч Паэт не памёр, а, ператварыўшыся ў зусім маленечкага карузліка, ціха жыве там, у вуллі, дзе калісьці заначаваў, і трутні сапраўды казычуць яму пяткі.

36

Я ўсвядоміў сябе на лесвіцы паміж чацвёртым і пятым паверхамі. Адрозна ад Гатэля, нічога невытлумачальнага тут не прычынілася, і люк выпусціў мяне з пятага паверха на бязлюдны дах. Чародка сонных ластавак знялася з бліжэйшых антэнаў і адляцела далей.

Адно цяпер я заўважыў, што на нагах няма абутку. Дах ужо дыхаў восеньскім халадком, ды на другім коле ступакі сагрэліся і пакідалі руберойду цёплыя сляды. Ноч была зорнай, але бязмесяцавай, і зарэчная вёска адступіла ў цемрыва. Праз колькі кругоў я апусціў павекі і даволі доўга, час ад часу мяняючы накірунак, рухаўся наўслеп. Потым, не спыняючыся, агледзеўся. Са стрэшак калодзежаў на чужаніцу ўражана і са шкадаваннем пазіралі ластаўкі. Але, наразаючы кола за колам, я не губляў надзеі. I тады, калі падступілася паняверка, паветра ледзь улоўна затрымцела і ачулася ціхуткая песня выпушчанай аднекуль стралы…

Цяпер я нарэшце не проста рухаўся, а — танчыў і ў нейкую хвілю адчуў: трэба зноў замружыцца і развесці рукі. Дакладней, не адчуў — пра гэта паведамілі ластаўкі, што наогул пакінулі дах з лёгкім ветрыкам, які не знік разам з іхнім адлётам. Яшчэ тры колы, сказаў я сабе, яшчэ тры…

I тут — здзейснілася! Кончыкі пальцаў адчулі лёгкае паколванне невідочных танюткіх іголачак. Ад разгубленасці, баючыся падману пачуццяў, я спачатку запаволіў тэмп, потым паскорыў яго, але іголачкі не знікалі, і ў маёй правай руцэ… У маёй правай руцэ з’явіліся кароткія, гладкія й цёплыя пальчыкі, што нельга было зблытаць ні з якімі іншымі. Я трошкі сціснуў іх, і яны выразна азваліся. Тым часам левая рука радасна страпянулася, сустрэўшы незабытую шурпатую руку Настаўніка. Я чакаў, каб аб ногі пацёрлася Котка, ды нашая чацвераногая танцорка не адгукалася.

Мы танчылі ўтраіх, затым я — так, як некалі даўно, на Гатэлі, калі мы мяняліся месцамі — па-ранейшаму з заплюшчанымі вачыма асцярожна вызваліў рукі, зрабіў крок наперад і развярнуўся. Мае раскрыленыя рукі чакалі дзвюх новых сустрэч, аднак дзівосы скончыліся. Нас заставалася трое: рука Настаўніка шурпаціла маю правую руку, а ручка Гімнасткі лашчыла левую.

Надышоў момант, у які музыка калісьці загадвала нам у танцы абняцца за плечы, але я баяўся адпускаць іхнія рукі, каб не страціць тое вернутае адчуванне суладнасці, і мы танчылі да пошуму ластаўчыных крылаў, які абвясціў, што ўсё сканчваецца. Спачатку прысутнасць дарагіх мне рук пачала слабець і ператварылася ў лёгкі эфірны дотык, які, у сваю чаргу, стаўся паколваннем у кончыках пальцаў. Не чакаючы, пакуль ён знікне, я спыніўся і ўзняў рукі ў неба.

40

Настаўнік загінуў падчас восеньскага расстрэлу дэманстрацыі, што пасля выбараў павярнула з праспекта да прэзідэнцкага палаца. Ён трапіў у лік забітых снайперамі, якія стралялі па першых шэрагах. Вінтоўкі былі з глушыльнікамі, і напачатку ніхто на зразумеў, што адбываецца: людзі падаюць, а стрэлаў не чуваць. Потым мы кінуліся бегчы, і ў цісканіне смерць сустрэлі яшчэ трое дэманстрантаў.

Замежныя тэлеканалы буйным планам паказалі твары ўсіх застрэленых снайперамі: дзесяці мужчынаў і трох дзяўчат-сябровак. Памыліцца я не мог: светлы, крыху здзіўлены твар з сівізною, якая толькі падкрэслівала пляму ад пацалунка зоркі. Побач з ёю і ўвайшла куля.

Я выкадраваў і павялічыў ягонае аблічча з выпускнога школьнага здымка, і цяпер Настаўнік пазірае на мяне з кніжнай паліцы. Сталася так, што з-за фота выглядае карэньчык «Марсіянскіх хронік».

Мы з Настаўнікам ведаем: іншая форма душы не ратуе ад смерці, а, наадварот, прыцягвае яе.

42

Мая таямніца дагэтуль са мною.

3 надыходам траўня душа ўжо прадчувае набліжэнне начэй, калі мае босыя ногі адчуюць шурпатую, як рука Настаўніка, паверхню даха, і я аддамся рытму танца, і знаёмыя ластаўкі, а з імі і ўсе зямныя гукі аціхнуць, і тады я заплюшчу вочы і раскіну рукі…

Я танчу ў промнях месяцавага святла, калі поўня ўрастае ў зямлю сваімі каранямі, і ў зорныя ночы, што сумуюць без месяца або адпачываюць ад яго. Танчу ў памяць пра юнацтва, пра нашае брацтва, якое будзе жыць, пакуль танчыць хоць адзін з нас.

Танчу ў памяць пра кожнага.

* * *

Цалкам аповесць Уладзіміра Арлова «Танцы над горадам» надрукаваная ў часопісе «Дзеяслоў» №6 (79) 2015.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0