У Мінску на «Арт-Сядзібе» распачаўся адзінаццаты сезон асветніцкіх лідарскіх курсаў Дыджэяў Адраджэння. Каля 30 чалавек прайшлі пачатковы тэст на «Беларускі IQ». 

Вядзе курсы сустаршыня БХД Павел Севярынец.

- Зараз беларускаму руху востра неабходныя добра падрыхтаваныя лідары. Беларускасць мусіць быць моцнай, эфектыўнай, паспяховай. На гэтых курсах мы якраз і кшталтуем грамадскіх арганізатараў, знаёмім іх з асновамі нацыянальнай ідэі і псіхалогіі, вучым арганізоўваць акцыі, праводзіць кампаніі, працаваць з інфармацыяй, сацсеткамі, радыё, тэлевізіяй, - кажа Павел Севярынец. 

Адметнасць сёлетніх курсаў у тым, што, акрамя 12 лідараў-дыджэяў, тут будуць рыхтаваць дадаткова і 10 мэнэджараў беларускага руху, пройдзе конкурс беларускіх відэакліпаў і спаборніцтва ў беларускім караоке, а таксама фінальны летнік на Паазер’і. Кожны ўдзельнік курсаў мае свой асабісты рэйтынг і мае прайсці шэраг выпрабаванняў: правесці віктарыну ў школе, арганізаваць грамадскую акцыю з розгаласам у СМІ, зладзіць беларускую імпрэзу ў глухім кутку краіны.

Асноўны кантынгент навучэнцаў на Курсах сёлета – студэнцкая і працоўная моладзь.

Наступны занятак на курсах – у аўторак, 18.00 на «Арт-Сядзібе», ягоная тэма – «Наша краіна, наш час, наш рух». Уваход вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0