Аляксандр Лукашэнка, выступаючы сёння на калегіі МУС па выніках працы органаў унутраных спраў за 2015, папярэдзіў міліцыю аб недапушчальнасці празмернага кантролю прадпрымальнікаў.

«Нам патрэбны кантроль, але гэты кантроль не павінен быць празмерным», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што праверкі павінны весціся толькі пры наяўнасці аператыўнай інфармацыі. «І гэта ўсё пад кантролем. І мы праверым, на якой падставе», - адзначыў ён.

«Трэба памятаць адно: нікога не трэба «ціснуць і цкаваць», - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — У вас павінен быць факт, хоць бы адзін, для таго каб прыйсці і яго праверыць».

Ён адзначыў, што гэта не з'яўляецца тэндэнцыяй у міліцыі, аднак падобныя факты маюцца.

«Бязлітасна будзем высякаць гэта. Мы павінны быць справядлівымі. Мы цвёрда будзем ставіцца да правапарушальнікаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але калі будзеце «ціснуць» незаконна, выпрацоўваючы схемы ў плане канкуруючых нейкіх структур, кагосьці «ціснуць», а кагосьці падтрымліваць, літасці ад мяне не чакайце».

Пры гэтым ён дадаў, што ў першым квартале мае намер запрасіць на нараду прадстаўнікоў эканамічнага блока, асобных кіраўнікоў прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў, каб прадставіць ім факты сілавых структур аб выяўленых эканамічных злачынствах і тым самым спыніць размовы на тэму забароны праверак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?