У Гомельскай вобласці адзначаецца сезонны рост захворвання на ВРІ, характэрны для гэтага перыяду года, зафіксаваныя таксама выпадкі грыпу H1N1. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года захворванне на ВРІ ніжэйшае на 18%.

Як паведамляе Гомельскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, сярод хворых пераважаюць дзеці — 68%. У кантрольных гарадах вобласці (Гомель, Мазыр, Рэчыца) захворванне на ВРІ не перавышае разліковыя ўзроўні, устаноўленыя Мiнiстэрствам аховы здароўя.

Па выніках малекулярна-біялагічных і сералагічных даследаванняў устаноўлена, што пераважна цыркулююць негрыпозныя рэспіраторныя вірусы: адэнавірусы, рэспіраторна-сінтыцыяльны вірус, парагрып, на фоне якіх рэгіструюцца спарадычныя выпадкі грыпу А(H1N1 pdm) і В, характэрныя для гэтага перыяду года.

Эпідэміялагічная сітуацыя па захворванні на вострыя рэспіраторныя інфекцыі знаходзіцца на пастаянным кантролі санітарна-эпідэміялагічнай службы вобласці і ўпраўлення аховы здароўя, адзначае Гомельскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

На 28 студзеня ў вобласці зарэгістравана сем выпадкаў грыпу H1N1, які называюць свіным, — у Гомелі, Добрушскім і Рагачоўскім раёнах.

Разам з тым, паводле непацверджаных звестак, на свіны грып хварэлі некаторыя жыхары Акцябрскага раёна. У раённым цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя абвяргаюць гэтую інфармацыю, як і паведамленні пра смерць пацыентаў ад віруснай пнеўманіі.

Жыхар Акцябрскага Мікалай зараз знаходзіцца ў Гомельскай абласной туберкулёзнай бальніцы з двухбаковым запаленнем лёгкіх. «Мне казалі, што ў мяне свіны грып, а афіцыйна я не маю інфармацыі, папер я не бачыў. Пачыналася хвароба з высокай, больш за 39 градусаў, тэмпературы, якая не збівалася. Быў лёгкі сухі кашаль. Потым выявілі запаленне, трапіў у рэанімацыю, цяпер ужо перавялі ў звычайную палату», — заявіў пацыент.

У яго земляка, жыхара райцэнтра, грамадскага актывіста Андрэя Павука захварэлі дзеці. «У малодшай пнеўманія на пачатковай стадыі. У старэйшага высокая тэмпература была. Наколькі я ведаю, у раёне шмат людзей хварэе, у тым ліку на пнеўманію, прычым да рэанімацыі. Свіны грып у нас ці не, лекары не кажуць», — адзначыў актывіст.

У адміністрацыі раённай бальніцы сцвярджаюць, што ніхто ад вірусных пнеўманій у раёне не паміраў.

28 студзеня стала вядома, што гомельскія паліклінікі будуць працаваць па суботах і нядзелях з 29 студзеня па 29 лютага. Згодна з загадам упраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама, такая мера прынятая з мэтай забяспечыць даступнасць медыцынскай дапамогі ў перыяд сезоннага павышэння захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Гомельскія паліклінікі будуць працаваць па суботах з 8.00 да 18.00, па нядзелях — з 8.00 да 14.00. Таксама ў выхадныя дні можна будзе выклікаць доктара дамоў. У дзіцячых паліклініках выклікі будуць прымаць да 13.00 па суботах і да 12.00 па нядзелях. У дарослыя паліклінікі звярнуцца па дапамогу дома можна да 15.00 па суботах і да 12.00 па нядзелях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?