9 красавіка ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пададзена заяўка на правядзенне «Чарнобыльскага шляху — 2008».

Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні аргкамітэта па стварэнні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Акцыя адбудзецца ў Мінску 26 красавіка. Арганізатары прапануюць удзельнікам шэсця сабрацца ў 14.00 каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, потым прайсці па праспекце Незалежнасці да аднайменнай плошчы ў цэнтры сталіцы, дзе намечаны мітынг.

Удзельнікі «Чарнобыльскага шляху — 2008» збіраюцца пратэставаць супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС, рашэнне аб узвядзенні якой прынята без шырокага грамадскага абмеркавання, а таксама супраць адмены сацыяльных гарантый пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС.

Пад заяўкай у Мінгарвыканкам на правядзенне «Чарнобыльскага шляху» падпісаліся восем чалавек: лідэр аргкамітэта па стварэнні руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, адзін з лідэраў Беларускай партыі «Зялёныя» Алег Новікаў, намеснік старшыні Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч, старшыня грамадскага аб\’яднання «Саюз Чарнобыль‑Беларусь» (Кіеў, Украіна) Аляксандр Валчанін, старшыня камісіі па экалогіі і наступствах чарнобыльскай катастрофы Партыі БНФ Юрый Меляшкевіч, праваабаронца Уладзімір Лабковіч, адзін з лідэраў маладзёжнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» Міхаіл Пашкевіч, член Партыі камуністаў Беларускай Алег Шапавалаў.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0