Уладальнікі адзінага мясцовага рускамоўнага канала ў Латвіі ТВ5 прынялі рашэнне аб яго закрыцці з-за нерэнтабельнасці.

Як паведамляе ўладальнік ТВ5 — MTG TV Latvia, рынак рускамоўнага тэлевяшчання ў Латвіі вельмі насычаны, выдаткі на вытворчасць мясцовага прадукту вельмі высокія.

Каналу даводзілася канкураваць з рэтрансляванай з Расіі прадукцыяй, не атрымліваючы ніякай падтрымкі ад дзяржавы. Таму ТВ5 гадамі працаваў са стратамі, і з пачатку красавіка 2016 года спыніць вяшчанне.

«ТВ5 15 гадоў ствараў якасны інфармацыйны кантэнт, мы высока цэнім працу ўсяго калектыву ТВ5. Закрыццё канала — балючае рашэнне, аднак дзеля скарачэння страт гэта было неабходна», — кажа кіраўнік MTG TV Latvia Байба Зузэна.

ТВ5 уваходзіць у пяцёрку самых папулярных каналаў сярод рускамоўнай аўдыторыі Латвіі, саступаючы месца рэтрансляванай з Расіі прадукцыі (Першы канал, РТР, НТВ, РэнТВ).

ТВ5 з'яўляецца адзіным цалкам рускамоўным каналам мясцовай вытворчасці. Пры гэтым асобныя рускамоўныя блокі існуюць і на іншых каналах.

Латвійскія палітыкі не раз казалі пра неабходнасць развіваць мясцовае вяшчанне на рускай мове ў якасці процівагі не заўсёды якаснай інфармацыйнай прадукцыі, вырабленай у Расіі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?