Аргкамітэт па правядзенні кангрэса дэмакратычных сіл 29 студзеня заклікаў далучыцца да правядзення мерапрыемства тыя арганізацыі Беларусі, якія бачаць краіну «незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай».

«Эканамічная і палітычная сітуацыя ўнутры і вакол Беларусі вельмі небяспечная. Яна пагражае не толькі нашай незалежнасці, а ўвогуле існаванню краіны, нясе пагрозу не толькі дабрабыту, але і мірнаму жыццю нашых грамадзян», — гаворыцца ў распаўсюджаным сёння звароце.

На думку аргкамітэта, сёння «ні ад кіраўніка дзяржавы, ні ад яго ўрада няма прапаноў па выхадзе з эканамічнага крызісу, з палітычнага тупіка. Між тым узровень жыцця катастрафічна зніжаецца, пагроза знешняга ўмяшання расце. У такіх варунках прапанаваць грамадству шлях да выратавання краіны, узяць на сябе адказнасць за будучыню Беларусі мусіць дэмакратычная супольнасць», — падкрэсліваецца ў звароце.

«Час вымагае сумесных дзеянняў. Заклікаем усе партыі, рухі, арганізацыі, усіх грамадзян, якім баліць сэрца за Айчыну, якія бачаць будучую Беларусь незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай краінай, далучыцца да падрыхтоўкі і правядзення кангрэса дэмакратычных сіл!» — заяўляюць члены аргкамітэта.

Нагадаем, правядзенне кангрэса дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала 17 снежня група вядомых грамадскіх дзеячаў Беларусі. На наступны дзень Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі аб стварэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэса. Зараз апроч названых палітыкаў у склад аргкамітэта ўваходзяць Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.

30 студзеня ў Мінску адбудзецца пасяджэнне сойма Партыі БНФ, на якім плануецца разгледзець пытанне магчымага ўдзелу ў аргкамітэце па правядзенні кангрэса дэмакратычных сіл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?