Метэазалежным людзям не рэкамендуецца адпраўляцца ў далёкія паездкі ў бліжэйшыя дні з-за перападаў атмасфернага ціску, паведаміў намеснік дырэктара па лячэбнай працы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія» Аляксандр Булгак.

Паводле інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, у бліжэйшыя дні ў Беларусі будзе пераважаць паніжаны ўзровень атмасфернага ціску. «Сярэднегадавая норма для краіны — 741 мм. Зараз — 739 мм. На працягу бліжэйшых паловы сутак ціск будзе даволі інтэнсіўна падаць, а потым падрасце, аднак будзе заставацца ніжэй за норму», — сказалі ў цэнтры.

Да змен надвор'я больш за ўсё адчувальныя людзі, якія пакутуюць на розныя хранічныя захворванні, у прыватнасці сардэчна-сасудзістыя. Перапады атмасфернага ціску могуць пагаршаць іх стан, таму такім пацыентам у гэтыя дні трэба асабліва ўважліва паставіцца да свайго здароўя.

Аляксандр Булгак раіць без неабходнасці не падвяргаць сябе празмерным нагрузкам, не планаваць далёкіх падарожжаў. «Калі маюць намер адправіцца ў дарогу, пры сабе абавязкова трэба мець лекавыя прэпараты», - нагадвае медык. Пры гэтым не варта прымаць лекі для прафілактыкі, рабіць гэта трэба па меры неабходнасці, а вось вымяраць артэрыяльны ціск трэба па-за залежнасцю ад свайго самаадчування. Пры ўзнікненні боляў у вобласці сэрца, галаўнога болю, прыступаў стэнакардыі, цяжару за грудзінай рэкамендуецца звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?